Аб падачы заявак адначасова паведамілі місіі Швэцыі і Фінляндыі пры NATO.
«Гэта добры дзень у крытычны момант для бясьпекі NATO, Эўрапейскага зьвязу і іншых дзяржаў», — заявіў Енс Столтэнбэрг.
Ён вітаў падачу заявак і гарантаваў найхутчэйшае вырашэньне неабходных для ўступленьня пытаньняў.
Парлямэнт Фінляндыі 17 траўня ўхваліў падачу заяўкі на ўступленьне краіны ў NATO. «За» прагаласавалі 188 дэпутатаў, 8 — «супраць».
Раней прэзыдэнт краіны Саўлі Нійністэ і ўрад ужо заяўлялі, што прынцыповае рашэньне аб гэтым прынята. Чакаецца, што ў найбліжэйшы час прэзыдэнт зацьвердзіць вынікі парлямэнцкага галасаваньня.
Фінляндыя захоўвала нэўтралітэт пасьля завяршэньня Другой сусьветнай вайны. Ідэя аб далучэньні да NATO, паводле апытаньняў, карысталася ўсё больш папулярнасьцю ў апошнія гады, аднак канчатковае рашэньне было прынятае на фоне ўварваньня Расеі ва Ўкраіну.
Такое ж рашэньне ўхваліла Швэцыя. Прадугледжваецца, што заяўкі дзьвюх краінаў будуць разглядацца сумесна. Для іх далучэньня да блёку патрэбна аднагалоснае галасаваньне астатніх яго ўдзельнікаў.
Напярэдадні аб сваёй нязгодзе з уступленьнем дзьвюх краін заявіў прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган. Ён абвінаваціў Хэльсынкі і Стакгольм у падтрымцы тэрарызму — гэтыя краіны даюць прытулак палітычным супернікам турэцкага прэзыдэнта, якіх Анкара лічыць тэрарыстамі.