У сваякоў журналістаў і рэдактараў, якія знаходзяцца ў СІЗА на Валадарскага, бяруць падпіскі аб невыдаваньні. І людзі, якія раней расказвалі журналістам, што пішуць іхныя дзеці, у якіх умовах утрымліваюцца, цяпер асьцерагаюцца дзяліцца навінамі, бо зьвязаныя гэтымі падпіскамі. Свабода ведае прынамсі чатыры такія выпадкі сярод родных зьняволеных журналістаў.
Наколькі гэта законна, Свабода папрасіла пракамэнтаваць Паўла Сапелку, юрыста праваабарончага цэнтра «Вясна». Ён патлумачыў, што падпіску аб невыдаваньні маюць права браць у сьведак у справе і ў адваката.
«Падпіска азначае, што чалавек ня можа дзяліцца дэталямі справы. Нават у падазраваных і абвінавачаных ня маюць права браць падпіскі аб невыдаваньні, аднак і іх запалохваюць.
Бацькі зьняволеных не адносяцца да бакоў працэсу. Аднак на пэўным этапе бацькоў маглі выклікаць у якасьці сьведак. Іх дапыталі. Невядома, ці давалі тыя паказаньні. Магчыма, і не, бо сваякі паводле беларускага заканадаўства маюць права адмовіцца ад дачы паказаньняў», — тлумачыць юрыст.
Аднак, нават калі сваякі і не давалі паказаньняў, іх фармальна пакінулі ў працэсуальным статусе сьведак, мяркуе спадар Сапелка.
«Бацькоў маглі запалохаць, нават калі яны і не давалі паказаньняў. Папярэдзілі як сьведак аб адказнасьці за разгалошваньне інфармацыі, падсунулі паперку. І запалоханыя бацькі ня будуць нікому нічога гаварыць, каб не нашкодзіць свайму дзіцяці. То бок фармальнасьць выконваецца», — мяркуе Павал Сапелка.
«Андрэй у сваіх лістах зьдзіўляецца, як хутка растуць дзеткі»
Сьледзтва ў справе фрылянсэра Свабоды Андрэя Кузьнечыка, якія ўтрымліваецца на Валадарцы, было завершана яшчэ ў канцы сакавіка. Справа перададзеная ў пракуратуру. Суд, пэўна, пачнецца ў траўні. Такую выснову зрабілі блізкія Андрэя, бо і жонцы Алесі, і маці Аляксандры дазволілі спатканьні. Цяпер Андрэй чакае суду.
У камэры, дзе знаходзіцца Андрэй, ёсьць і палітычныя. На ўмовы ўтрыманьня Андрэй ня скардзіцца.
Лісты ад Андрэя жонцы даходзяць больш-менш рэгулярна, адзін-два разы на тыдзень. А вось яму, падобна, даходзяць ня ўсе лісты, мяркуе Алеся.
«Андрэй у сваіх лістах зьдзіўляецца, як хутка растуць дзеткі. Я пішу, што васьмігадовая Янка ўжо сама вяртаецца са школы, расказваю, чаму навучыўся трохгадовы Мацьвейка. Андрэй дае шмат парадаў, разваг аб выхаваньні дзетак. Я жартую, што раней, на волі, ён шмат працаваў, адрываўся ад кампутара на гадзінку, каб пазаймацца зь імі. А цяпер чытае лісты, думае пра дзяцей пастаянна і, хоць іх ня бачыць, разважае, раіць, якія мульцікі ім глядзець, што чытаць. Думаю, калі вернецца, будзе больш увагі ўдзяляць дзецям», — кажа Алеся.
Жонка дасылае Андрэю чыстыя паштоўкі з рознымі забаўнымі жывёламі, а ён піша вясёлыя і павучальныя вершыкі дзеткам і шле іх Мацьвею і Яне. Андрэй даслаў ужо цэлы сэрыял пра мышак.
Трымаецца Андрэй бадзёра і годна, сьцьвярджае жонка Алеся.
«Андрэй — аптыміст і філёзаф. Просіць прыносіць на Валадарку яму чорныя рэчы, бо ў калёніі, куды ён можа трапіць, нібыта аддаюць перавагу цёмным колерам. Так што шукаю адзеньне ягоных любімых фірмаў і фасончыкаў менавіта цёмнага колеру, а пакуль трапляецца ўсё з малюнкамі», — жартуе Алеся.
Фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада 2021 году на роварнай прагулцы, у ягонай кватэры правялі ператрус, забраўшы тэхніку і іншыя рэчы. 26 лістапада Заводзкі раённы суд Менску прызнаў Андрэя Кузьнечыка вінаватым у дробным хуліганстве і пакараў 10 днямі арышту, затым Кузьнечыку прысудзілі яшчэ адзін адміністрацыйны арышт, а 23 сьнежня стала вядома, што на журналіста завялі крымінальную справу.
Другі журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч, асуджаны 3 сакавіка на паўтара года зьняволеньня, чакае разгляду апэляцыі на прысуд у Менскім гарадзкім судзе, яе прызначылі на 10 траўня.
Марына Золатава перачытвае «Гары Потэра»
Чацьвёра супрацоўнікаў парталу TUT.by — галоўная рэдактарка Марына Золатава, генэральны дырэктар Людміла Чэкіна, журналістка Алена Талкачова і галоўны інжынэр Ала Лапатка — па-ранейшаму знаходзяцца ў СІЗА на Валадарскага.
Амаль год таму, у траўні 2021 году, у «справе TUT.by затрымалі 15 чалавек. Партал у Беларусі быў заблякаваны, а пазьней прызнаны «экстрэмісцкім». Затрыманых супрацоўнікаў абвінавацілі ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў.
У сакавіку 2022 году некаторым арыштаваным супрацоўнікам пачалі зьмяняць меру ўтрыманьня: выпусьцілі зь СІЗА, аднак абвінавачаньняў не зьнялі. Адну супрацоўніцу ўжо асудзілі на 1 год і 4 месяцы турмы, але яе выпусьцілі з залі суду (гэты тэрмін яна ўжо адседзела).
Што тычыцца чатырох кіраўнікоў, якія дагэтуль застаюцца ў СІЗА, інфармацыі, на якім этапе зараз знаходзіцца сьледзтва, вельмі мала.
«Мяркуючы па тым, што ніводнаму чалавеку яшчэ не дазволілі спатканьня з роднымі, сьледзтва ў справе яшчэ не завершана. Сьледчыя дзеяньні вядуцца вельмі марудна, калі не сказаць больш канкрэтна, што наагул не вядуцца», — паведаміў сваяк адной з палітзьняволеных.
Усе жанчыны трымаюцца годна, на ўмовы ўтрыманьня ня скардзяцца, пішуць аптымістычныя лісты.
Дачка Марыны Золатавай Надзея кажа, што лісты ад маці даходзяць даволі рэгулярна, раз на тыдзень.
«У гэтых лістах матуля нас вельмі падтрымлівае, дае парады ў гаспадарцы, падказвае, што і як рабіць. Што б мы безь яе рабілі!
Матуля піша, што шмат чытае. Зараз узялася за „Гары Потэра“. На прагулках яна бегае, калі мае магчымасьць», — кажа дачка Марыны Золатавай Надзея.