«Шмат хто гаворыць, што мы з Пуціным забойцы. Я даўно казаў, што сапраўды забіваю. Але я забіваю злачынцаў. Я не забіваю дзяцей і старых», — сказаў Дутэртэ на штотыднёвай тэлевізійнай сустрэчы з ключавымі міністрамі Філіпінаў.
Дутэртэ заклікаў Пуціна, якога зноў назваў сябрам, і Расею спыніць абстрэлы жылых раёнаў ва Ўкраіне і дазволіць мірным жыхарам бясьпечна эвакуавацца. Ён назваў дзеяньні Масквы «поўнамаштабнай вайной супраць сувэрэннай дзяржавы», падкрэсьліўшы, зрэшты, што Пуціна за яе не асуджае.
У пачатку сакавіка 2022 году Філіпіны прагаласавалі за рэзалюцыю Генэральнай Асамблеі ААН, якая асуджае расейскае ўварваньне. Філіпіны заклікалі абараніць цывільнае насельніцтва і грамадзкую інфраструктуру ва Ўкраіне. Дутэртэ ўстрымаўся ад рэзкай крытыкі Пуціна і заявіў, што захавае нэўтралітэт у канфлікце.
- Філіпінскія праваабаронцы абвінавачваюць прэзыдэнта ў гібелі больш як шасьці тысяч чалавек падчас пазасудовых расправаў у краіне. Палітык ня раз заклікаў да фізычнай расправы над наркагандлярамі і нарказалежнымі і казаў, што асабіста забіў траіх наркадзялкоў. У чэрвені тэрмін паўнамоцтваў Дутэртэ скончыцца, новым прэзыдэнтам стане Фэрдынанд Маркас-малодшы, выбраны ў траўні 2022 году. Дачка Дутэртэ Сара перамагла на выбарах віцэ-прэзыдэнта.