Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар эканомікі Чарвякоў: «Санкцыі з боку недружалюбных краін — эканамічны генацыд»


Аляксандар Чарвякоў
Аляксандар Чарвякоў

Мінэканомікі Беларусі разам з расейцамі распрацоўвае шляхі далейшай эканамічнай палітыкі. Гэта і іншыя падыходы да імпартазамяшчэньня, і новыя захады па лініі Эўразійскай эканамічнай прасторы і «саюзнай дзяржавы».

Міністар эканомікі Беларусі Аляксандар Чарвякоў назваў санкцыі, уведзеныя ў дачыненьні дзяржавы, «эканамічным генацыдам». Аднак пры гэтым ён бачыць магчымасьці пазьбегнуць большых праблем.

«З боку заходніх недружалюбных краін я б назваў гэта эканамічным генацыдам. Цалкам зьнішчыць шэраг галін, якія зьяўляюцца ключавымі для нашай эканомікі. Гэта, вядома, насьцярожвае. Але мы бачым, што ў нас ёсьць усе магчымасьці, каб гэта прадухіліць», — сказаў ён у эфіры дзяржаўнай тэлевізіі, піша reform.news.

Па словах Чарвякова, прадукцыя, заблякаваная санкцыямі, зьяўляецца канкурэнтаздольнай, на яе ёсьць вялікі попыт, а цэны растуць, застаецца толькі пераарыентаваць яе на іншыя рынкі. Для іх і распрацаваны комплекс захадаў падтрымкі.

«Вы зьвярніце ўвагу, як растуць цэны на ўгнаеньні. Як растуць цэны на прадукты харчаваньня, хімічныя валокны, драўніну і гэтак далей. Гэта значыць, гэтыя тавары лёгка прадаюцца. Пытаньне толькі зараз пераарыентавацца на іншыя рынкі — тое, чым цяпер займаюцца нашыя прадпрыемствы. І вось у падтрымку гэтым прадпрыемствам распрацаваны комплекс захадаў», — сказаў ён.

Паводле яго, фінансаваньне экспарту павялічана на 300 млн. рублёў, да 2,1 млрд рублёў. Тэрміны вяртаньня крэдытаў павялічаны з 6 да 12 месяцаў. Экспартнае крэдытаваньне будзе выдзяляцца і на прадукты харчаваньня. Зьнялі абмежаваньні на суму кантракту. Міністар таксама анансаваў спрашчэньне мытных працэдур.

Мінэканомікі таксама робіць стаўку на імпартазамяшчэньне. Чарвякоў назваў яго нацыянальным праектам. Цяпер найперш будуць замяшчаць імпарт з так званых недружалюбных краін. Улады хочуць замясьціць 9 млрд даляраў такога імпарту.

«Мы прааналізавалі ўсе пазыцыі гэтага імпарту, вылучылі некалькі груп галіновых і разам з расейскімі калегамі адпрацуем кожную групу, кожную пазыцыю. І вось па кожнай пазыцыі мы ўжо бачым, якія тавары можам вырабляць у сябе, павялічыўшы аб’ёмы іх вытворчасьці. Другая група тавараў — там, дзе мы на існых пляцоўках, на існых тэхналёгіях таксама можам вырабляць. Гэта пытаньні, зьвязаныя з каробкамі перадач, заднімі мастамі, гідраўзмацняльнікамі і гэтак далей. І трэцяя група — тавары, якія мы ня можам вырабляць ні на нашых прадпрыемствах, ні на прадпрыемствах Расеі. Тут патрэбны новыя праекты», — сказаў ён.

Міністар растлумачыў, што на працягу красавіка ўрад прадставіць інфармацыю аб такіх праектах. Чарвякоў разьлічвае, што фінансаваньне можа ісьці зь бюджэту так званай «саюзнай дзяржавы».

«У гэтым месяцы мы павінны папярэднюю працу выканаць і прадставіць яе ўрадам. Што да фінансаваньня, вядома, тыя праекты, якія будуць мець такі сынэргетычны эфэкт для дзьвюх дзяржаў, маюць права быць прафінансаваныя з боку бюджэту саюзнай дзяржавы. І мы на гэта спадзяёмся», — сказаў Чарвякоў.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG