Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макрон стаў першым за 20 гадоў перавыбраным прэзыдэнтам Францыі


Эманюэль Макрон вітае сваіх прыхільнікаў
Эманюэль Макрон вітае сваіх прыхільнікаў

Пасьля апрацоўкі 100% галасоў стала вядома, што дзейны прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон перавыбраны на сваю пасаду.

Эманюэль Макрон перамог у другім туры прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі, апярэдзіўшы сваю суперніцу Марын Лё Пэн на 17,1%. Макрон атрымаў 58,54% галасоў, а за Лё Пэн прагаласавалі 41,46% французаў.

Яўка на выбары склала 71,99%.

Вынікі апублікаваў сайт Міністэрства ўнутраных спраў Францыі. Канчатковыя афіцыйныя вынікі выбараў будуць абвешчаныя ў сераду 27 красавіка.

Зьвяртаючыся да сваіх прыхільнікаў на Марсавым полі ў Парыжы, Макрон падзякаваў французам за падтрымку і давер. Лё Пэн прызнала сваю паразу.

Эманюэль Макрон стаў першым за 20 гадоў перавыбраным прэзыдэнтам Францыі. Пяць гадоў таму гэтыя ж самыя кандыдаты таксама сустрэліся ў другім туры выбараў. Тады перавага Макрона была значна вышэйшай: 66% у прадстаўніка лібэральных сіл супраць 34% у прадстаўніцы ультраправых.

Многія эўрапейскія лідэры падтрымалі Макрона, выказаўшы асьцярогі, што перамога Лё Пэн нанясе шкоду Эўразьвязу. Яны таксама абвінавацілі яе ў ляяльным стаўленьні да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна. У красавіку газэта The New York Times паведамляла, што ЭЗ плянуе ўзмацніць санкцыі супраць расейскіх энэрганосьбітаў пасьля перавыбраньня Макрона, каб павышэньне цэнаў на паліва да галасаваньня ня зьнізіла ягоных шанцаў на перамогу.

Макрон стаў адным зь нямногіх лідэраў ЭЗ, якія знаходзіліся ў кантакце з Уладзімірам Пуціным пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Аднак ягоная пазыцыя становіцца больш жорсткай. Ягоная адміністрацыя дае зразумець, што гатова да эмбарга на нафту і газ з Расеі: француская эканоміка залежыць ад іх менш, чым іншыя буйныя краіны Эўразьвязу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG