Вярхоўная Рада Ўкраіны 22 траўня прыняла папраўкі да закону «Аб лекавых сродках», якія абмяжоўваюць абарачэньне ў краіне мэдыкамэнтаў, вытворчасьць якіх разьмешчана на тэрыторыі Расеі і Беларусі, паведаміў парлямэнт Украіны. Як зазначаецца ў абгрунтаваньні да дакумэнту, мэта паправак — «зьмяншэньне фінансавай падтрымкі вайсковай машыны гэтых краін, стымуляваньне адмовы ад паставак тавараў з гэтых краін ва ўсім сьвеце».
Законапраект дае магчымасьць Міністэрству аховы здароўя адмаўляць у дзяржаўнай рэгістрацыі лекавага сродку або адмяняць яго рэгістрацыю ва Ўкраіне, калі будзе выяўлена, што хаця б адзін з этапаў яго вытворчасьці ажыцьцяўляецца ў Расеі або Беларусі.
Скасоўваць дзяржаўную рэгістрацыю лекаў таксама дазволена, калі заяўнік або яго прадстаўнік зьвязаны з расейскімі або беларускімі кампаніямі або пасьля 23 лютага 2022 году ажыцьцяўлялі ўгоды ва ўдзеле хаця б у адным з этапаў вытворчасьці любых лекаў, вырабленых на расейскім або беларускім прадпрыемстве.
Абмежаваньне таксама будзе распаўсюджвацца на тых заяўнікаў, якія давалі такому прадпрыемству ў карыстаньне фармацэўтычныя матэрыяльныя або нематэрыяльныя актывы і зьвязаныя зь імі патэнты, дазволы, ліцэнзіі, рэгістрацыйныя пасьведчаньні.
19 сакавіка Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны спыніла дзеяньне рэгістрацыі 39 лекавых сродкаў, вытворцы якіх працуюць у Беларусі.
24 лютага Расея пачала вайну супраць Украіны. Беларускую тэрыторыю з пачатку ўварваньня рэжым Лукашэнкі прадставіў расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне.