Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анджэліна Джалі паказала ў Instagram «асаблівы камень», які знайшла маленькая дзяўчынка з Украіны


UKRAINE-CRISIS/LVIV-JOLIE
UKRAINE-CRISIS/LVIV-JOLIE

Галівудзкая акторка і амбасадарка добрай волі ААН Анджэліна Джалі пасьля паездкі ў Львоў апублікавала ў сваім інстаграме пост, у якім расказала, што ва Ўкраіне ёй паказалі «адмысловы камень», знойдзены маленькай дзяўчынкай.

«Дзяўчынка, якая яго знайшла, не зразумела, што камень, зь якім яна гулялася, папраўдзе быў аскепкам бомбы. Ён няроўны і цяжэйшы, чым можна было б чакаць. Ягоны бляск і незвычайны выгляд павінны былі прыцягнуць увагу дзіцяці», — напісала Джалі.

Акторка патлумачыла, што пры выбуху бомбы ці снарада вострыя аскепкі цяжкага мэталу ўпіваюцца ў целы тых, хто знаходзіцца побач.

«Многім зь дзяцей, зь якімі я сустракалася і якія перажылі ўдар па вакзале ў Краматорску, нядаўна выдалілі аскепкі. Гэта цяжкі і балючы працэс. Фрагмэнты, блізкія да жыцьцёва важных органаў, было занадта небясьпечна выдаляць, і ў некаторых выпадках яны засталіся ўнутры», — напісала Анджаліна Джалі.

Паводле яе, барацьба за спыненьне вайны — гэта «штодзённая гонка ў спробе абмежаваць колькасьць забітых, параненых, перамешчаных і траўмаваных».

Анджэліна Джалі наведала Ўкраіну ў пачатку траўня. Яна пабывала ў Львове і ў Львоўскай вобласьці — там яна наведала дзяцей, якіх эвакуавалі з Луганскай вобласьці, а таксама шпіталь, дзе лечаць дзяцей, параненых падчас расейскіх абстрэлаў.

У часе візыту акторкі ў Львове спрацаваў сыгнал паветранай трывогі. Ёй з камандай прыйшлося тэрмінова бегчы ў сховішча.

Паводле зьвестак ААН на пачатак траўня, ва Ўкраіне з пачатку расейскага ваеннага ўварваньня загінулі 3 153 мірныя жыхары, яшчэ 3 316 былі параненыя. Сярод загінулых — 226 дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG