Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускім студэнтам — стыпэндыі, праваабаронцам — дапамога, Лукашэнку — новыя санкцыі. Ціханоўская завяршыла візыт у Нарвэгію


Cьвятлана Ціханоўская з камітэтам па замежных справах і абароне парлямэнту Нарвэгіі
Cьвятлана Ціханоўская з камітэтам па замежных справах і абароне парлямэнту Нарвэгіі

Дэмакратычная лідарка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская падчас свайго візыту ў Нарвэгію сустрэлася з прадстаўнікамі ўраду краіны, кіраўніцтвам Нарвэскай канфэдэрацыі прафсаюзаў, экспэртамі і НДА, якія займаюцца Беларусьсю.

Сьвятлана Ціханоўская правяла сустрэчы з прэм’ер-міністрам краіны Юнасам Гарам Стэрэ, міністрам замежных спраў Аньнікен Гуйтфэльт, старшынёй парлямэнта Масудам Гараххані, мэрам Осла Мар'яннэ Боргэн і прадстаўнікамі асноўных палітычных партый. Таксама яна сустрэлася з міністрам па эўрапейскіх справах Ірляндыі Томасам Бэрнам, намесьнікам Генэральнага сакратара Рады Эўропы Бʼёрнам Бэргу.

Ціханоўская зь міністаркай замежных спраў Аньнікен Гуйтфэльт
Ціханоўская зь міністаркай замежных спраў Аньнікен Гуйтфэльт

Як паведамляе прэс-служба Ціханоўскай, падчас свайго візыту Сьвятлана перадала ўраду Нарвэгіі просьбы ад беларускай дыяспары, фондаў мэдыцынскай салідарнасьці і Беларускай рады культуры аб дапамозе ўцекачам зь Беларусі, падтрымцы культурных праектаў і беларускіх мэдыкаў, якія працуюць ва Ўкраіне.

Таксама Ціханоўская перадала прапановы НАК ў стратэгіі ціску на рэжым. Адзначаецца, што нарвэскія ўнівэрсытэты прымуць студэнтаў зь Беларусі, а таксама акажуць фінансавую дапамогу тым, хто мае ў ёй патрэбу. У гэтым сэмэстры стыпэндыі атрымалі 50 студэнтаў. Нарвэгія таксама працягне фінансаваць беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ў ЭГУ.

Выступаючы на Эўрапейскай канфэрэнцыі, арганізаванай Радай Эўропы ў Крысьціянсане, Ціханоўская заявіла аб жаданьні Беларусі ўступіць у Раду Эўропы, прадстаўніком краіны павінны быць дэмакратычныя сілы.

Ціханоўская таксама расказала прадстаўнікам нарвэскіх прафсаюзаў аб затрыманьнях лідэраў Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Прэс-служба Ціханоўскай паведамле, што нарвэскія прафсаюзы падымуць пытаньне гэтых беспрэцэдэнтных рэпрэсій на кангрэсе Міжнароднай арганізацыі працы (МАП). А сябры МАП разглядаюць пытаньне аб прымяненьні параграфа 33 супраць Беларусі за сыстэматычныя рэпрэсіі супраць правоў працоўных.

Ціханоўская з прэм'ер-міністрам Юнасам Гарам Стэрэ
Ціханоўская з прэм'ер-міністрам Юнасам Гарам Стэрэ

Таксама старшыня парлямэнту разгледзіць пытаньне стварэньня групы «Сяброў свабоднай Беларусі», каб трымаць Беларусь у парадку дня нарвэскай палітыкі і эфэктыўна дамагацца вызваленьня палітвязьняў.

Адназначаецца, што нарвэскія НДА працягваюць супрацоўнічаць зь беларускімі праваабаронцамі і журналістамі, асабліва ў кірунку іх тэхналягічнага забесьпячэньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG