У відэароліку, які папярэднічае інтэрвію, карэспандэнт паказвае філіпінскаму прэзыдэнту шыльды з імёнамі розных палітыкаў і назвамі дзяржаваў і просіць яго коратка сказаць тое, што адразу прыходзіць у галаву. Пры зьяўленьні карткі з надпісам „Уладзімір Пуцін“ Дутэртэ не вагаючыся адказвае: „Мой кумір“.
На сайце выданьня Business Insider, якое апублікавала відэаролік, зьмяшчаецца таксама паведамленьне пра тое, што цяперашняе выказваньне прэзыдэнта Філіпін пра Пуціна ня першае. Цёплае стаўленьне Дутэртэ да Пуціна ўпісваецца ў ягоную палітыку зьмены лініі Філіпінаў на міжнароднай арэне. Так, ён неаднаразова рэзка і крытычна выказваўся пра ЗША і пра прэзыдэнта Барака Абаму. Пры гэтым ягонае стаўленьне да Кітаю і Расеі падкрэсьлена прыхільнае.
Дутэртэ выказаў надзею на тое, што, магчыма, наведае Расею і правядзе перамовы з Пуцінам. 20 кастрычніка Дутэртэ заявіў, што хацеў бы сказаць расейскаму прэзыдэнту, што ёсьць толькі тры дзяржавы, якія супрацьстаяць, паводле яго, астатняму сьвету, — гэта Кітай, Філіпіны і Расея.