Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць кандыдатаў на выбарах у Францыі, якія ня выйшлі ў другі тур, падтрымала Макрона


Лідэр францускіх выбараў, дзейны прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон
Лідэр францускіх выбараў, дзейны прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон

«Будучыя два тыдні кампаніі будуць вельмі цяжкімі», — экспэртка з Парыжу Тара Варма аб прэзыдэнцкіх выбарах у Францыі.

Старшы навуковы супрацоўнік у пытаньнях палітыкі Эўрапейскай рады міжнародных зносінах у Парыжы Тара Варма падзялілася са Свабодай сваімі назіраньнямі і асноўнымі высновамі аб першым туры прэзыдэнцкіх выбараў у Францыі.

Учора ў Францыі прайшоў першы тур прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле афіцыйных вынікаў, дзейны прэзыдэнт краіны, 44-гадовы Эманюэль Макрон, апярэдзіў усіх апанэнтаў, набраўшы 27,6% галасоў. Лідэрка ультраправага «Нацыянальнага аб’яднаньня», 53-гадовая Марын Лё Пэн, набрала 23,41% галасоў і прайшла ў другі тур, сьведчаць афіцыйныя дадзеныя аб выбарах.

«Наступныя два тыдні выбараў будуць вельмі цяжкімі: ім давядзецца кампэнсаваць адсутнасьць кампаніі, якую мы адчувалі да гэтага часу», — лічыць Тара Варма.

Яна падкрэсьлівае, што будуць прадстаўлены дзьве праграмныя плятформы з вельмі рознымі поглядамі на эўрапейскую і замежную палітыку і вынікаючымі адсюль рознымі наступствамі для эўрапейскага сувэрэнітэту, сяброўства ў NATO, міграцыі.

Макрон, адзначае экспэртка, прадставіў некалькі сваіх прыярытэтаў на выпадак перавыбраньня:

  • «незалежная і моцная Францыя» для навукі, тэхналёгій, узброеных сіл, сельскай гаспадаркі;
  • больш справядлівая Францыя — дабрабыт дзяржавы, адукацыя, пэнсія, ахова здароўя і стан шпіталяў;
  • зьмяненьне клімату і экалягічнае плянаваньне, сэкулярызм, барацьба з ісламскім сэпаратызмам;
  • Макрон 4 разы паўтарыў, што краіна, якая верыць у навуку і розум, цалкам зьяўляецца часткай Эўропы.

Лё Пэн заявіла ўвечары 10 красавіка, што выбар 24 красавіка будзе за «грамадзтвам і цывілізацыяй».

У прадстаўленай частцы яе праграмы ў асноўным робіцца акцэнт на ўнутраныя прыярытэты, зазначае Тара Варма:

  • «Лё Пэн сказала, што ў яе вельмі вялікія амбіцыі ў адносінах да „дэмакратыі, эканомікі і экалёгіі, сацыяльных пытаньняў, такіх як пакупніцкая здольнасьць, ахова здароўя, жытло, і што яна хоча аб’яднаць вакол сябе францускае насельніцтва“. Яна зьвярнулася да левага крыла электарату. Яна кіне выклік Макрону ў гэтых пытаньнях, якія аказаліся для яго складанымі, асабліва падчас руху „Жоўтых камізэлек“».

Трэцяе месца заняў Жан-Люк Мэляншон зь левай партыі «Непакорлівая Францыя» (21,95%). Ён заклікаў сваіх выбарнікаў «не аддаваць ніводнага голасу Марын Лё Пэн».

Кандыдаты ад «сыстэмных» партый — правацэнтрысцкіх рэспубліканцаў і сацыялістаў, Валеры Пекрэс (4,79%) і Ан Ідальга (1,74%) заявілі аб тым, што падтрымліваюць Макрона, каб не дапусьціць «экстрэмістаў» да ўлады.
Галасаваць за Лё Пэн у той самы час заклікаў ультраправы Эрык Зэмур, які набраў 7% і заняў чацьвёртае месца.

Марон і Лё Пэн змагаліся за перамогу ў другім туры і на мінулых выбарах. Тады Макрон упэўнена перамог з паказчыкам у 66,10%, суперніца набрала 33,90%.

Апытаньні перад учорашнім галасаваньнем паказвалі, што пакупніцкая здольнасьць стала галоўным клопатам выбарнікаў на фоне рэзкага росту цэнаў на энэрганосьбіты і росьце інфляцыі, піша BBC. Лё Пэн пасьпяхова засяродзіла на гэтым сваю кампанію, у той час як Макрон быў больш заклапочаны вайной ва Ўкраіне і эўрапейскай рэакцыяй на сытуацыю, якая адбываецца ў гэты момант.

Ультраправая Марын Лё Пэн у гэтую кампанію традыцыйна крытыкавала Эўразьвяз, выступала за тое, каб рабіць Францыю больш незалежнай ад ЭЗ, і настойвала на яе выхадзе з NATO.

У 2017-м, калі яна таксама змагалася за прэзыдэнцкае крэсла з Эманюэлем Макронам, Лё Пэн абяцала наладзіць блізкія адносіны з Расеяй у выпадку сваёй перамогі і называла санкцыі няплённымі. А яшчэ ў 2014 годзе Марын Лё Пэн падтрымала анэксію Крыму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG