Дзейны прэзыдэнт Францыі, 44-гадовы Эманюэль Макрон, апярэдзіў усіх апанэнтаў у першым туры, набраўшы 27,6% галасоў. Лідэрка ультраправага «Нацыянальнага аб’яднаньня» 53-гадовая Марын Лё Пэн набрала 23,41% галасоў і прайшла ў другі тур, сьведчаць афіцыйныя дадзеныя па выбарах.
Яны ж змагаліся за перамогу ў другім туры і на мінулых выбарах. Тады Макрон упэўнена перамог з паказчыкам у 66,10%, суперніца набрала 33,90%.
Трэцяе месца заняў Жан-Люк Мэляншон зь левай партыі «Непакорлівая Францыя» — 21,95%. Астатнія кандыдаты атрымалі значна меншую падтрымку — чацьвёртае месца заняў ультраправы Эрык Зэмур, які набраў 7%.
Праваліліся кандыдаты ад «сыстэмных» партый — правацэнтрысцкіх рэспубліканцаў і сацыялістаў. Валеры Пекрэс (4,79%) і Ан Ідальга (1,74%) заявілі аб тым, што падтрымліваюць Макрона, каб не дапусьціць «экстрэмістаў» да ўлады.
Другі тур выбараў прызначаны на 24 красавіка. Францускія экспэрты прагназуюць вострую барацьбу за перамогу. Мэляншон ужо заклікаў галасаваць у другім туры за Макрона, Зэмур — за Лё Пэн.
- Як адзначае Францускае міжнароднае радыё, прэзыдэнцтва палітыка-цэнтрыста Эманюэля Макрона, які ўпершыню быў абраны кіраўніком дзяржавы ў 39 гадоў і стаў самым маладым кандыдатам і на сёлетніх выбарах, прайшло ва ўмовах вострых унутраных і сусьветных крызісаў. Сярод іх указаны сацыяльныя пратэсты «жоўтых камізэлек», забастоўкі супраць радыкальнай пэнсійнай рэформы, пандэмія каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 і вайна Расеі супраць Украіны.
- Макрон афіцыйна аб’явіў аб вылучэньні сваёй кандыдатуры на другі тэрмін толькі 3 сакавіка, менш чым за 40 дзён да першага туру выбараў прэзыдэнта. Ён заявіў, што ня можа весьці кампанію «так, як бы гэтага хацеў». Макрон таксама адмовіўся ад удзелу ў прамых дэбатах з іншымі кандыдатамі, спаслаўшыся на занятасьць і напружаны графік.
- Associated Press паказвае на зьніжэнне рэйтынгу Макрона за апошні час на фоне высокай інфляцыі і росту цэн на прадукты, бэнзін і іншыя віды паліва.
- Лё Пэн выступае супраць сяброўства Францыі ў NATO і сябруе з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, падтрымліваючы таго ў анэксіі Крыму і іншых ваенных дзеяньнях.