Сталеліцейная галіна, як адзначаецца, мае ўнікальнае значэньне для ўкраінскай эканомікі, у ёй заняты кожны 13-ы ўкраінец.
«Мы ня можам проста захапляцца стойкасьцю і духам украінскага народу — мы павінны падтрымаць адну з самых важных для эканамічнага дабрабыту Ўкраіны галін. Для таго каб сталеліцейныя заводы надалей заставаліся эканамічным ратавальным кругам для народу Ўкраіны, яны павінны мець магчымасьць экспартаваць сваю сталь. Сёньняшняя заява — гэта сыгнал украінскаму народу, што мы гатовыя дапамагчы яму квітнець перад абліччам агрэсіі Пуціна», — адзначыла міністарка гандлю.
У канцы красавіка прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў, што накіраваў у Кангрэс ЗША заяўку на дадатковую дапамогу Ўкраіне ў памеры $33 млрд, каб краіна магла працягваць супраціў расейскай агрэсіі.
Больш за $20 млрд з гэтай сумы будуць накіраваныя непасрэдна на ваенную дапамогу і пастаўкі зброі — Украіне і суседнім краінам, $8,5 млрд будуць выдзеленыя на эканамічную дапамогу Ўкраіне, яшчэ $3 млрд — на гуманітарную дапамогу. Рашэньне яшчэ павінен ухваліць Кангрэс ЗША, але Байдэн паабяцаў, што Злучаныя Штаты будуць працягваць аказваць Кіеву дапамогу, у тым ліку павялічваючы пастаўкі зброі.