Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦРУ, Cкарына, Лукашэнка. Што вы хацелі спытаць пра Радыё Свабода ў наш дзень народзінаў


Радыё Свабода
Радыё Свабода

20 траўня 1954 году пачаліся беларускамоўныя перадачы Радыё Свабода. З гэтай нагоды мы адказваем на самыя частыя пытаньні пра дзейнасьць нашага мэдыя.

Хто стварыў беларускую службу Радыё Свабода?

Калі ў 1954 годзе пачаліся беларускамоўныя перадачы Радыё Свабода, назва радыё была іншай — радыё «Вызваленьне». Яго заснаваў Амэрыканскі камітэт вызваленьня ад бальшавізму. Гэтая арганізацыя была часткай праекту ЦРУ і ставіла перад сабой задачу аказаньня дапамогі антыкамуністычнай эміграцыі з СССР у яе барацьбе за зьвяржэньне камуністычнага рэжыму.

Першым прэзыдэнтам камітэта стаў галоўны рэдактар часопіса The Readers Digest Юджын Лаянс. Ён быў ураджэнцам Беларусі (Пухавіцкі раён) Яўгенам Прывіным, эміграваў у ЗША ў 1907 годзе, дзе зьмяніў прозьвішча. Дарэчы, Лаянс быў стрыечным братам Давіда Сарнова (таксама ўраджэнца Беларусі), аднаго з заснавальнікаў радыё- і тэлевяшчаньня ў ЗША. Лаянс быў першым замежным журналістам, які ўзяў інтэрвію ў Сталіна і менавіта з адной з кніг Лаянса пра СССР Джордж Орўэл запазычыў слынны зварот «Двойчы два — пяць», які стаў адным з самых распазнавальных знакаў яго раману «1984».

Стары будынак аэрапорта, у якім спачатку ў Мюнх'не, у 1953-1966 гадах, месьціўся офіс Радыё Свабода.
Стары будынак аэрапорта, у якім спачатку ў Мюнх'не, у 1953-1966 гадах, месьціўся офіс Радыё Свабода.

Беларусы ўвогуле былі на першых ролях у амэрыканскім вяшчаньні для народаў савецкай імпэрыі.

Справа ў тым, што ў Амэрыканскім камітэце вызваленьня ад бальшавізму былі моцныя ўплывы расейскай дыяспары. Але пасьля настойлівай працы іншых народаў СССР удалося пераканаць амэрыканскі бок стварыць падобную, але асобную ад расейцаў арганізацыю «Лігу за Вызваленьне Народаў СССР». Яна злучыла армянаў, азэрбайджанцаў, украінцаў, грузінаў, прадстаўнікоў народаў Паўночнага Каўказу і беларусаў. Менавіта голас Лігі паўплываў на тое, што ад 1953 году, з пачаткам вяшчаньня на Савецкі Саюз, кароткія хвалі загучалі на нацыянальных мовах паняволеных народаў. Першым старшынём Лігі коратка быў грузін Яўген Гегечкоры, а пасьля яе ўзначаліў старшыня Рады БНР Мікола Абрамчык.

Кім былі першыя журналісты Радыё Свабода?

Першая сядзіба беларускай службы знаходзілася ў Мюнхэне. Па-беларуску спачатку выходзілі 15‑хвілінныя перадачы 24 разы на дзень.

Кіраўніком першага складу беларускай службы быў Вінцэнт Жук-Грышкевіч, вучань Віленскай беларускай гімназіі і выпускнік Праскага ўнівэрсытэту. У 1939 годзе савецкія ўлады выслалі яго ў лягер, адкуль ён трапіў у армію генэрала Андэрса, зь якой удзельнічаў у бітве пад Монтэ-Касіна. Пасьля вайны выкладаў псыхалёгію ў Італіі і Англіі, пасьля пераехаў у Канаду, дзе ў Атаўскім унівэрсытэце абараніў доктарскую дысэртацыю па лірыцы Янкі Купалы.

