Юлія расказвае, што да 24 лютага ня верыла ў поўнамаштабную вайну і нават ранкам таго ж дня не адразу дала веры званку ад сябра-беларуса пра бамбаваньне ўкраінскіх гарадоў.
«Я раней жыла ў раёне „Усходнім“, бліжэйшым да фронту. Але перад вайной я пераехала ў раён „Прыморскі“, я лічыла, што ён будзе бясьпечным (у мяне дзіця). Але за тры дні мы зразумелі, што знаходзіцца на трэцім паверсе „хрушчоўкі“ таксама вельмі небясьпечна. Пачало прылятаць: і мінамёты, і „Грады“, гаўбіцы. А пасьля пачалася авіяцыя, якой мы баяліся больш за ўсё», — расказвае Юлія.
«Ежу мы гатавалі на вогнішчах, шукалі паваленыя дрэвы»
Пасьля гэтага яна з сынам пераехала ў кватэру да сябра, з добрым, як кажа Юля, бомбасховішчам. Але туды яны ані разу не спусьціліся, увесь час хаваліся ў ванным пакоі. У левабярэжным раёне гораду засталася мама Юлі, пра лёс якой яна нічога ня ведае, бо ў Марыюпалі няма сувязі.
«На пяты дзень у суседні будынак у нашым двары прыляцела міна. Выгараў цэлы пад’езд, зь першага па чацьвёрты паверх. Тады нам адключылі электрыку, газ, ваду і сувязь. Гэта ўсё сталася ў адзін момант. Расейцы ператварылі нас у дзікуноў. Мы хадзілі па ваду да крыніцы, якая была непадалёк. Трэба было неяк мыць дзяцей, посуд, змываць туалеты. Ежу мы гатавалі на вогнішчах, шукалі паваленыя дрэвы. Нехта прыносіў кавалкі разбураных драўляных хатаў. Гэта быў першабытны лад. Усе былі брудныя, апраналі на сябе ўсё што можна. У кватэрах было +5, спалі пад спальнікамі», — гаворыць жанчына.
Паколькі Юля любіць гатаваць, у яе было шмат запасаў харчоў: крупы, макарона, мяса. Усё, што магло сапсавацца, яна вывешвала ў пакетах за вокны. Прадуктамі дзяліліся і зь іншымі людзьмі, у якіх нічога не было.
«Але галоўнай праблемай была адсутнасьць сувязі. Мы ня ведалі, што адбываецца на іншай тэрыторыі Ўкраіны, у іншых раёнах. Мы забралі ў сябра, які выехаў раней, маленькі прымач і на сярэдніх хвалях слухалі радыё „Ўкраіна“. Так мы даведваліся навіны пра Марыюпаль, пра наш горад. Нейкія навіны прыносілі тыя людзі, што эвакуаваліся зь іншых раёнаў», — расказвае Юля.
«Бачачы нават усе зьнішчэньні, спаленыя дамы, многія ўсё роўна былі за расейцаў»
Паводле яе, частку жыхароў гораду расейцы вывозілі адтуль пад прымусам. Яна кажа, што некалькі яе знаёмых апынуліся так у Растове. Заставацца там яны ня хочуць і спрабуюць вярнуцца ва Ўкраіну праз Грузію.
«Але некаторыя паміж выездам у Расею і сьмерцю выбралі выезд. Я разумею людзей, якія пагаджаліся туды ехаць. Гэта былі і праўкраінскія жыхары або сваякі вайскоўцаў. І яны цяпер намагаюцца вярнуцца ва Ўкраіну, і мы ім дапамагаем», — гаворыць Юля.
Яна дадае, што частка жыхароў гораду пагадзіліся на калябарацыю з расейцамі. Шмат хто, паводле яе, казалі, што «нам усё роўна пад кім жыць, абы быў мір». Былі і проста прарасейскія людзі. Яны лічылі, што калі ў горадзе ня будзе ўкраінскіх вайскоўцаў, то і расейцы адступяць.
«Яны лічылі, што калі б у горадзе, каля школаў, будынкаў, не было вайскоўцаў Украіны, то і расейцы не стралялі б. У людзей проста парушаныя лягічныя сувязі, яны не разумеюць, што расейцы будуць страляць так ці інакш. Бачачы нават усе зьнішчэньні, спаленыя дамы, мы знайшлі нейкую бабулю і пахавалі яе каля гаража, і вось пасьля ўсяго гэтага былі ўсё роўна людзі за расейцаў. Такіх, на жаль, шмат, і на іх частка віны за тое, што адбылося», — лічыць журналістка.
Наконт колькасьці сьмяротных ахвяраў у Марыюпалі ёсьць самыя розныя лічбы. Юля схіляецца да таго, што іх дзясяткі тысяч.
«Ёсьць шмат брацкіх магілаў у спаленых мікрараёнах. Там шмат „спальнікаў“, гэта дзевяціпавярховыя будынкі. Туды прыляталі авіябомбы, пасьля чаго будынкі засталіся выпаленыя, чорныя, безь нічога. Гэта масавы гвалт», — кажа Юлія.
На яе думку, расейцы бамбілі Марыюпаль і са звыклай зайздрасьці. Яна расказвае, што, у адрозьненьне ад Данецку, горад разьвіваўся, у яго ўкладалі шмат грошай, у тым ліку заходнія інвэстары.
«У нас рамантаваліся дарогі, тратуары, чаго ніколі не было, бо большасьць грошай ішла заўсёды раней яшчэ ў Данецк, бо гэта цэнтар вобласьці. Пачалі аднаўляць будынкі. У нас адкрывалася проста неймаверная колькасьць кавярняў. Пачалі аднаўляць старыя пірсы, адкрываць там рэстараны. Усе замежныя журналісты казалі, што ў нас сапраўды прыгожы горад. А па-другое, расейцы хацелі здабыць прамы шлях на Крым і ваду. Часткова гэта ўдалося. А трэцяя прычына — гэта базаваньне ў Марыюпалі палка „Азоў“, да якога вялізная нянавісьць», — кажа Юля.
«Большасьць патрыятычна настроеных марыюпальцаў рыхтуецца вяртацца і адбудоўваць горад»
Ёй удалося пакінуць Марыюпаль 15 сакавіка на машыне. Некаторыя жыхары гораду ўцякаюць пешкі ўздоўж берагавой лініі. Так можна бясьпечна прайсьці побач з гарачымі пунктамі. Нехта ідзе проста па дарозе пехам. Юля выехала пасьля таго, як зь ейнага двара паехаў сусед, у якога быў генэратар. Яны ўсё ад яго зараджалі тэлефоны і іншае.
«Мы зразумелі, што час ехаць. Мы спадзяваліся, што зможам там жыць. Мы гэта ўжо праходзілі, вайна працягваецца восем гадоў. Я ведаю, што такое „Грады“, што такое хавацца ў падвале. Таму я разьлічвала жыць у Марыюпалі, хоць і пад абстрэламі», — расказвае Юля.
На блокпасту, паводле яе, жанчын не чапалі. Пры сабе ў яе было журналісцкае пасьведчаньне і тэлефон з кантактамі. Калі б расейцы гэта знайшлі, то, перакананая жанчына, яна трапіла б у палон.
«Майго сябра, які працаваў у міжнароднай гуманітарнай місіі, разьдзелі па пояс. Шукалі тату або сьляды ад нашэньня зброі. Знайшлі пасьведчаньне і сказалі, што ён працуе на замежную выведку, маўляў, па канале „Россия-1“ казалі, што гэта не гуманітарная місія, а шпіёны. Але нам удалося ў выніку зьехаць», — кажа Юля.
Цяпер Юля з сынам і сябрам у бясьпецы, на тэрыторыі, якую кантралюе Ўкраіна. Пасьля вайны яна плянуе вярнуцца ў Марыюпаль.
«Я не адна такая. Большасьць патрыятычна настроеных марыюпальцаў рыхтуецца вяртацца і адбудоўваць горад. Калі я выяжджала, то сказала 80-гадовай суседцы, што мы вернемся і адбудуем горад такім, якім ён быў калісьці».