Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне назвалі першага падазраванага ў забойствах у Бучы — расгвардзейца, які паходзіць з Мазыра. Ён усё адмаўляе


Брацкая магіла ў Бучы, 14 красавіка 2022
Брацкая магіла ў Бучы, 14 красавіка 2022

Пра гэта генэральны пракурор Украіны Ірына Венядзіктава напісала ў Фэйсбуку.

«Гэты фатаздымак стаў адным з сымбаляў зьверстваў у Бучы — целы расстраляных мірных жыхароў са зьвязанымі за сьпінай рукамі на вуліцы Яблунскай. На фота тры ахвяры, чацьвёртая забітая ў кадар ня трапіла. Трое атрымалі агнястрэльныя раненьні галавы, а чацьвёрты атрымаў раненьні ва ўнутраныя органы і шкілет. Усе яны сталі ахвярамі акупантаў.

На другім фота — камандзір аддзяленьня Ўпраўленьня фэдэральнай службы войскаў нацыянальнай гвардыі РФ па Ўльянаўскай вобласьці. На беларускай пошце ён разам з аднапалчанамі адпраўляе нарабаванае ў дамах нашых суайчыньнікаў. Яго „падарунак“ з Украіны Ўльянаўску — капот багажніка. Бучанская пракуратура і паліцыя выявілі, што менавіта гэты вайсковец 18 сакавіка забіў у Бучы чатырох бяззбройных мужчын. 29 сакавіка ён закатаваў яшчэ аднаго цывільнага жыхара, прымушаючы таго прызнацца ў сваёй дывэрсійнай дзейнасьці супраць расейскай арміі.

Ён адвёў праўкраінскага мясцовага жыхара ў падвал, дзе зьбіў яго рукамі, аўтаматам і нажом. Мужчыну даставілі на месца расстрэлу, дзе пры імітацыі расправы стрэлілі каля вуха. У якасьці асобай формы зьдзекаў і запалохваньня ахвяру прымушалі абнюхаць памерлага чалавека.

На падставе сабраных доказаў, паказаньняў пацярпелага і партрэтнай экспэртызы Бучанская раённая пракуратура прад’явіла расгвардзейцу падазрэньне ў жорсткім абыходжаньні з цывільным насельніцтвам і іншых парушэньнях законаў і звычаяў вайны, спалучаных з наўмысным забойствам», — напісала генэральная пракурорка Ўкраіны.

Украінскае выданьне «Слідство.Інфо» паведаміла, што падазроны Сяргей Калацей нарадзіўся і вырас у беларускім горадзе Мазыры. Доўгі час займаўся адзінаборствамі, выступаў на спаборніцтвах. У сваіх сацыяльных сетках паказвае, што затым пераехаў у Расею.

Сам Калацей адмаўляе сваю віну, пра што заявіў выданьню «Можем объяснить».

«Я не служу ў Нацгвардыі. Вы што, з глузду зьехалі?» — заявіў ён.

Ён кажа, што ён не грамадзянін Расеі, мае толькі пашпарт Рэспублікі Беларусь, дзе цяпер і знаходзіцца. Мужчына адмаўляе, што апошнім часам наведваў Украіну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG