Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лё Пэн выступіла супраць забароны энэргарэсурсаў з Расеі


Марын Лё Пэн
Марын Лё Пэн

У Францыі кандыдатка ў прэзыдэнты і прадстаўніца ультраправага «Нацыянальнага аб’яднаньня» Марын Лё Пэн заявіла, што падтрымлівае санкцыі супраць Масквы ў сувязі з Украінай, але ня ў тым выпадку, калі гаворка ідзе пра расейскія энэрганосьбіты.

Па словах Лё Пэн, яна ня хоча, каб французы цярпелі ад наступстваў санкцый у дачыненьні да нафты і газу.

На фоне прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі і вайны на тэрыторыі Ўкраіны крытыкі Лё Пэн зьвярнулі ўвагу на яе ранейшыя сувязі з Расеяй. Пры гэтым палітык асудзіла расейскую агрэсію ў адносінах да суседняй краіны.

У другім туры выбараў прэзыдэнта Лё Пэн будзе змагацца за пасаду зь дзейным кіраўніком дзяржавы Эманюэлем Макронам. Галасаваньне адбудзецца 24 красавіка.

Большасьць краін Эўразьвязу робяць захады, каб скараціць імпарт расейскіх энэрганосьбітаў, каб абмежаваць магчымасьці Крамля фінансаваць вайну. Адназначна адмаўляецца зрабіць гэта толькі Вугоршчына. У той жа час залежнасьць некаторых краін, напрыклад Нямеччыны, ад расейскага газу нагэтулькі істотная, што іх кіраўніцтва заяўляе, што поўная адмова ад паставак з Расеі магчымая толькі празь некалькі гадоў. Улады такіх дзяржаў асьцерагаюцца далейшага росту цэнаў на энэрганосьбіты для грамадзян.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў відэазвароце да парлямэнту Літвы заявіў, што ЭЗ павінен назваць дакладныя тэрміны адмовы ад імпарту энэргарэсурсаў з Расеі і ўнесьці іх у адзін з пакетаў санкцый супраць Крамля.

Раней ЭЗ увёў пяць пакетаў санкцый у дачыненьні да Расеі і Беларусі, пад санкцыі падпалі больш за 1000 расейскіх фізычных і юрыдычных асобаў і цэлыя галіны эканомікі. Апошні пакет забараніў імпарт вугалю з Расеі і ўезд на тэрыторыю Эўразьвязу расейскага грузавога транспарту.

Раней эмбарга на расейскія энэргарэсурсы ўвялі ЗША і Вялікая Брытанія, якія спажывалі істотна менш расейскай нафты, чым ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG