Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: хірург Любецкі пракамэнтаваў свой прысуд, на нэўроляга Цялегу ціснуць у калёніі


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» афіцыйна прызнаў палітзьняволенымі ў Беларусі 1142 чалавек. Аднак іншыя ініцыятывы дапамогі палітвязьням паведамляюць, што перасьледаваных у палітычна матываваных справах значна болей.

Сківічны хірург Андрэй Любецкі, якога 18 красавіка судзьдзя Сьвятлана Чарапанава пакарала 5 гадамі калёніі агульнага рэжыму, на наступны дзень пасьля прысуду напісаў зь СІЗА ліст сваякам. У ім палітзьняволены падзякаваў усім неабыякавым людзям за дапамогу і падтрымку:

«Сёньня аўторак. Па сутнасьці — першы дзень новага этапу ў маім (нашым) жыцьці. Я б вельмі хацеў падзякаваць усім, у тым ліку тым, хто ня змог трапіць у залю паседжаньня. Я думаю, што гэтак жа, як і я адчуваў іх падтрымку, гэтак жа і яны адчувалі маю падзяку.

Я шчыра, ад усёй душы і ад усяго сэрца, дзякую ўсім, хто так ці інакш удзельнічаў і саўдзельнічаў.

Дзякую родным, сябрам, аднаклясьнікам, аднакурсьнікам, калегам, суседзям, знаёмым, пацыентам, бацькам пацыентаў, проста неабыякавым людзям за тое, што дасылалі лісты, дапамагалі перадачамі, пасылкамі, бандэролямі, грашыма, словамі, думкамі і сэрцамі. Дзякую ўсім, хто быў побач са мной і з такімі, як я.

А самае галоўнае, я шчыра і ад усяго сэрца дзякую ЎСІМ, хто так ці інакш дапамагаў і дапамагае маёй (нашай з Наташай) сям'і, нашым дзеткам!

Усім-усім-усім прывітаньне.
Усё будзе добра.
Ваш Андрэй

P.S. Тут я сустракаю вельмі шмат разумных, адукаваных, цудоўных людзей».

Андрэя Любецкага, які 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай бальніцы ў Менску і быў валянтэрам каля Акрэсьціна, абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 (удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак); ч. 1 арт. 130 (распальваньне сацыяльнай варожасьці); арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) і ч.1, 2 арт. 368 (абраза прэзыдэнта).

На лекара-нэўроляга Аляксандра Цялегу ціснуць у калёніі

На палітзьняволенага нэўроляга Аляксандра Цялегу адміністрацыя бабруйскай калёніі рэгулярна складае рапарты з надуманых прычын.

Як стала вядома Свабодзе, на Аляксандра ціснуць за найменшыя правіннасьці. Яго ўжо пазбавілі спатканьняў, пасылак і перадач.

Аляксандар Цялега родам з Барысава. Апошнім часам жыў у Расеі, працаваў у Нарыльску лекарам-нэўролягам. Яму 41 год, жанаты, ёсьць малыя дзеці.

Аляксандра затрымалі 3 траўня 2021 году, калі ён прыехаў у госьці да родных у Барысаў. Яго пабілі і забралі літаральна ў адным споднім у горадзенскую турму, дзе ён так і праседзеў бяз рэчаў некалькі дзён.

Цялегу абвінавацілі ў «32 абразьлівых камэнтарах у Telegram на адрас міліцыянтаў, работнікаў пракуратуры і судоў», у тым ліку на адрас камандзіра менскага АМАПу Дзьмітрыя Балабы, памочніцы пракурора Аліны Касьянчык, судзьдзі Марыі Ярохінай.

21 студзеня судзьдзя Ганна Лявусік пакарала Аляксандра Цялегу 4 гадамі калёніі за абразу прадстаўнікоў улады.

Дзеяньні Цялегі кваліфікавалі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: 364 (пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў міліцыі), 369 (абраза прадстаўніка ўлады), 391 (абраза судзьдзі). На працэсе стала вядома, што адзін з пацярпелых у справе біў Цялегу пры затрыманьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG