Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12-кілямэтровая калёна расейскай тэхнікі рушыць на Харкаў; знайшлі новую брацкую магілу на Кіеўшчыне. 46-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Кампанія Maxar Technologies у нядзелю апублікавала спадарожнікавыя здымкі, на якіх бачна, як 12-кілямэтровая калёна расейскай ваеннай тэхнікі рухаецца па Харкаўскай вобласьці Ўкраіны.
Кампанія Maxar Technologies у нядзелю апублікавала спадарожнікавыя здымкі, на якіх бачна, як 12-кілямэтровая калёна расейскай ваеннай тэхнікі рухаецца па Харкаўскай вобласьці Ўкраіны.

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 4 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Спадарожнікавыя здымкі ад 8 красавіка зафіксавалі рух буйной расейскай калёны ў бок Харкава.
  • Херсонцы зноў выйшлі на мітынг за Ўкраіну.
  • У вёсцы Бузавая, у Кіеўскай вобласьці, знойдзена брацкая магіла зь целамі дзясяткаў цывільных асобаў.
  • ААН: Украіну з пачатку вайны пакінулі больш за 4,4 млн чалавек, — зьвесткі на раніцу 9 красавіка.
  • АНН пацьвердзіла гібель амаль 1800 мірных жыхароў падчас вайны Расеі супраць Украіны.
  • Сярод загінулых, паводле зьвестак ААН, 142 дзіцяці (зьвесткі Генпракуратуры Ўкраіны на раніцу 10 красавіка сьведчаць аб гібелі 177 дзяцей).

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 10 красавіка

Колькасьць загінулых у выніку нападу на Краматорск павялічылася да 57

Сьледча-апэратыўная група, якая завяршыла працу на месцы абстрэлу ў Краматорску, выявіла, што ў выніку ракетнага абстрэлу загінулі 57 чалавек, яшчэ 109 атрымалі раненьні. Пра гэта ў сумесным эфіры ўкраінскіх тэлеканалаў паведаміў кіраўнік Данецкай абласной ваеннай адміністрацыі Паўло Кірыленка.

Паводле яго слоў, цяжка параненыя знаходзяцца ў бясьпечных рэгіёнах, ім аказана ўся неабходная мэдыцынская дапамога. Пасьля трагедыі значна павялічылася колькасьць эвакуіраваных з Данбаса.

Пасьля дэакупацыі памежнікі вяртаюцца на ўкраінска-беларускую мяжу, — Араставіч

Ваеннаслужачыя Дзяржайнай памежнай службы Ўкріаны пасьля дэакупацыі вяртаюцца да аховы паўночных межаў, паведаміў дарадца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Аляксей Арастовіч.

У пачатку красавіка расейскія войскі цалкам пакінулі тры вобласьці на поўначы Ўкраіны — Кіеўскую, Чарнігаўскую і Сумскую.

У Кіеўскай вобласьці знойдзена новае масавае пахаваньне жыхароў

Украінскія афіцыйныя асобы заявілі, што ў вёсцы Бузавая, у Кіеўскай вобласьці, знойдзена брацкая магіла зь целамі дзясяткаў цывільных асоб. Гэта апошняе з масавых пахаваньняў, пра якія стала вядома пасьля адыходу расейскіх войскаў з тэрыторый на поўнач ад Кіева.

Тарас Дзідыч, кіраўнік Дзьмітраўскай грамады, у якую ўваходзіць Бузавая, у эфіры тэлемаратону ўкраінскага ТБ паведаміў, што пахаваньне было знойдзена паблізу аўтазаправачнай станцыі. Целы забітых выявілі таксама прыкладна ў дзясятцы машын са сьлядамі абстрэлаў на галоўнай дарозе, якая праходзіць праз Бузавую, адзначыў чыноўнік.

Пасол Украіны лічыць непатрэбным удзел Беларусі ў расейска-ўкраінскіх перамовах

Пасол Украіны ў Менску Ігар Кізім ня бачыць карысьці, якую можа прынесьці расейска-ўкраінскім перамовам магчымы ўдзел у іх Беларусі. Сваім меркаваньнем аб гэтым ён падзяліўся ў Facebook.

Дыплямат зазначыў, што «пакуль увесь сьвет асуджае» напад Расеі на Ўкраіну, у Беларусі «так званыя «камэнтатары» і «экспэрты» на ўсіх дзяржСМІ (іншых тут няма) спрабуюць абвінаваціць у гэтым украінскія ўзброеныя сілы або гавораць, «што там ня ўсе адназначна». Паводле слоў Кізіма, «антыўкраінская рыторыка і крывадушнасьць уладаў» ня сталі для яго «адкрыцьцём», паколькі і раней беларускі бок «спрабаваў перакуліць усё «з ног на галаву» і прытрымлівацца расейскай прапаганды. Дыплямат паведаміў, што прыняў удзел у сустрэчы ў МЗС Беларусі, але там «не змаглі толкам растлумачыць», на чым грунтуецца прапанова беларускага боку аб удзеле яго прадстаўнікоў у перамовах паміж Украінай і Расеяй.

На Чарнабаеўскай птушкафабрыцы загінулі больш за чатыры мільёны курэй

Адбылося гэта пасьля таго, як расейскія вайскоўцы вывелі з ладу мясцовую электрастанцыю, паведамляе The Wall Street Journal. Праз адсутнасьць электрычнасьці перастала працаваць аўтаматызаваная сыстэма кармленьня птушак, што і стала прычынай іх гібелі.

Чарнабаеўская птушкафабрыка — найбуйнейшая ў Эўропе. Яна знаходзіцца на тэрыторыі, якую акупавалі расейскія войскі яшчэ 26 лютага.

У Херсоне новы мітынг за Ўкраіну

Херсон на поўдні Ўкраіны, які апынуўся пад кантролем расейцаў, працягвае пратэставаць супраць акупацыі. Жыхары гораду 10 красавіка зноўку выйшлі на марш з украінскімі лёзунгамі. Іх спрабуюць разагнаць стрэламі. У плянах расейцаў, як паведамляюць украінскія СМІ, стварыць так званую «Херсонскую народную рэспубліку».

Кіеў: памежнік падарваў сябе разам з радыёстанцыяй

10 красавіка старшы афіцэр памежнай службы Ўкраіны падарваў сябе на радыёстанцыі ў Марыюпалі, каб не дапусьціць да яе расейскіх захопнікаў.

Пра гэта паведаміў дарадца кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Аляксей Арастовіч.

Доўгая калёна расейцаў рушыць на Харкаў

Сьцьвярджаецца, што калёна расьцягнулася амаль на 13 кілямэтраў. Здымкі датаваныя 8 красавіка.

Ва Ўкраіне памілавалі 363 чалавек, каб тыя абаранялі дзяржаву

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі з пачатку вайны памілаваў 363 асуджаных, якія пайшлі ваяваць за Ўкраіну, — паведамляе Міністэрства юстыцыі краіны.

Дзеля таго, каб далучыцца да абароны Украіны, асуджаным неабходна прайсьці працэдуру вызваленьня па законе, зьвярнуцца ў ў пракуратуру або суд аб вызваленьні з-пад варты (арт. 616 УВК Украіны).

Хадайніцтвы аб жаданьні служыць ад асуджаных працягваюць паступаць, адзначылі ў ведамстве.

Расейцы нанесьлі ўдары па Днепрапятроўскай вобласьці

У ноч на нядзелю, 10 красавіка, расейскія войскі нанесьлі ракетныя ўдары па Днепрапятроўскай вобласьці. Пра гэта паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной адміністрацыі Валянцін Рэзьнічэнка.

«Для нашага рэгіёну гэта быў час антырэкордаў. Сырэны амаль кожную гадзіну. І, на жаль, ёсьць „прылёты“ ў розных раёнах», — сказаў ён.

У Дніпры расейскія ўдары разбурылі аб’ект інфраструктуры. Там ратавальнікі некалькі гадзін тушылі пажар. Ёсьць адна ахвяра. У Паўлаградзкім раёне ракета расейцаў прыляцела на прамысловы аб’ект. У выніку ўдару памяшканьне разбурана. Здарыўся пажар. Пацярпелых няма. У Дніпроўскім раёне згарэла гаспадарчая пабудова. Ніхто не пацярпеў.

Уцекачы ад вайны

Украіну з пачатку вайны пакінулі больш за 4,4 млн чалавек, вынікае са зьвестак на сайце агенцтва ААН па справах уцекачоў на 9 красавіка.

Большасьць зь іх выехалі ў Польшчу — гэта больш за 2,5 млн чалавек. Звыш 671 тысячы чалавек адправіліся ў Румынію, 413 тысяч — у Вугоршчыну, 406 тысячы чалавек — у Малдову, 373 тысячы — у Расею, 307 тысяч — у Славакію і 19 тысяч — у Беларусь.

На пачатак 2022 году на тэрыторыі Ўкраіны пражываў 41 мільён чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

Агенцтва S&P панізіла крэдытны рэйтынг Расеі да «выбарачнага дэфолту»

Міжнароднае рэйтынгавае агенцтва S&P Global Ratings панізіла рэйтынг Расеі ў замежнай валюце з CC/C да SD/SD («выбарачны дэфолт»). Рэйтынг у нацыянальнай валюце застаецца на ўзроўні CC/C з нэгатыўным прагнозам.

У паведамленьні S&P зазначаецца, што ў Расеі ёсьць 30 дзён, каб не дапусьціць дэфолт. Аднак агенцтва сумняецца, што інвэстары змогуць канвэртаваць рублёвыя плацяжы ў даляры з прыбыткам, які быў прадугледжаны.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з гэтым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

JYSK прыпыняе працу ў Беларусі

Дацкая кампанія JYSK (тавары для дому) прыпыніў працу крамаў і сайта ў Беларусі з 18 красавіка. У Беларусі ёсьць 10 крамаў JYSK. Раней дацкі рытэйлер сышоў з расейскага рынку. У беларускіх крамах JYSK сабраліся ўтварыліся чэргі.

Як рэагуе сьвет

Славакія перадала Ўкраіне сыстэму СПА С-300

Прэм'ер-міністар Славакіі Эдуард Хегер пацьвердзіў, што Славакія прадаставіла Ўкраіне сыстэму супрацьпаветранай абароны С-300. Аб гэтым ён паведаміў у Twitter. «Украінскі народ мужна абараняе сваю сувэрэнную дзяржаву і нас таксама», — дадаў ён.

Байдэн падпісаў два законапраекты, якія ўводзяць дадатковыя санкцыі супраць Расеі і Беларусі

Абодва законы зьвязаныя з агрэсіяй Расеі ва Ўкраіне. Пазбаўленьне Беларусі і Расеі статусу найбольшага спрыяньня ў гандлі на практыцы дазваляе ўвесьці больш высокія тарыфы на імпарт зь дзьвюх гэтых краін. Напярэдадні законапраекты ўхваліў амэрыканскі Кангрэс.

ЗША адправілі Ўкраіне партыю ўдарных дронаў Switchblade і дадуць больш комплексаў Javelin

ЗША дадуць Украіне дадатковую вайсковую дапамогу (супрацьтанкавыя сыстэмы Javelin) на 100 млн даляраў. Пра гэта паведаміў дзяржсакратар Энтані Блінкен. З 24 лютага ЗША далі Ўкраіне ваенную дапамогу на суму 1,7 млрд даляраў.

Таксама ЗША ўжо адправілі Ўкраіне партыю з 100 ударных дронаў Switchblade, паведаміў прэс-сакратар Пэнтагона Джон Кірбі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG