Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы штурм «Азоўсталі» ў Марыюпалі, выбухі ў Белгародзкай вобласьці. 69-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Расея бамбіць камбінат «Азоўсталь». Марыюпаль, 2 траўня 2022 г.
Расея бамбіць камбінат «Азоўсталь». Марыюпаль, 2 траўня 2022 г.

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 5 мільёнаў чалавек ужо сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Пад расейскімі абстрэламі загінулі 220 украінскіх дзяцей.
  • Вялікая Брытанія паабяцала шматмільённую вайсковую дапамогу Ўкраіне.
  • Да Запарожжа прыбылі эвакуацыйныя аўтобусы з Марыюпалю.
  • У Марыюпалі на заводзе «Азоўсталь» другі дзень праводзяць эвакуацыю. У сутарэньнях камбінату застаюцца яшчэ сотні цывільных людзей і параненыя ўкраінскія вайскоўцы.
  • Украінцы «Байрактарамі» зьнішчылі два расейскія катэры ля Зьмяінага вострава.
  • Паводле Пэнтагону і выведкі ЗША, начальнік расейскага Генштабу Герасімаў наведаў лінію фронту ў Ізюме Харкаўскай вобласьці, каб зьмяніць курс наступу.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 3 траўня

Мэр Львова: расейскі ракетны ўдар пашкодзіў дзьве электрападстанцыі

У выніку ракетнага ўдару расейскіх войскаў па Львове ўвечары 3 траўня былі пашкоджаныя дзьве электрападстанцыі, у частцы гораду няма сьвятла, паведаміў мэр Андрэй Садавы. У выніку ракетнага ўдару, паводле папярэдняй інфармацыі, паранены адзін чалавек, удакладніў Садовы. Ратавальнікі ліквідуюць пажар на адной з электрападстанцый.

Увечары зь некалькіх абласьцей паведамляюць пра выбухі

Пра «прылёт» ракеты паведамляе кіраўнік Далінскай гарадзкой тэрытарыяльнай грамады Кіраваградзкай вобласьці.

Кіраўнік Закарпацкай абласной адміністрацыі Віктар Мікіта паведамляе пра выбухі ў горнай частцы рэгіёну: «Прылёт ракеты ў аб'ект у горным раёне Закарпацьця. На месцы працуюць службы, удакладняем інфармацыю аб пашкоджаньнях і магчымых ахвярах».

Украінскія СМІ пішуць, што над Віньніцай зьбілі 2 ракеты, гэта пацьвердзіў і кіраўнік Віньніцкай абласной вайсковай адміністрацыі Сяргей Барзоў.

Ракетныя ўдары па Адэскай вобласьці: тры ракеты былі зьбітыя сіламі СПА, паведаміла ўкраінскае апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень». Таксама вядома, што дзьве выпушчаныя з Касьпійскага напрамку ракеты трапілі па чыгуначнай інфраструктуры Кіраваградзкай вобласьці, ёсьць загінулыя і параненыя.

Кіраўнік адміністрацыі Днепрапятроўскай вобласьці Валянцін Разьнічэнка паведамляе пра ўдары па чыгуначнай інфраструктуры ў Каменскім раёне (раён на захад ад Днепрапятроўска — рэд.) і піша аб адным параненым. Рух цягнікоў, паводле яго, спынены.

Расейскія войскі наносяць удары па чыгуначных станцыях

Увечары 3 траўня кіраўнік Украінскай чыгункі Аляксандар Камышын паведаміў аб шасьці ўдарах па чыгуначных станцыях у цэнтры і на захадзе Ўкраіны. Паводле яго, у сувязі з гэтым затрымліваюцца 14 цягнікоў. Пашкоджаньні інфраструктуры цяжкія, паведамляе Камышын.

Расейцы абстралялі коксахімічны завод у Аўдзееўцы Данецкай вобласьці

У выніку абстрэлу, паводле апэратыўных лічбаў, сама меней 10 чалавек загінулі і 15 параненыя. Інфармацыя ўдакладняецца, і колькасьць пацярпелых можа быць большай, паведамляе кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Паўло Кірыленка. Паводле яго, рабочыя толькі скончылі зьмену і чакалі на прыпынку аўтобуса, які меўся адвезьці іх з заводу дадому.

У Данецкай вобласьці за дзень загінуў 21 мірны жыхар, — кіраўнік адміністрацыі

Кіраўнік украінскай адміністрацыі Данецкай вобласьці Павал Кірыленка паведамляе, што за 3 траўня ў вобласьці пад расейскімі абстрэламі загінуў 21 мірны жыхар, і гэта — найбольшая колькасьць ахвяраў за дзень пасьля ракетнага ўдару па вакзале Краматорску 8 красавіка — тады загінулі 52 чалавекі.

Паводле Кірыленкі, 10 чалавек загінулі ў аўторак пад абстрэлам на Аўдзееўскім коксахімічным заводзе, пяцёра — у Лімане, чацьвёра — у Вуглядары і яшчэ па адным у двух іншых населеных пунктах. Параненыя за дзень 27 мірных жыхароў украінскай часткі Данецкай вобласьці.

У Запарожжа прыбылі эвакуацыйныя аўтобусы з Марыюпалю

Як паведамілі ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом, гэта першыя аўтобусы з цывільнымі, што былі ў бомбасховішчы заводу «Азоўсталь».

Колькасьць эвакуаваных пакуль не паведамляюць.

Новы штурм «Азоўсталі»

На заводзе ў Марыюпалі застаюцца яшчэ каля 200 мірных жыхароў і 500 параненых вайскоўцаў.

Раней расейскі кіраўнік Пуцін абяцаў не штурмаваць завод. Аднак пасьля ягоных словаў абстрэлы і спробы штурму працягваюцца.

За апошнія дні з Марыюпалю ўдалося вывезьці некалькі соцень цывільных асоб, уратаваўшы іх з рэгіёну, ахопленага вайной.

На тэрыторыі «Азоўсталі» — больш за 40 цяжка параненых вайскоўцаў

Як паведаміла віцэ-прэм’ерка Ўкраіны Ірына Верашчук, украінскія ўлады зьвярнуліся да Расеі і патрабуюць знайсьці рашэньне і выдаць ім тых людзей, якія не зьяўляюцца ўдзельнікамі баявых дзеяньняў і згодна з Жэнэўскімі канвэнцыямі павінны быць выдадзеныя Ўкраіне, таму што яны сур’ёзна параненыя і маюць патрэбу ў дапамозе.

Кіеў: прыкмет новага наступу зь Беларусі няма

«На Валынскім, Палескім і Северскім кірунках расейскі праціўнік актыўных дзеяньняў не рабіў, прыкмет фармаваньня наступальных груповак ня знойдзена», — гаворыцца ў зводцы ўкраінскага вайсковага камандаваньня на 6 гадзін раніцы 3 траўня.

30 красавіка ў Генштабе Ўзброеных сіл Украіны заявілі, што не выключаюць зьдзяйсьненьня Расеяй правакацый на беларуска-ўкраінскім памежжы. Таксама было адзначана, што «захоўваецца пагроза зьдзяйсьненьня праціўнікам ракетна-бомбавых удараў па аб’ектах вайсковай і цывільнай інфраструктуры на тэрыторыі Ўкраіны».

Ужо 626 дзяцей сталі ахвярамі вайны

Найбольш дзяцей пацярпелі ў Данецкай вобласьці (139), Кіеўскай (115), Харкаўскай (95), Чарнігаўскай (68), Херсонскай (45), Мікалаеўскай (43), Луганскай (37), Запароскай (27), Сумскай (17) абласьцях, у Кіеве (16) і ў Жытомірскай вобласьці (15).

Вялікая Брытанія абяцае Ўкраіне вайсковую дапамогу яшчэ на 375 мільёнаў даляраў

Злучанае Каралеўства заявіла, што выдзеліць Украіне вайсковую дапамогу ў памеры 300 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў (375 мільёнаў даляраў), уключаючы абсталяваньне для радыёэлектроннай барацьбы і радарную сыстэму контрабатарэй, на дадатак да прыкладна 200 мільёнаў фунтаў стэрлінгаў, паведамляе Reuters.

Вялікая Брытанія адправіла ва Ўкраіну звыш 5000 супрацьтанкавых ракет і пяць сыстэм супрацьпаветранай абароны, а таксама іншыя боепрыпасы і выбуховыя рэчывы пасьля расейскага ўварваньня 24 лютага.

Джонсан мае намер выступіць ва ўкраінскім парлямэнце 3 траўня празь відэасувязь.

Трэці дзень эвакуацыі цывільных з мэталюргічнага заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі

За папярэднія два дні эвакуавалі некалькі соцень цывільных украінцаў. Мэр Марыюпалю Вадзім Бойчанка паведаміў агенцтву Reuters, што ў бамбасховішчах камбінату «Азоўсталь» застаюцца больш за 200 мірных жыхароў, а ў самім Марыюпалі — каля 100 тысяч.

Напярэдадні вечарам стала вядома, што пры падтрымцы ААН і Чырвонага Крыжа ў аўторак 3 траўня ўзгаднілі эвакуацыю, якая павінна была пачацца ў 7:00 раніцы.

ААН: ва Ўкраіне з пачатку вайны загінулі сама меней 3193 мірныя жыхары

Паводле апошніх зьвестак Упраўленьня камісара па правах чалавека ААН, па стане на поўнач 2 траўня ва Ўкраіне загінулі сама меней 3193 чалавекі, зь іх 227 дзяцей; параненыя 3353 чалавекі, зь іх 321 дзіця. Па падліках ААН, у Данецкай і Луганскай абласьцях на тэрыторыі, падкантрольнай Украіне, загінулі 1562 мірныя жыхары, а на тэрыторыі непрызнаных «рэспублік» — 101 мірны жыхар.

