Раней у СМІ зьявіліся не пацьверджаныя пакуль чуткі пра арышт Дрожжы.
Віталь Дрожжа працаваў міністрам лясной гаспадаркі з 5 красавіка 2018 году. Да гэтага ён пяць гадоў працаваў генэральным дырэктарам нацыянальнага парку «Браслаўскія азёры», яшчэ раней кіраваў Бабруйскім лясгасам. 20 чэрвеня экс-чыноўніку споўніцца 44 гады.
Па інфармацыі выданьня «Наша ніва», міністра затрымлівалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа.
Прычынай затрыманьня Віталя Дрожжы, праўдападобна, стаў хабар, піша выданьне. У прыёмнай, куды патэлефанавалі журналісты Zerkalo.io, інфармацыю не пацьвердзілі. Там заявілі, што чыноўнік на «бальнічным».
У прэс-службе ведамства адмовіліся камэнтаваць інфармацыю.
Яшчэ ў 2020 годзе Дрожжа браў удзел у «чыстках» свайго міністэрства. За «пратэставыя настроі» ён звольніў сваю памочніцу Алесю Гаркушу.
Яшчэ раней, у 2019-м, Дрожжа назваў знос крыжоў у Курапатах «дэмантажом незаконна пастаўленых аб’ектаў», а таксама «чарговым этапам добраўпарадкаваньня».
У 2018 годзе, калі Лукашэнка прызначаў Дрожжу на пасаду, то загадваў яму «навесьці парадак у лесе, каб за хабар лесьнікі і лясьнічыя не сплаўлялі лес», які затым нібыта «за цэнты трапляе на Захад», а таксама аднаўляць высечаныя лясы. Аднак у 2021 годзе ў Беларусі высеклі шмат лесу на продаж, хоць чыноўнікі адмаўлялі, што яго высякаюць у вялікіх маштабах.