Рэпартэрка «Нашай Нівы» Натальля Лубнеўская правяла ў шпіталі 38 дзён. Яна расказала, што дэталёва памятае падзеі таго дня, але намагаецца яго не ўспамінаць.
Праз тыдзень у лякарні, дзе журналістка ляжала ў адной палаце з параненай Марыяй Зайцавай, да іх прыехалі дэпутаткі — Марыя Васілевіч і Ірына Луканская. Яны распытвалі, ці патрэбна нейкая дапамога, і на словах спачувалі. Аднак на прапанову асудзіць гвалт і фальсыфікацыі рэціраваліся, сказаўшы: «Мы дробныя людзі, няма паўнамоцтваў».
«Пройдзе некалькі месяцаў, і людзі, ад якіх, па іх словах, нічога не залежыць, ухваляць папраўкі, якія зробяць больш жорсткім пакараньне за пратэсты і ўзаконяць выкарыстаньне сілавікамі зброі супраць насельніцтва», — кажа Лубнеўская.
Крымінальная справа па факце раненьня журналісткі дасюль не заведзеная, Фрунзэнскі раённы аддзел Сьледчага камітэту перадаў яе Менскаму гарадзкому, а сьледзтва вялі ўжо тры розныя асобы. У Лубнеўскай узялі падпіску аб неразгалошваньні.
«Не ўяўляю, што адчуваюць людзі, якія пасьля траўмаў замест расьсьледаваньня атрымалі тэрмін у калёніі. Несправядлівасьць раніць больш за кулі. Супрацоўнікі органаў апраўдваюць свае дзеяньні тым, што „проста выконваюць сваю працу“. У маім выпадку выканаць сваю працу ніхто ня змог. Відэа стрэлу і факт знаходжаньня ў шпіталі аказаліся недастаткова пераканаўчымі, каб завесьці крымінальную справу. „Працягваецца праверка“».
Натальля адзначыла, што на яе выходзіў незнаёмец, які нібыта ведае імя таго, хто страляў у яе. Аднак Лубнеўская ня стала чапляцца за інфармацыю, каб даведацца прозьвішча. Яна чакае, што настане час суду над сілавікамі. Сваё здароўе, сьцьвярджае журналістка, ёй удалося аднавіць, дапамаглі «ЛФК, фізіятэрапія і маладосьць». Але ад раненьня ў Лубнеўскай застаўся шнар.