Журналіст Zerkalo.io як грамадзянін зьвярнуўся ў Белстат з пытаньнем, калі плянуецца публікацыя статыстыкі нараджальнасьці і сьмяротнасьці за 2020 год.
«Нацыянальны статыстычны камітэт разгледзеў ваш зварот і паведамляе, што статыстычныя зьвесткі аб нараджальнасьці і сьмяротнасьці знаходзяцца ў працэсе распрацоўкі», — паведамілі ў адказе на зварот.
Інфармацыя аб нараджальнасьці і сьмяротнасьці ў адкрытай базе дадзеных Белстату апошні раз абнаўлялася ў траўні 2020 году. З таго часу арганізацыя перастала публікаваць гэтую інфармацыю.
Са статыстыкі ААН у сярэдзіне 2020 стала вядома, што сьмяротнасьць па выніках першага паўгодзьдзя пабіла пяцігадовы рэкорд — 66,9 тысячы памерлых — у той час як на працягу чатырох гадоў да гэтага паказьнік не перавышаў 62,5 тысячы сьмерцяў. З тых жа дадзеных вынікала, што ў чэрвені 2020-га колькасьць сьмерцяў на 3753 выпадкі перавысіла паказьнік за той жа месяц 2019 году.
Пасьля таго, як беларускія журналісты зьвярнулі ўвагу на гэтую статыстыку, у базе дадзеных ААН паказчыкі па Беларусі таксама перасталі абнаўляцца. У лістападзе 2020 году ў Белстаце спасылаліся на тое, што Сусьветная арганізацыя здароўя «не распрацавала адзінай мэтадалёгіі ўліку колькасьці памерлых ад наступстваў, зьвязаных з пандэміяй COVID-19».
Са статыстычнага зборніка «Ахова здароўя ў Рэспубліцы Беларусь» вынікае, што ў 2020 годзе вырасла шпітальная сьмяротнасьць у цэлым і ад асобных захворваньняў: ішэмічнай хваробы сэрца, пнэўманіі, судзінных захворваньняў галаўнога мозгу. Праўда, пра сьмяротнасьць ад каранавірусу ў зборніку нічога не гаварылася. Пасьля таго, як мэдыя сталі публікаваць гэтую інфармацыю, дакумэнт зьнік з сайтаў дзяржарганізацый сыстэмы аховы здароўя.
У сьвеце залішняя сьмяротнасьць у 2020 годзе перавысіла 3 млн чалавек. Галоўнай прычынай таму стала пандэмія каранавірусу.