Сымон Кабыш, Пятро Сыч, Лявон Карась, Вінцэнт Жук-Грышкевіч. Фота Янкі Ліманоўскага адсутнічае
Сымон Кабыш, Пятро Сыч, Лявон Карась, Вінцэнт Жук-Грышкевіч. Фота Янкі Ліманоўскага адсутнічае

Ягонымі калегамі па рэдакцыі былі:

  • Пётра Сыч (1912–1963), які вучыўся Віленскім унівэрсытэце, працаваў чыноўнікам у міжваеннай Польшчы, журналістам. Вязень савецкіх лягераў, салдат арміі Андэрса, удзельнічаў у баях пад Монтэ-Касіна, Балоньняй, Анконэ. Пасьля вайны жыў у Англіі, выдаваў беларускія часопісы.
  • Янка Ліманоўскі (1896–1989), сябра прэзыдыюма сэкцыі беларускай мовы і літаратуры Інбелкульту, Цэнтральнага бюро літаратурнага аб’яданьня «Маладняк». Працаваў у Акадэміі навук БССР, быў дырэктарам тэатра ў Віцебску. Падчас вайны працаваў у Менскім гарадзкім тэатры, пасьля жыў у ЗША.
  • Сымон Кабыш (1891–1972) да вайны працаваў ва ўрадзе БССР, у 1940 годзе быў арыштаваны. Падчас вайны працаваў кіраўніком фінансавага аддзелу Беларускай Цэнтральнай Рады. Пасьля вайны жыў у Нямеччыне, працаваў у Інстытуце вывучэньня СССР.
  • Лявон Карась (1923–1954) да вайны настаўнічаў. Падчас вайны быў адным з кіраўнікоў Саюзу беларускай моладзі. Пасьля вайны жыў у Нямеччыне і Вялікай Брытаніі. Вучыўся ў Лювэнскім унівэрсытэце. Забіты пры нявысьветленых абставінах, паводле адной з вэрсій, савецкімі агентамі. Цела са сьлядамі катаваньняў знайшлі ў рацэ Ізар.

У 1956 годзе яны выдалі адной кнігай артыкулы, фэльетоны, камэнтары за амаль тысячу першых дзён працы Радыё «Вызваленьне» . Яна стала першым такім зборнікам сярод усіх нацыянальных рэдакцыяў радыёстанцыі. Два гады таму Радыё Свабода перавыдала гэтыя тэксты. Чытайце кнігу ТУТ.

Калі зьявіліся першыя карэспандэнты ў Беларусі?

Першым карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі стаў у 1988 годзе Алесь Ліпай (1966–2018), у будучыні— заснавальнік першага незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН.

Алесь Ліпай. 25 сакавіка 2018 году, Менск
Алесь Ліпай. 25 сакавіка 2018 году, Менск

Сядзіба РС месьцілася тады ў Мюнхэне. Супрацоўнік Свабоды Васіль Фрэйдкін абтэлефаноўваў дзяржаўныя рэдакцыі (іншых тады не было), каб атрымаць камэнтар адносна разгону шэсьця на Дзяды. Пагадзіўся расказаць толькі Алесь Ліпай, якому пасьля гэтага прапанавалі сталае супрацоўніцтва.

Колькі разоў Аляксандар Лукашэнка даваў інтэрвію Радыё Свабода на чале кіраўніка дзяржавы?

Толькі аднойчы. Гэта адбылося вясной у 1996 годзе. Гутарку зь ім правяла журналістка Галіна Айзэнштат.

Што зьвязвае Радыё Свабода, гурт «Ulis» і Орўэла

Песьня «Радыё Свабода». Яе напісаў аўтар тэкстаў гурту «Ulis» Фэлікс Аксёнцаў у 1990 годзе на мэлёдыю Славы Кораня.

20 сакавіка 1993 «Ulis» выканаў песьню «Радыё Свабода» на дабрачынным канцэрце, прысьвечаным угодкам БНР. Запіс быў зроблены дзяржаўным Тэлевізійным беларускім каналам (ТБК) у менскім Палацы культуры чыгуначнікаў.

У 2014 годзе ў інтэрвію парталу «TuzinFM» Фэлікс Аксёнцаў расказаў, што існуе прамая сувязь паміж словамі песьні і култавай антыўтопіяй Орўэла. У песьні ёсьць радок «Там, дзе няма цемнаты» — гэта прамая цытата з раману «1984». Вось як сувязь патлумачыў сам Аксёнцаў:

«„Радыё Свабода“ — выйсьце з сусьвету Орўэла. Маёй рэлігіяй тады, у 80-90-я гады, быў рок-н-рол. „Радыё Свабода“ — тое ж, што ў іншых сьветапоглядах „благадаць“, „нірвана“, „Дух Сьвяты“ ці „сусьветны розум“. Чалавек як увасабленьне Свабоды Выбару. Таму — хвалі радыё, таму — „вусны і словы“ адвечнага. Тыя вусны і словы, што былі нам дадзеныя рок-н-ролам. Словы „слухаюць нас“, „ведаюць нас“ тут набываюць адценьне „сапраўды ведаюць“, „сапраўды слухаюць“ па-за сусьветам „1984“».

Паводле паэта, ягоная песьня «бы кропля ў той эўрапейскай плыні, да якой належыць і сама радыёстанцыя „Свабода“».

Ці рэтрансьлявалі перадачы РС унутры Беларусі?

Нягледзячы на шматлікія просьбы, беларускамоўныя перадачы РС ніколі не рэтрансьляваліся на FM-хвалях, у адрозьненьне ад расейскай і ўкраінскай службаў, якія мелі такія магчымасьці ў Маскве і Кіеве.

Радыё Свабода ніколі ня мела свайго афіцыйнага бюро ў Беларусі, абмежаваная колькасьць журналістаў атрымлівалі акрэдытацыі ад уладаў.

Што супольнага паміж Скарынам і Радыё Свабода?

«Бібліятэка Свабоды»
«Бібліятэка Свабоды»

Выданьне беларускіх кнігаў у Празе. У 2002 годзе мы заснавалі кніжную сэрыю «Бібліятэка Свабоды». За гэты час сьвет пабачылі 83 кнігі, як у папяровым, так і ў электронным фармаце. Кнігі распаўсюджваліся бясплатна сярод аўдыторыі РС. Таксама зусім бясплатна іх можна спампаваць з нашага сайту.

Хто нас фінансуе?

Часта можна пачуць памылковую інфармацыю, што спонсарам РС зьяўляецца Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША. Гэта няпраўда. Асноўным спонсарам РС зьяўляецца Кангрэс ЗША, інакш кажучы, парлямэнт. Грант ад Кангрэсу РС атрымлівае праз адмысловую арганізацыю — Агенцтва ЗША для глябальных мэдыя (USAGM).

Непраўдзівая таксама інфармацыя пра фінансаваньне Радыё Свабода праз ЦРУ. Спонсарам радыёстанцыі заўсёды быў Кангрэс ЗША, але да пачатку 1970-х грошы праходзілі празь бюджэт ЦРУ (паколькі фінансаваць прыватныя арганізацыі Кангрэса было забаронена законам), пазьней забарона была адмененая і гранты сталі вылучацца Кангрэсам ЗША наўпрост.

Фінансаваньне Радыё Свабода цалкам адкрытае і празрыстае. Знайсьці пра гэта інфармацыю можна на афіцыйных сайтах адміністрацыі ЗША.

Хто вызначае нашую рэдакцыйную палітыку?

Журналісты Радыё Свабода.

РС не залежыць ні ад якіх палітычных партыяў, кіроўных або апазыцыйных колаў, эмігранцкіх арганізацыяў, камэрцыйных або іншых арганізацыяў са спэцыяльнымі інтарэсамі, рэлігійных установаў, як у межах, так і па-за межамі краінаў, на якія скіраванае тэле- і радыёвяшчаньне РС («Зона вяшчаньня»). РС не падтрымлівае і не прапагандуе ніякіх канкрэтных палітычных, эканамічных або рэлігійных сьветаглядных пазыцый.

РС выступае ў падтрымку дэмакратыі і правоў чалавека агульнапрынятых у дэмакратычных дзяржавах. Аднак РС не павінна прапагандаваць прыняцьце канкрэтных палітычных або заканадаўчых рашэньняў. У праграмах РС ня можа ўтрымлівацца агітацыя за або супраць кандыдатаў на выбарныя або прызначаныя пасады. РС падтрымлівае права ўсіх народаў на самавызначэньне, як аб гэтым заяўлена ў Заключным акце Хэльсынскай канфэрэнцыі аб бясьпецы й супрацоўніцтве ў Эўропе. Аднак у перадачах і публікацыях не павінна зьмяшчацца прапаганда і падтрымка сэпаратызму і дзяржаўнага расколу.

Падрабязьней прачытаць пра нашую місію, прафэсійны кодэкс і каштоўнасьці можна тут.

Як Свабода асьвятляла падзеі ў 2020-м?

Радыё Свабода максымальна падрабязна асьвятляла падзеі гістарычнага 2020 году. Спачатку пандэмію каранавірусу, пасьля — перадвыбарчую і выбарчую кампанію, а таксама самыя масавыя ў гісторыі Беларусі пратэсты і ня бачаныя раней рэпрэсіі.

Увесну і ўлетку 2020-га Свабода дасягнула піку сваёй аўдыторыі. Жывыя трансьляцыі Свабоды зь перадвыбарчых пікетаў на Youtube глядзелі дзясяткі тысяч чалавек, а самыя папулярныя сягалі нават 100 000 аднамомантна.

Вось так нас віталі ўдзельнікі пратэсту ля галоўнага офісу Белтэлерадыёкампаніі ў Менску 17 жніўня 2020 году.

Сайт svaboda.org у жніўні 2020-га наведалі 2,5 мільёна ўнікальных карыстальнікаў. Сацыяльныя сеткі РС мелі ў 2020 годзе блізу мільёна падпісчыкаў.

Як рэжым Лукашэнкі перашкаджае нам працаваць?

У жніўні 2020-га Міністэрства інфармацыі пастанавіла заблякаваць сайт Радыё Свабода за асьвятленьне пратэстаў. Пасьля гэтага беларускіх карэспандэнтаў РС пазбавілі акрэдытацыі МЗС Беларусі.

А на пачатку сьнежня 2021 году суд Цэнтральнага раёну Менску прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі інфармацыйную прадукцыю тэлеграм-каналу «Радыё Свабода-Беларусь» і аналягі ў сацсетках і YouTube. 23 сьнежня МУС прызнала беларускую службу Радыё Свабода «экстрэмісцкім фармаваньнем». Стварэньне такога фармаваньня або ўдзел у ім зьяўляецца ў Беларусі крымінальным злачынствам.

Зьняволеныя журналісты Свабоды Ігар Лосік, Алег Грузьдзіловіч, Андрэй Кузьнечык
Зьняволеныя журналісты Свабоды Ігар Лосік, Алег Грузьдзіловіч, Андрэй Кузьнечык

Трое нашых калег — Ігар Лосік, Алег Грузьдзіловіч і Андрэй Кузьнечык — знаходзяцца за кратамі праз надуманыя абвінавачаньні. Праваабаронцы прызналі іх палітычнымі вязьнямі. Журналісцкія арганізацыя па ўсім сьвеце патрабуюць іхнага вызваленьня.

У гэтыя цёмныя для беларускай журналістыкі часы нам як ніколі патрэбна вашая інфармацыя. Як бясьпечна і ананімна паведаміць важную інфармацыю нашай рэдакцыі.

Ці Радыё Свабода застаецца радыё?

Ужо не, мы мультыплятформавае мэдыя. У 2019 годзе Радыё Свабода, пасьля амаль 65 гадоў штодзённага эфіру, пакінула радыёхвалі. З хваляў радыёэфіру служба пераключылася на іншыя каналы перадачы аўдыёсыгналаў.

Далей яе можна слухаць у сеціве (і ў патокавым вяшчаньні, і на падкаставых плятформах), а таксама праз сатэліт.

Пасьля блякады нашага сайту на тэрыторыі Беларусі мы выкарыстоўвае люстэркавыя сайты, якія імгненна аднаўляем пасьля чарговай блякады. У дадзены момант адзін з нашых адрасоў — svaboda.global.ssl.fastly.net

Мы таксама прысутныя на ўсіх папулярных у Беларусі сацыяльных плятформах:

Як чытаць і глядзець Свабоду насуперак блякаваньню.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG