«Мы гатовыя да той акалічнасьці, якая ўзьнікла нядаўна, што ў Польшчу ня будзе паступаць газ з Усходу, з Расеі. У нас ёсьць магчымасьці пастаўляць у Польшчу дастаткова газу, каб хапіла на ўсіх. Мы можам быць спакойныя», — заявіў у эфіры радыёстанцыі RMF Пётар Наімскі.
Ён паабяцаў, што пры прадказальных умовах пастаўкі газу ў краіну гарантаваныя, «калі агульныя вонкавыя ўмовы ня зьменяцца і калі ня будзе катаклізму».
Наімскі таксама зазначыў, што адмаўленьне ад куплі расейскага газу адбылося хутчэй, чым Польшча меркавала.
«У нармальных умовах газавы кантракт з „Газпромам“ павінен быў скончыцца ў сьнежні бягучага году, і польскі бок рыхтаваўся да гэтага 6 гадоў. Сёлета завяршаюцца загадзя пачатыя інвэстыцыі, у тым ліку будаўніцтва газаправоду з Нарвэгіі, які будзе запушчаны ў кастрычніку, — сказаў Наімскі. — Магчыма, нам давядзецца больш плаціць за газ (...), таму што ва ўмовах вайны і энэргетычнага крызісу газ, як і іншыя энэргарэсурсы, можа быць даражэйшым. Мы купляем газ па сярэднерынкавай цане, як і іншыя».
Прэмʼер-міністар Матэвуш Маравецкі падчас выступу ў сэйме пракамэнтаваў спыненьне паставак газу:
«Гэта прамая атака на Польшчу, помста за санкцыі нашай краіны. Я хацеў бы запэўніць вас, што гэты шантаж не закране польскія хатнія гаспадаркі. З восені Польшча наогул ня будзе мець патрэбу ў расейскім газе. Але таксама з гэтым шантажом, з гэтым пісталетам падстаўленым да лба Польшча зможа справіцца».
26 красавіка стала вядома, што «Газпром» запатрабаваў, каб сёньня Польшча заплаціла за пастаўкі газу «ў адпаведнасьці з новым парадкам плацяжоў». Адразу пасьля гэтага стала вядома, што польскія Gaz-System і нафтавагазавая кампанія (PGNiG) атрымалі ад «Газпрома» апавяшчэньне аб поўным спыненьні паставак газу з 27 красавіка.
Сёньня такое ж апавяшчэньне атрымала баўгарская кампанія «Булгаргаз». Пра гэта паведаміла Міністэрства энэргетыкі Баўгарыі.
У канцы сакавіка Пуцін паведаміў, што падпісаў указ, паводле якога так званыя варожыя краіны павінны плаціць за расейскі газ выключна ў расейскіх рублях. Большасьць краін Эўразьвязу не пагадзіліся на такі дыктат, назваўшы гэта парушэньнем дамоваў.
Спыненьне пастаўкі газу ў Польшчу па трубаправодзе «Ямал-Эўропа» адаб’ецца і на эканоміцы Беларусі, паколькі трубаправод прыходзіць менавіта празь яе тэрыторыю, за што Беларусь атрымлівае плацяжы за транзыт.