У ААН неаднойчы падкрэсьлівалі, што рэальныя лічбы могуць быць нашмат большыя, бо інфармацыя з раёнаў, дзе ідуць актыўныя баявыя дзеяньні, а таксама акупаваных раёнаў прыходзіць зь вялікім спазьненьнем, таксама інфармацыя пра загінулых патрабуе праверкі.

Уцекачы ад вайны

З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну краіну пакінулі больш за 5,563 мільёна чалавек, вынікае са зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў.

Паводле дадзеных Офісу, больш за 3 млн чалавек выехалі ў Польшчу, амаль 826 000 чалавек — у Румынію, больш за 530 тысяч — у Вугоршчыну.

У Расею, паводле зьвестак ААН, вывезьлі больш за 681 тысячу чалавек. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што акупанты вывозяць грамадзян Украіны гвалтам.

Каля 5 мільёнаў украінцаў цяпер — унутрана перамешчаныя асобы.

Насельніцтва Ўкраіны (уключна з тэрыторыяй пад кантролем Расеі) складае каля 44 мільёнаў чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

У Белгародзкай вобласьці Расеі зноў выбухі

Губэрнатар Белгародзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў пацьвердзіў, што ў вобласьці былі чуваць два моцныя «хлапкі». Пра гэта ён паведаміў у Telegram.

«Прачнуўся ад двух моцных разрываў. Па дадзеных апэратыўнага штабу, пашкоджаньняў і руйнаваньняў няма. Пацярпелых няма. У сацыяльных сетках ужо зьявіліся кадры ўспышкі ў небе. Самае галоўнае, што без ахвяр і разбурэньняў. Астатнюю інфармацыю ўдакладнім ранкам».

Расея прыпыніла спрошчаную працэдуру афармленьня візаў для асобных грамадзян ЭЗ

Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб прыпыненьні спрошчанага парадку выдачы расейскіх візаў асобным катэгорыям грамадзян Эўразьвязу. Пад дзеяньне закону падпадаюць уладальнікі дыпляматычных пашпартоў, чальцы афіцыйных дэлегацый, нацыянальных і рэгіянальных урадаў і парлямэнтаў, канстытуцыйных і вярхоўных судоў, а таксама журналісты. Абмежаваньні будуць распаўсюджвацца на грамадзян дзяржаў — сяброў ЭЗ, а таксама Даніі, Ісьляндыі, Ліхтэнштэйну, Нарвэгіі і Швайцарыі. Зазначаецца, што ўказ падпісаны «ў сувязі зь недружалюбнымі дзеяньнямі Эўразьвязу».

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Як рэагуе сьвет

Вялікая Брытанія накіруе ва Ўкраіну 13 адзінак бранятэхнікі для эвакуацыі людзей з усходу

Таксама машыны будуць выкарыстоўвацца для перавозкі чыноўнікаў з украінскіх міністэрстваў на часовыя камандныя пункты. Яны вытрымліваюць хуткасныя кулі, супрацьпяхотныя міны і самаробныя выбуховыя прыстасаваньні. Гэтая апошняя перадача бранятэхнікі дапаможа абараніць мірных жыхароў, якія спрабуюць уцячы ад расейскіх абстрэлаў, і падтрымае ўкраінскіх чыноўнікаў у іх жыцьцёва важнай працы, заявіла 3 траўня міністар замежных спраў Вялікай Брытаніі Ліз Трас.

Пэнтагон скрытыкаваў Пуціна

Прэс-сакратар Міністэрства абароны ЗША Джон Кэрбі падчас брыфінгу з журналістамі 29 красавіка рэзка выказаўся аб палітыцы Ўладзіміра Пуціна ў адносінах да Ўкраіны.

У прыватнасьці, ён назваў «дзіўнымі» і «недарэчнымі» заявы Расеі аб пагрозах з боку ЗША і краін Захаду, а таксама аб нацыстах ва Ўкраіне. Кэрбі лічыць, што агрэсарам у цяперашняй сытуацыі выступае сама Расея.

NATO дапаможа Ўкраіне перайсьці ад зброі савецкіх часоў да сучаснай

Генсакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў, што альянс гатовы падтрымаць Украіну ў вайне супраць Расеі, нават калі вайна зацягнецца на гады. Паводле яго, NATO дапаможа Кіеву мадэрнізаваць узбраеньне савецкіх часоў да ўзроўню заходняй вайсковай тэхнікі.

Злучаныя Штаты, найбуйнейшы сябра NATO, ужо перадалі Ўкраіне зброю на 3 мільярды даляраў з пачатку маштабнага ўварваньня Расеі.

Амэрыканскія вайскоўцы навучаюць украінскіх у Нямеччыне

Навучаньне праводзіць Нацыянальная гвардыя Флорыды, што ўваходзіла ў склад Аб'яднанай шматнацыянальнай навучальнай групы на захадзе Ўкраіны і была вымушана пакінуць краіну з прычыны росту пагрозы расейскага ўварваньня ў лютым.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG