Расея і Ўкраіна даюць надзвычай супярэчлівую інфармацыю аб сытуацыі ў горадзе. Свабода прааналізавала, што паведамляе кожны з бакоў.
Асаблівы рэжым перамяшчэньня
Горад пачалі патруляваць мабільныя групы, сфармаваныя з кадыраўцаў, на вуліцах шмат блёк-пастоў. Найперш патрулююць грунтовыя дарогі, якія вядуць у аб’езд Мангуша і Нікольскага ў бок акупаванага Бярдзянску і Запарожжа.
Законным украінскім уладам, якія выехалі з гораду перад акупацыяй, стала вядома пра затрыманьне аўтамабіля з украінцамі, якіх на кантрольна-прапускным пункце разьдзелі і фізычна зь іх зьдзекаваліся. У кіроўцы і пасажыраў былі даведкі аб фільтрацыі, але не было пропуску, таму іх зноў вярнулі ў Марыюпаль.
Расейскія акупацыйныя ўлады ўвялі камэнданцкі час з 21:00 да 5:00. Пропуск можна атрымаць толькі на падставе пашпарта, фільтрацыйнага талёна, тэхпашпарта аўтамабіля і дакумэнтаў пасажыраў. Пропуск дзейнічае ня больш за 7 дзён, потым трэба атрымліваць новы.
Праводзяць разьмінаваньне на «Азоўсталі» і экскурсіі ў Драмтэатар
Расейцы пачалі разьмінаваньне «Азоўсталі». Дарадца мэра Марыюпалю Пятро Андрушчанка паведаміў, што на міне падарваліся чатыры расейскія сапэры — адзін у цяжкім стане, двое — у сярэднім стане і адзін атрымаў лёгкія раненьні.
У драматычным тэатры завяршылі разборку завалаў, адкрылі сквэр для наведваньня і правялі першую экскурсію па зруйнаваным тэатры. «Цяпер мы бачым, як выглядае Драмтэатар усярэдзіне. Як паводзяцца акупанты і іх стаўленьне да гора Марыюпалю. І яшчэ адна дэталь. Больш у Драмтэатры немагчыма карміць галубоў. Яны таксама ўсё зьніклі», — напісаў Пятро Андрушчанка.
Паводле папярэдніх зьвестак, у выніку абстрэлу Драмтэатру загінулі каля 600 грамадзян.
Расея: жыцьцё ў горадзе аднаўляецца
У Марыюпалі пачалі раздаваць газэты, якія выдаюцца ў так званай «ДНР». Расейскія СМІ публікуюць справаздачы, якія нагадваюць савецкія часы: аб адкрыцьці першага шынамантажу, аб аднаўленьні працы трох лякарняў, вода- і энэргазабесьпячэньня, аб запуску 7 маршрутаў грамадзкага транспарту і аб правядзеньні першага футбольнага матчу.
Украінскія ўлады Марыюпалю кажуць, што да акупацыі ў горадзе дзейнічалі дзясяткі шынамантажоў на кожным кілямэтры і езьдзілі 100 аўтобусаў. Цяпер працуюць толькі 7 — па адным на кожным маршруце, а ў адкрытых лякарнях няма каму працаваць.
На парозе інфэкцыйных захворваньняў
Паводле ўкраінскіх уладаў, у Марыюпалі дагэтуль застаецца яшчэ каля 100 тысяч жыхароў. І яны настойваюць на неабходнасьці арганізацыі эвакуацыйнага калідору, каб вывезьці ўсіх.
Паводле іх, хаатычныя пахаваньні і летнія дажджы могуць выклікаць эпідэмічную катастрофу.
«100 тысяч жыхароў працягваюць жыць без вады. Каналізацыя не працуе. Па ўсім горадзе хаатычныя пахаваньні. У часе характэрных для Марыюпаля летніх дажджоў усё гэта будзе трапляць у рэчкі, мора і крынічкі, адкуль людзі бяруць ваду. Таму нам патрэбны сталыя „зялёныя калідоры“ для эвакуацыі марыюпальцаў. Разам з міжнароднымі партнэрамі мусім зрабіць усё, каб выратаваць людзей», — заявіў у эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом мэр горада Вадзім Бойчанка.
Ягоны дарадца Пятро Андрушчанка дадаў, што пры разборы завалаў шматпавярховіка ў раёне прыгараднай АЗС-2 у падвале знайшлі каля 200 загінулых, целы якіх ужо гніюць. «Праз адмову мясцовых зьбіраць і пакаваць целы ахвяр, МНС Расеі пакінула месца работ. Трупы засталіся на месцы, і праз частковую расчыстку завалаў смурод адчуваецца па ўсім квартале», — напісаў ён.
Паводле яго, перапахаваньне з двароў шматпавярховых дамоў таксама спынілі.
«Для „афіцыйнага“ бясплатнага перапахаваньня трэба дачакацца чаргі, самастойна прывезьці цела ў „морг“ пад выглядам толькі што знойдзенага або запісацца на відэа, у якім заяўнік мусіць сказаць, што ягонага сваяка забіла ўкраінская армія. З гэтых прычын у імправізаваным моргу на вуліцы ў пакетах ляжыць вялікая колькасьць цел».
Крадуць караблі і мэталяпракат
Украінскім уладам Марыюпаля стала вядома, што ў порце гораду прышвартаваліся два марскія караблі, якія агулам могуць перавозіць да 45 тысяч тон грузаў. Гэтыя ўкраінскія судны знаходзіліся ў порце на пачатку блякады гораду.
«Усе гэта сьведчыць, што акупанты не пакідаюць спробы вывезьці мэталяпракат морам праз порт. Аднак, паводле атрыманай інфармацыі, гэта пакуль немагчыма праз адсутнасьць неабходных кранаў і затопленыя караблі на выхадзе з акваторыі порту», — паведаміў дарадца марыюпальскага мэра Пятро Андрушчанка.
Міністэрства абароны Расеі назвала сваю актыўнасьць у марыюпальскім порце «разьмінаваньнем узьбярэжжа Азоўскага мора».
«Сапэры абсьледавалі ўжо больш за 50 кілямэтраў узьбярэжжа Азоўскага мора, абясшкодзілі звыш 300 розных боепрыпасаў», — адзначаецца ў паведамленьні Мінабароны Расеі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.