Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З параненай сілавікамі журналісткі «Нашай Нівы» хочуць спагнаць грошы за бальнічны


Натальля Лубнеўская празь некалькі хвілін пасьля раненьня ў нагу
Натальля Лубнеўская празь некалькі хвілін пасьля раненьня ў нагу

З журналісткі «Нашай Нівы» Натальлі Лубнеўскай, у якую ў жніўні 2020 стралялі сілавікі, хочуць спагнаць грошы за аплату бальнічнага.

Як нагадвае «Наша Ніва», звычайна сродкі на аплату бальнічнага выдаткоўвае Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Аднак у тым выпадку, калі прычынай быў няшчасны выпадак на вытворчасьці (стрэл у журналіста пры выкананьні ім працоўных абавязкаў падпадае пад гэтую фармулёўку), бальнічны аплочвае Белдзяржстрах.

«Каб закрыць справаздачу, ім патрэбны дакумэнт пра тое, што справа закрытая (зь якім вынікам — ня мае значэньня для бюракратычных працэдураў), — піша „Наша Ніва“. — Сьледчы камітэт пэрыядычна дасылаў адказ, што праверка працягваецца — крымінальная справа па факце раненьня журналісткі так і не была заведзеная. Апошнія месяцы патрэбнага ліста ад яго не было. Праверка так і ня скончана. Таму Белдзяржстрах, не атрымаўшы патрэбных ім дакумэнтаў, пагражае спагнаць грошы з журналісткі».

  • 10 жніўня 2020 году адзін з байцоў «Алмазу» прыцэльна стрэліў з агнястрэльнай зброі па групе журналістаў у сініх камізэльках «Прэса». Гумовая куля трапіла ў нагу журналісткі «Нашай Нівы» Натальлі Лубнеўскай. Яна правяла ў шпіталі 38 дзён.
  • У лякарню, дзе журналістка ляжала ў адной палаце з параненай Марыяй Зайцавай, да іх прыехалі дэпутаткі — Марыя Васілевіч і Ірына Луканская. Яны распытвалі, ці патрэбна нейкая дапамога, і на словах спачувалі. Аднак на прапанову асудзіць гвалт і фальсыфікацыі рэціраваліся, сказаўшы: «Мы дробныя людзі, няма паўнамоцтваў».
  • Крымінальную справу па факце раненьня так і не завялі, вінаватага не пакаралі.
  • Натальля Лубнеўская атрымала міжнародную прэмію Free Media Awards.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG