Чаму на саміце Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы Лукашэнка і Пуцін гаварылі пра Захад, NATO і Ўкраіну ледзь не праз слова, а іншыя кіраўнікі дзяржаваў АДКБ увогуле не ўжывалі гэтых словаў? У выніку сёньняшняй сустрэчы лідэраў 6 дзяржаваў — ці зьменяцца адносіны паміж Лукашэнкам і Пуціным? Ці будуць сілы АДКБ, у прыватнасьці Беларусі, ваяваць ва Ўкраіне?
Гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium абмяркоўваюць Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч і Віталь Цыганкоў.
Карбалевіч
- У дзяржаваў-чальцоў розныя інтарэсы, і перад імі — розныя пагрозы. АДКБ — даволі штучная арганізацыя. Якія аднолькавыя пагрозы могуць быць у Беларусі, Армэніі і Кіргізстану? Іх аб’ядноўвае толькі адно — ляяльнасьць да Расеі.
- У крытычны момант, калі здараецца такі крызіс, арганізацыя рэагуе так, як мы бачым. Лукашэнка неаднаразова казаў, што гэта Ўкраіна зьбіралася напасьці на Беларусь і Расею. І статут АДКБ павінен быў быць ужыты як мэханізм калектыўнай абароны.
- Гаворка не пра тое, каб Армэнія ці Казахстан пасылалі свае войскі ваяваць ва Ўкраіну, гаворка пра дыпляматычную і палітычную падтрымку. Пуцін нездарма казаў пра неабходнасьць узгадняць палітыку ў міжнародных арганізацыях.
- Пуціна ўразіла, што саюзьнікі не падтрымалі Расею і Беларусь на Генэральнай асамблеі ААН у пытаньні Ўкраіны.
- Лукашэнка — адзіны, хто адкрыта папракаў іншых чальцоў арганізацыі за адсутнасьць салідарнасьці зь Беларусьсю і Расеяй у іх барацьбе з Захадам.
- Расея ня проста пачала несправакаваную вайну супраць чальца постсавецкай прасторы. Пуцін патлумачыў, што распад СССР быў несправядлівы, што межы, якія зьявіліся пасьля гэтага, несправядлівыя, і таму Расея мае поўнае права перагледзець гэтыя межы. І гэта тычыцца ўсіх. Тое, як Пуцін патлумачыў гэтую вайну, — гэта пагроза ўсім.
- Захад адрэагаваў кансалідавана і жорстка. Уступаць у канфлікт зь ім нікому ня хочацца.
- Санкцыі вельмі моцна ўдарылі па Расеі і па магчымасьці РФ дапамагаць чальцам АДКБ. «Мяккая сіла» Расеі істотна зьменшылася. І краіны АДКБ глядзяць па баках і могуць знайсьці іншага патрона.
- Для Пуціна не была нечаканай сытуацыя, якая была прадэманстраваная на саміце АДКБ.
- Расея была б зацікаўленая, каб беларускія войскі, скажам, перакрылі чыгуначныя шляхі на захадзе Ўкраіны, празь якія ва Ўкраіну ідзе заходняя зброя. Але чым далей ідзе вайна, тым ніжэй імавернасьць такога разьвіцьця падзеяў.
Цыганкоў
- Не гаворачы на саміце ні пра Захад, ні пра Ўкраіну, лідэры Армэніі, Казахстану, Кіргізстану і Таджыкістану такім чынам выказалі сваю пазыцыю.
- Расеі трэба АДКБ, каб прадэманстраваць, што яна не самотная і мае іншых саюзьнікаў, акрамя Лукашэнкі. Астатнія пагадзіліся прыехаць, паківаць галавой. Але яны ўстрымаліся нават ад рытарычнай крытыкі Захаду.
- Гэтыя лідэры клапоцяцца пра свае нацыянальныя інтарэсы. І яны разумеюць, што разам з Расеяй супрацьпаставіць сябе Захаду — гэта зрабіць вялікую шкоду гэтым нацыянальным інтарэсам.
- Нікол Пашыньян выказаў крыўду на АДКБ, чальцы якой і падчас вайны за Карабах працягвалі прадаваць зброю Азэрбайджану, а Армэнію не падтрымалі ў яе збройным змаганьні.
- Казахстан вуснамі намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта заявіў, што ня будзе спрыяць таму, каб Беларусь і Расея абыходзілі санкцыі.
- Расейская прапаганда ня будзе факусавацца на тых супярэчнасьцях, пра якія мы казалі. Будуць гаварыць, што ўсе лідэры прыехалі, падпісалі супольную дэклярацыю, ківалі галовамі.
- Лукашэнку даюць магчымасьць агучыць незадавальненьне Крамля адносна чальцоў АДКБ. Самому Пуціну гэта было б рабіць няёмка.
- Палымяны заклік Лукашэнкі да кансалідацыі, згуртаваньня не атрымаў станоўчага водгуку. Наўрад ці Пуцін будзе яму надта ўжо ўдзячны за гэты заклік.
- Лукашэнка сказаў, што калі б было адзінства, то не было б гэтых «пякельных» санкцыяў. Але іншыя кіраўнікі АДКБ могуць падумаць, што калі б яны выступілі адзіным фронтам з Лукашэнкам і Пуціным, то цяпер былі б санкцыі супраць іх і іхных краінаў. Ну дык правільна, што ня выступілі.