«Калі б у вас была магчымасьць вярнуцца ў мінулае і адмяніць рашэньне аб пачатку ваеннай апэрацыі, вы б гэта зрабілі ці не?» — такое пытаньне ўжо некалькі разоў задавалі расейскім рэспандэнтам падчас апытаньняў дасьледчая група Russian Field разам з кіраўніком фонду «Гарадзкія праекты» Максімам Кацам.
Сьцісла:
- Расейцы крыху больш схільныя падтрымліваць вайну, чым расейкі.
- Чым маладзейшая ўзроставая група, тым больш у ёй праціўнікаў вайны, сярод моладзі праціўнікаў і прыхільнікаў вайны прыкладна пароўну.
- Выразнай сувязі са стаўленьнем да вайны і адукацыяй няма, найбольш прыхільныя да вайны — асобы зь сярэдняй спэцыяльнай адукацыяй.
- Тыя, для каго тэлебачаньне — галоўная крыніца інфармацыі пра вайну, найбольш схільныя яе падтрымліваць. Але і сярод спажыўцоў інфармацыі некаторых інтэрнэт-крыніцаў прыхільнікі вайны пераважаюць.
- Парадаксальная, але моцная лінейная сувязь з узроўнем дабрабыту: чым багацейшая група даходу, тым больш у ёй прыхільнікаў вайны.
- Расейцаў, гатовых плаціць адмысловы 10-адсоткавы падатак на вайну, удвая менш, чым прыхільнікаў вайны.
- Удзельнічаць у вайне гатовы кожны трэці расейскі мужчына.
З пачатку вайны Russian field у супрацы з Максімам Кацам правяла ўжо 6 хваляў апытаньняў, апошняе — 2–5 траўня. Падчас кожнай хвалі апытвалася ў Расеі па тэлефонах шляхам выпадковай выбаркі прыкладна 1600 чалавек.
У сваёй аналітыцы дасьледчыкі адзначаюць, што атрыманыя вынікі па шэрагу пытаньняў могуць не супадаць з рэальнымі меркаваньнямі расейцаў, многія з рэспандэнтаў адмаўляюцца адказваць, некаторыя даюць няшчырыя адказы.
Дасьледчыкі заклікаюць ставіцца да атрыманых вынікаў з улікам гэтых чыньнікаў. Аднак нават скажоныя вынікі аб’ектыўных дасьледаваньняў маюць пэўную перавагу над субʼектыўнай ацэнкай, абумоўленай уласнай пазыцыяй і пазыцыяй кола сваіх сяброў і знаёмых.
Апроч таго, хітрыя пытаньні, кшталту пытаньня пра гіпатэтычную адмену рашэньня аб вайне ў мінулым, даюць магчымасьць крыху зьменшыць фактар страху ад крытыкі дзейнай палітыкі расейскай улады.
Нарэшце, дадзеныя пра сувязі пераменных, пра залежнасьць стаўленьня да вайны, напрыклад, ад сацыяльна-дэмаграфічных характарыстык, вартыя большага даверу, чым абсалютныя лічбы праваенных і антываенных адказаў.
Колькі расейцаў у траўні сёлета хацелі б на машыне часу памяняць тое, што пачалося 24 лютага?
Калі ў папярэдніх хвалях апытаньняў рэспандэнтам задавалі лабавое пытаньне аб стаўленьні да ваеннай апэрацыі Расеі, доля падтрымкі расейскай улады складала да 70%, хітрае пытаньне пра зьмену мінулага зьнізіла гэтую долю больш як на 10 адсоткавых пунктаў.
Хто ж у такой фармулёўцы падтрымлівае вайну?
Сярод мужчын прыхільнікаў вайны крыху больш, чым сярод жанчын, хоць і сярод жанчын яны складаюць большасьць.
Вельмі моцную сувязь стаўленьня да вайны з узростам фіксуюць усе расейскія апытаньні. Дарэчы, і ў Беларусі ў апытаньнях фіксуецца такая ж моцная сувязь. У Беларусі падтрымка пазыцыі Расеі ў вайне істотна ніжэйшая, чым у самой Расеі, а падтрымка магчымага ўдзелу беларускай арміі ў вайне зусім нязначная, але характар сувязі — той самы: чым старэйшая група беларускіх рэспандэнтаў, тым больш у ёй прыхільнікаў і пазыцыі РФ адносна вайны, і ўдзелу беларускага войска ў вайне.
У Расеі толькі сярод моладзі паміж ацэнкамі прыкладны балянс, ва ўсіх старэйшых групах відавочная перавага праваенных ацэнак.
У Расеі сувязь стаўленьня да вайны з адукацыяй няпэўная і нелінейная. Дасьледчыкі адзначаюць, што ў першых хвалях апытаньняў пасьля вайны такая сувязь назіралася: асобы з больш высокай адукацыяй былі ў меншай ступені схільныя падтрымліваць вайну. Але ўжо ў траўні гэтая сувязь зьнікла.
Прыхільнікамі вайны расейцаў (як і беларусаў) робіць тэлебачаньне — з такой тэзай можна часта сутыкнуцца. Тыя, хто спажывае інфармацыю пераважна з тэлескрыні, прыхільныя вайне ў найбольшай ступені, — гэта сапраўды так, гэта пацьвярджаецца і шэрагам іншых дасьледаваньняў. Але крыніцы інфармацыі — прынамсі не адзіны чыньнік, які вызначае пазыцыю ў гэтым пытаньні.
Сувязь стаўленьня да вайны з узроўнем дабрабыту ў нечым парадаксальная. Людзі больш забясьпечаныя маюць (ці мелі) магчымасьць пабачыць сьвет, яны часьцей карыстаюцца рознымі крыніцамі інфармацыі. Але і яны ж — самыя зацятыя прыхільнікі вайны. Дарэчы, падобную ж сувязь зафіксавалі ў апытаньнях у Беларусі і беларускія сацыёлягі. Краіна іншая, пытаньне іншае, а характар сувязі — такі самы.
Адно з магчымых тлумачэньняў гэтага парадоксу — тое, што дзяржслужбоўцы розных узроўняў — людзі дастаткова забясьпечаныя (што ў Беларусі, што ў Расеі). Яны падтрымліваюць дзеяньні расейскай дзяржавы і з прычыны чынавенскай этыкі, і таму, што ад гэтай падтрымкі залежыць іх існаваньне.
Уражвае амаль пагалоўная падтрымка вайны сярод прадстаўнікоў расейскіх праваахоўных органаў. Сярод дзяржслужбоўцаў яна таксама вышэйшая, чым у сярэднім па выбарцы. Але абедзьве гэтыя групы ў суме не перавышаюць 4% выбаркі, што, зразумела, ня можа вызначаць прыроду сувязі паміж даходамі і стаўленьнем да вайны.
Расейскія сацыёлягі тлумачаць гэтую сувязь перасьцярогамі менш забясьпечаных людзей, што выпрабаваньні, якія прыносіць і яшчэ прынясе вайна, пазбавяць іх і таго мінімуму, які яны маюць. Словам, паводле прымаўкі — пакуль тоўсты ссохне, худы здохне.
У травеньскім апытаньні Russian Field і Максіма Каца задавалася пытаньне аб гіпатэтычным падатку на вайну. З адказаў высьветлілася, што гатоўнасьць плаціць за вайну са сваёй кішэні ўдвая ніжэйшая, чым абстрактная падтрымка вайны.
У красавіцкай, пятай хвалі апытаньняў рэспандэнтам задавалася пытаньне аб гатоўнасьці плаціць на вайну «падатак крывёй», гэта значыць самім удзельнічаць у ёй. Сярод мужчын прыкладна траціна выказала гатоўнасьць ісьці на гэтую вайну.
Жанчынам задавалася пытаньне — ці падтрымалі б яны ўдзел у вайне сваіх сваякоў. 37% падтрымалі б, 53% — не падтрымалі б.
У красавіцкай хвалі апытаньняў высьвятлялася сувязь стаўленьня да вайны з вопытам паездак за мяжу, у краіны за межамі былога СССР. Сувязь відавочная, але ня вельмі шчыльная, і сярод асобаў з досьведам такіх паездак падтрымка вайны даволі высокая.
У красавіцкім апытаньні таксама высьвятлялася стаўленьне рэспандэнтаў да вядомай тэзы пра адзіны народ — расейцаў і ўкраінцаў. Гэтую тэзу Ўладзімір Пуцін адстойваў у сваім леташнім праграмным артыкуле, сёлета ў прамовах перад вайной і пасьля яе пачатку.
На першы погляд, гэта адно з ідэалягічных абгрунтаваньняў пачатку вайны. Тут сувязь больш шчыльная, сярод прыхільнікаў гэтай тэзы прыхільнікаў вайны на 16 адсоткавых пунктаў больш, чым сярод праціўнікаў. Але і сярод тых, для каго расейцы і ўкраінцы — розныя народы, прыхільнікаў і праціўнікаў вайны прыкладна пароўну.