Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хацела паглядзець, колькі беларусаў у нас». Гісторыя 78-гадовай жыхаркі Менску, якая выйшла на Дзень Волі зь бел-чырвона-белым сьцягам


Алена Аляксееўна Кандрашэвіч зь бел-чырвона-белым сьцягам
Алена Аляксееўна Кандрашэвіч зь бел-чырвона-белым сьцягам

78-гадовая жыхарка Менску Алена Аляксееўна Кандрашэвіч стала знакамітай пасьля таго, як у інтэрнэце 25 сакавіка 2022 году зьявіліся яе фатаздымкі зь бел-чырвона-белым сьцягам. Сама яна называе сябе «бабкай-патрыёткай».

25 сакавіка Алена Аляксееўна сядзела на лаўцы каля свайго дому, накінуўшы па плечы бел-чырвона-белы сьцяг. Для блога «Галасы» яна расказвае, што яе прыйшлі затрымліваць чатыры міліцыянты. Затым прыехалі яшчэ шэсьць. Алену Аляксееўну завезьлі ў міліцыю, склалі пратакол. Суд пакараў яе штрафам у памеры 1920 рублёў.

«Я выйшла са сьцягам толькі да пад’езду, бо моцна баляць ногі, у мяне артроз. Хацела паказаць людзям, што ёсьць беларускі народ, беларуская нацыя. Я хацела праверыць, як будуць рэагаваць людзі, колькі беларусаў у нас. Толькі адзін хлопец ішоў і сказаў: „Са сьвятам вас!“. Другі сказаў так грэбліва: „Сядзіць тут, са сьцягам!“. Дзьве пэнсіянэркі сказалі: „Сядзіць тут, бэнээфаўка!“. А я ім адказала, што ў 1918 годзе, калі была створаная БНР, не было яшчэ БНФ», — расказала Алена Аляксееўна.

Яна кажа, што летась, 25 сакавіка 2021 году, таксама выходзіла са сьцягам, але тады яе ніхто не чапаў.

«Цяпер мяне здаў, я так мяркую, сусед. Ён нават чырвона-зялёны сьцяг у сябе вывешваў. Прыйшлі чатыры міліцыянты. Сказалі, каб ішла зь імі ў аддзел. Я — да дзьвярэй. Кажу, што нікуды не пайду. Іду дахаты, бо хачу есьці і хачу ў прыбіральню. Аж яны выклікалі падмацаваньне! Прыехалі яшчэ шэсьць міліцыянтаў! На адну бабку-патрыётку!» — дзівіцца яна.

Алена Аляксееўна кажа, што ў міліцэйскі «бусік» яе зацягнулі «за шкірку». Сама яна не магла туды падняцца — высокія прыступкі і хворыя ногі.

«У аддзеле я ім расказвала, што мой дзядуля трапіў пад рэпрэсіі, у яго забралі ў Менску дом, бабулі забаранілі жыць у сталіцы. Мая маці езьдзіла тады ў Маскву дабівацца справядлівасьці. Я сама нарадзілася ў бараках у Менску ў 1943 годзе. Я жыхарка Менску ў трэцім пакаленьні! Але цяпер мне за тое, што сядзела на лаўцы, далі штраф — 1920 рублёў. Гэта цяпер мне трэба ня есьці, ня піць, не плаціць камунальныя — толькі штраф аплачваць», — кажа яна.

Алена Аляксееўна згадвае падзеі 2020 году.

«Мяне ўразіла, што нашы людзі — такія добрыя, дружныя! У жыцьці ня думала, што ў нас так шмат выйдзе людзей, і ўсе зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Я думаю, што людзі палюбілі сьцяг ня толькі таму, што гэта нагадвае пра стварэньне БНР, а таму, што гэта сымбаль барацьбы за нашу свабоду і незалежнасьць. Але ўлада ўсё гэта забіла проста. Хай бы мы плацілі за газ у пяць разоў болей, але былі незалежныя, свабодныя, нікому не падпарадкоўваліся. Бо цяпер, калі я пачну што казаць, то людзі мне: „Цішэй, цішэй!“. Я што — не магу сказаць тое, што хачу? Але хачу, каб людзі ведалі: ёсьць такая бабка-патрыётка!» — кажа Алена Аляксееўна.

Яна даведалася, што людзі хочуць дапамагчы ёй сплаціць буйны штраф.

«Але цяпер такія часы, што калі людзі сплацяць за мяне штраф, прыйдуць і да іх, і іх пакараюць. Нельга ж дапамогу цяпер ад людзей атрымліваць на штрафы», — кажа Алена Аляксееўна.

Са сплатай штрафу ёй абяцалі дапамагчы сваякі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG