У 2021 годзе, паводле зьвестак, сабраных для Freedom to Write Index, прынамсі 277 пісьменьнікаў, навукоўцаў і публічных інтэлектуалаў у 36 краінах ва ўсіх геаграфічных рэгіёнах плянэты несправядліва затрымалі або зьмясьцілі пад варту ў сувязі зь іх пісьменьніцкай дзейнасьцю, працай або іншай формай ажыцьцяўленьня права на свабоду слова, піша беларускі ПЭН-цэнтар з спасылкай на справаздачу.
Гэта крыху больш за 273 чалавекі, якіх налічваў Індэкс у 2020 годзе, і значна больш, чым у 2019 годзе (238 чалавек). Сама больш творцаў, якія трапілі ў Індэкс, дадалося ў М’янме. РэпрэсіІ пачаліся пасьля вайсковага перавароту 1 лютага 2021 году, падчас якога мэтанакіравана перасьледавалі пісьменьнікаў і прадстаўнікоў творчай супольнасьці ў цэлым.
У Беларусі рэзкі рост колькасьці затрыманьняў — многія зь іх былі кароткатэрміновымі — выкліканы пратэстамі пасьля выбараў у жніўні 2020 году, пайшоў на спад. Але ў 2021 годзе пачасьціліся мэтанакіраваныя арышты пісьменьнікаў і іншых асобаў, якія надалей выказвалі сваю думку, а таксама больш доўгатэрміновыя затрыманьні.
Сёньня Беларусь займае 7-е месца ў індэксе. ПЭН Амэрыка ўключыў у сьпіс 10 зьняволеных беларускіх аўтараў, гэта:
- Валерыя Касьцюгова
- Ігар Банцар
- Уладзімер Мацкевіч
- Эдуард Пальчыс
- Андрэй Пачобут
- Алесь Бяляцкі
- Мікола Дзядок
- Мікола Папека
- Алесь Пушкін
- Аляксандар Фядута
Пры гэтым, відавочна, ня ўсе пісьменьнікі ўключаныя ў сьпіс. Напрыклад, там няма Паўла Севярынца.
10 краін, якія ўзначальваюць сьпіс адпаведна колькасьці зьняволеных за свае погляды пісьменьнікаў:
1. Кітай (85)
2. Саудаўская Арабія (29)
3. М’янма (26)
4. Іран (21)
5. Турэччына (18)
6. Эгіпет (14)
7. Беларусь (10)
8. Віетнам (10)
9. Індыя (8)
10. Эрытрэя (8)
Беларусь другі год запар трапляе ў сьпіс краінаў з найбольшай колькасьцю пісьменьнікаў за кратамі.