У Нідэрляндах Сьвятлана Ціханоўская сустрэлася з каралём Вільемам-Аляксандрам, прэм’ер-міністрам краіны Маркам Рутэ, міністрам абароны Кайсай Алянгрэн, камітэтам па замежных справах парлямэнту. Прадстаўнік Офісу Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі правёў сустрэчы ў міністэрстве юстыцыі ў пытаньнях беларускай дыяспары, візаў і рэлякацыі рэпрэсаваных бізнэсаў.
- Нідэрлянды разгледзяць магчымасьці перадачы дапамогі беларускім мэдыкам ва Ўкраіне шэрага найменьняў мэдыцынскай прадукцыі, у тым ліку абсталяваньня і інструмэнтаў. Сьпіс складзены Фондам мэдыцынскай салідарнасьці. Таксама Ціханоўская перадала сьпіс патрэб батальёна Каліноўскага, у асноўным гэта ахоўная амуніцыя (каскі, бронекамізэлькі), абсталяваньне, уніформа і наборы першай дапамогі;
- Нідэрлянды падтрымліваюць сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі. Ціханоўская падкрэсьліла, што Расея абавязана неадкладна вывесьці свае войскі зь беларускай тэрыторыі. Ціханоўская і прэм’ер Нідэрляндаў абмеркавалі гарантыі бясьпекі для Беларусі, а таксама пэрспэктывы членства Беларусі ў ЭЗ і Радзе Эўропы;
- У парлямэнце Нідэрляндаў разгледзяць пытаньне аб стварэньні фармальнай або нефармальнай парлямэнцкай групы «Сябры Беларусі». Працягваецца кампанія ўзяцьця «пад апеку» беларускіх палітвязьняў;
- Урад разгледзіць шэраг прапаноў ад беларускай дыяспары па спрашчэньні працэдур рэлякацыі, легалізацыі беларускіх уцекачоў зь Беларусі і Ўкраіны, прадаўжэньня дакумэнтаў без неабходнасьці зьвяртацца ў афіцыйныя органы Рэспублікі Беларусь;
- Нідэрлянды правераць, каб не засталося шчылін для абыходу санкцый дзяржаўнымі прадпрыемствамі Беларусі і памагатымі рэжыму Лукашэнкі. Раней у Нідэрлянды ішла значная частка экспарту нафтапрадуктаў;
- Дзяржава зьверне асаблівую ўвагу на перасьлед незалежных прафсаюзаў (Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў), які мы назіраем у апошнія тыдні. Ціханоўская падкрэсьліла, што перасьлед працоўных павінен мець самыя сур’ёзныя наступствы для рэжыму, у тым ліку фінансавыя, усе вінаватыя ў рэпрэсіях супраць працоўных павінныя быць уключаныя ў санкцыйныя сьпісы. Пытаньне падтрымкі працоўнага руху і прафсаюзаў будзе ўзьнята ў міжнародных прафсаюзных арганізацыях;
- Нідэрлянды працягнуць фінансаваць Міжнародную плятформу для Беларусі па прыцягненьні вінаватых да адказнасьці (International Accountability Platform for Belarus). Падтрымка беларускім праваабаронцам будзе аказвацца празь Нідэрляндзкі Фонд правоў чалавека. Нідэрлянды сёлета падтрымаюць шэраг беларускіх арганізацый, якія займаюцца грамадзкім і моладзевым актывізмам, эканамічнымі рэформамі, прасоўваньнем беларускай культуры.
Таксама Ціханоўская сустрэлася з прадстаўнікамі міжнародных праваабарончых арганізацый Amnesty International, Helsinki Committee, Libereco ды іншых. Яны абмеркавалі магчымасьць удакладненьня крытэраў прызнаньня людзей палітвязьнямі. Ціханоўская адзначыла важнасьць прызнаньня палітвязьнямі затрыманых беларускіх партызан, у тым ліку тых, якія займаюцца акцыямі на чыгунцы, і вызваленьня ад адказнасьці кібэр-партызан, якія ажыцьцяўляюць акцыі ў кібэрпрасторы, ды іншых удзельнікаў беларускага супраціву.
Разам з арганізацыяй Justice and Peace абгаворвалася стварэньне спэцыяльных шэлтэраў у Нідэрляндах і іншых краінах Эўропы для беларускіх уцекачоў, актывістаў, сем’яў палітвязьняў, а таксама праграм рэабілітацыі для палітвязьняў, якія цяпер выходзяць на волю.
Ціханоўская таксама сустрэлася зь беларускай дыяспарай, наведала базу арганізацыі, дзе беларускія і ўкраінскія актывісты зьбіраюць машыны хуткай дапамогі і адпраўляюць ва Ўкраіну, выступіла ў нідэрляндзкіх СМІ і ў грамадзкім цэнтры DeBalie зь лекцыяй пра Беларусь.
У Мідэлбургу прэм’ер-міністар Марк Рутэ разам з пра-праўнучкай Франкліна Рузвэльта ўручылі Ціханоўскай мэдаль Чатырох Свабод імя Рузвэльта. Беларуска прысьвяціла гэтую ўзнагароду ўсім беларусам, якія змагаюцца за перамены.