МЗС Расеі 21 траўня паведаміла аб унясеньні 963 грамадзян ЗША ў нацыянальны «стоп-ліст». Аб гэтым паведамляецца на сайце дыпляматычнага ведамства.
Грамадзянам ЗША, якія трапілі ў гэты сьпіс, закрыты ўезд у Расею на пастаяннай аснове.
У сьпісе, сярод іншых, апынуліся прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, ягоны сын Хантэр Байдэн, дырэктар ЦРУ Уільям Бэрн, чальцы палаты прадстаўнікоў ад рэспубліканскай і дэмакратычнай партый, дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, журналісты, палітыкі, прадпрымальнікі, судзьдзі, адвакаты, сілавікі, вайскоўцы, тры рабіны і нават лекар-псыхіятар.
У паведамленьні МЗС РФ гаворыцца, што санкцыі ўведзеныя «ў кантэксьце мераў у адказ на пастаянна ўведзеныя ЗША антырасейскія санкцыі».