Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макрон супраць Лё Пэн. У Францыі — другі тур прэзыдэнцкіх выбараў


У Францыі сёньня праходзіць другі тур выбараў прэзыдэнта. За абраньне на другі пяцігадовы тэрмін змагаецца дзейны прэзыдэнт Эманюэль Макрон. Яго суперніца — лідэр правых папулістаў Марын Лё Пэн

Гэтыя ж супернікі сустрэліся ў другім туры выбараў 5 гадоў таму. Тады Макрон, які ішоў на выбары, як і Лё Пэн, як прадстаўнік апазыцыі, атрымаў пераканаўчую перамогу. Цяпер, паводле апытаньняў, яго шанцы на перамогу больш высокія, хаця разрыў паміж кандыдатамі, хутчэй за ўсё, будзе меншы. У сярэднім, паводле апытаньняў, Макрон можа прэтэндаваць на 55% галасоў.

Калі Макрон атрымае перамогу, ён стане першым прэзыдэнтам Францыі за 20 гадоў, які змог абрацца на другі тэрмін. Апошні раз гэта здолеў зрабіць Жак Шырак, які перамог бацьку Марын Ле Пэн Жана-Мары Лё Пэна.

Хоць Марын Лё Пэн прытрымліваецца больш памяркоўных пазыцыяў, чым яе бацька і яна сама некалькі гадоў таму, большасьць палітычных сілаў Францыі падтрымала Макрона, каб не дапусьціць ультраправых да ўлады. Многае будзе залежаць ад пазыцыі радыкальных левых, чый кандыдат Жан-Люк Мэляншон у першым туры выбараў 2 тыдні таму заняў трэцяе месца. Прыхільнікі Мэляншона рэзка выступаюць супраць палітыкі Макрона. Аднак іх лідэр заклікаў не галасаваць за Лё Пэн, бо для левых яна застаецца «большым злом».

Многія эўрапейскія лідэры таксама падтрымалі Макрона, выказаўшы перасьцярогі, што перамога Лё Пэн зробіць шкоду ЭЗ. Яны таксама абвінавацілі яе ў ляяльным стаўленьні да прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Лё Пэн асудзіла расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, але працягвае выступаць за працяг супрацоўніцтва з Масквой. Пазыцыя Макрона, які да апошняга часу заставаўся адным з нямногіх лідэраў ЭЗ, якія знаходзіліся ў кантакце з Уладзімірам Пуціным, падчас вайны робіцца ўсё больш жорсткай у дачыненьні да Крамля. Падчас перадвыбарчых дэбатаў Макрон раскрытыкаваў сваю суперніцу за сувязі з Расеяй.

Макрон, у прыватнасьці, прыгадаў пра крэдыт, які партыя Марын Лё Пэн узяла ў «Першага расейска-чэскага банку» ў 2014 годзе. Паводле яго словаў, гэтая акалічнасьць азначае, што ў выпадку абраньня прэзыдэнтам у Лё Пэн у адносінах з Крамлём «будуць зьвязаныя рукі».

Падчас дэбатаў Лё Пэн імкнулася апэляваць да тых выбаршчыкаў, якія незадаволеныя ростам спажывецкіх цэнаў, у тым ліку і з прычыны вайны Расеі з Украінай. Лё Пэн заявіла, што яе прыярытэтам, калі яна стане першай жанчынай на пасадзе прэзыдэнта Францыі, будзе зьніжэньне выдаткаў для грамадзянаў. Сябе яна назвала кандыдатам тых, хто ледзьве зводзіць канцы з канцамі.

Па выніках першага туру, які прайшоў 10 красавіка, за Макрона аддалі галасы амаль 28% выбаршчыкаў, за Ле Пэн — больш за 23%.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG