У БФБ лічаць, што з боку некаторых нацыянальных баскетбольных фэдэрацый ідуць «палітычная гістэрыя і непрыхаваная антыбеларуская і антырасейская агрэсія». Рашэньне FIBA ў Менску назвалі «ганебным».
«Шкада, што FIBA заразілася гэтым вірусам нянавісьці замест таго, каб паспрабаваць адыграць кансалідуючую ролю, накіраваную на прымірэньне ў інтарэсах звычайных спартоўцаў згодна з галоўным алімпійскім прынцыпам і Статуту FIBA — спорт па-за палітыкай. Без сумневу, гэтую пляму на рэпутацыі міжнароднай фэдэрацыі адмываць будуць яшчэ доўга. І ініцыятараў дыскрымінацыйнага рашэньня адносна простых працаўнікоў ад спорту яшчэ доўга будзе мучаць іх унутранае сумленьне. І „вырваныя“ такім чынам мэдалі будуць цяжкай непасільнай ношай для іх».
Ва ўмовах накладзеных санкцый Беларуская фэдэрацыя баскетболу адзначыла, што сканцэнтруецца на разьвіцьці дзіцячага баскетболу і нацыянальнага чэмпіянату. Знайшлося месца ў заяве і дэкляраваньню садружнасьці з Расеяй.
«Без сумневаў, уся гэтая сытуацыя толькі ўзмоцніць наша беларуска-расейскае спартовае братэрства і прывядзе да істотнага павелічэньня міжнароднага супрацоўніцтва ў сфэры баскетболу з нашымі праверанымі часам сябрамі ў многіх краінах сьвету».
Якія іншыя краіны, апроч Расеі, маюцца на ўвазе, у БФБ не патлумачылі, адзначыўшы толькі, што пакідаюць за сабой права «абараняць годнасьць сваіх гульцоў» у міжнародных спартовых судах, карыстаючыся наяўнымі мэханізмамі.
У прыватнасьці, FIBA вырашыла зьняць зборныя Беларусі з:
- адборачных матчаў чэмпіянату сьвету ў баскетболе FIBA, 2023. Беларусь выбывае з групы B эўрапейскай кваліфікацыі чэмпіянату сьвету без прызначэньня замяшчальных камандаў. Усе вынікі каманды анулююцца;
- з кваліфікацыі FIBA 3×3 Europe Cup Qualifiers 2022;
- з кваліфікацыі FIBA 3×3 U17 Europe Cup Qualifiers 2022, замены каманды ня будзе;
- з удзелу ў чэмпіянаце сьвету ў баскетболе 3×3 сярод юнакоў да 18 гадоў 2022 году (да ўдзелу будуць запрошаныя наступныя па рэйтынгу каманды: Бэльгія сярод жанчын і Літва сярод мужчын).