Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слухай Свабоду! У свой дзень нараджэньня Радыё Свабода робіць вам падарунак


Радыё «Вызваленьне» ўпершыню выйшла ў эфір 20 траўня 1954 году. Сёньня Радыё Свабода — незалежная прыватная мэдыякампанія, якая працуе на мностве плятформаў і ў розных фарматах, у тым ліку аўдыё.

Паводле традыцыі, мы стараемся на свой дзень нараджэньня рабіць падарункі нашым сябрам: новыя праекты, конкурсы, фільмы, кнігі...

У Бібліятэцы Свабоды, якой сёлета спаўняецца 20 гадоў, ужо больш за восем дзясяткаў выданьняў, і ўсе яны, як правіла, спачатку гучалі ў этэры, на кароткіх і сярэдніх хвалях, у інтэрнэце і на спадарожніку.

Мы пачынаем новы разьдзел нашай бібліятэкі — для тых, хто любіць слухаць. Мы будзем вяртаць кнігі, іх аўтэнтычнае гучаньне ў аўтарскім выкананьні па-беларуску — часам з архіўных запісаў, часам аўтары будуць начытваць свае творы наноў. Бо Свабоду не заглушыш!

Сёньня прапануем вам некалькі першых аўдыёкніг Свабоды, якія можна чытаць тут, а зараз можна і слухаць тут:

Уладзімер Арлоў. Пакуль ляціць страла

Сто адказаў пісьменьніка на пытаньні чытачоў падчас сустрэч у бібліятэках і каля вогнішчаў, выступаў на кватэрніках і ва ўнівэрсытэтах.


Аляксандар Лукашук. Сьлед матылька: Освальд у Менску

Гісторыя двух гадоў жыцьця ў беларускай сталіцы Лі Гарві Освальда — амэрыканскага грамадзяніна, які стаў забойцам прэзыдэнта ЗША Джона Кенэдзі.

Пётра Садоўскі. Мой шыболет: Аўтабіяграфічныя арабэскі

Зацяты мовазнавец, бліскучы палітык, першы амбасадар Беларусі ў Нямеччыне пра свой беларускі шлях — ад Фройда да Майсея.

Сяргей Шупа. Падарожжа ў БНР: Архіўны раман

Дасьледнік спадчыны БНР аднаўляе нараджэньне дзяржавы. Лесьвіца ў мінулае, якая вядзе ўгору.

Галоўная інтэрнэт-пляцоўка, на якой разьмяшчаюцца нашы аўдыёкнігі, — YouTube-канал «Падкасты Свабоды».

Тут кнігі запампаваныя адным вялікім файлам — можна слухаць усё ад пачатку да канца або выбіраць у апісаньні паасобныя разьдзелы.

Нашы кнігі таксама можна слухаць на аўдыёплятформе SoundCloud, дзе яны разьмешчаныя ў форме плэйлістоў:

«Вострая Брама». Культурны кантэкст новага часу. Перадача Сяргея Дубаўца

«Неверагодны 2020-ы». Дваццаць меркаваньняў пра падзеі 2020-га, ад Сьвятланы Алексіевіч да Арцёма Шрайбмана

«Клініка кітайскага дантыста». Зьміцер Бартосік запрашае ў падарожжа ў невядомую Беларусь

Цяпер ідзе праца над агучваньнем і апрацаваньнем іншых кніг сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе» — як навейшых, так і тых, што захоўваюцца ў залатым фондзе нашых аўдыёархіваў.

Новыя кнігі аўдыёбібліятэкі будуць цяпер зьяўляцца рэгулярна.

Бо Свабоды не заглушыць, не забаніць, не заблякаваць!

Аляксандар Лукашук, Бібліятэкар Свабоды

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG