Сілавікі сьцьвярджаюць, што Юлію затрымалі за «судзеяньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (артыкул 361-1 Крымінальнага кодэксу). Прычыны затрыманьня невядомыя. Апошнім часам Ганісеўская ўдзельнічала ў зборы дапамогі для ўкраінскіх уцекачоў, якія трапілі ў Беларусь. Таксама яна дапамагала зь перадачамі для ўкраінцаў, якія жывуць на памежжы зь Беларусьсю.
Ганісеўская актыўна займалася грамадзкай дзейнасьцю. Была актывісткай кампаніі «Гавары праўду».
Да выбараў 2020 году Юлія пісала шматлікія звароты, зьбірала подпісы ў мясцовыя органы з мэтай добраўпарадкаваньня мікрараёну Паўднёвы Гомля, дзе яна жыла. Таксама яна ўдзельнічала ў розных пошукавых ініцыятывах, у тым ліку ў пошуку ў 2017 годзе 10-гадовага Максіма Мархалюка ў Белавескай пушчы.
У 2019 годзе Юлія балятавалася ў парлямэнт ад сваёй акругі ў Гомлі. У перадвыбарчай праграме акцэнт ставіла на вырашэньні мясцовых праблемаў, у тым ліку на разьвіцьці інфраструктуры мікрараёну, добраўпарадкаваньні. У парлямэнт яна ня трапіла.
Ад пачатку пандэміі ўвесну 2020 году Юлія Ганісеўская ўключылася ў кампанію By-Covid. Займалася лягістыкай, шыла ахоўныя касьцюмы для мэдыкаў, арганізавала іншых швачак у Гомлі і Рэчыцы.
Яна з мужам маюць чацьвёра дзяцей.
Цяпер Юлія ў ізалятары часовага ўтрыманьня. 8 красавіка сілавікі прывозілі яе дахаты на ператрус. Забралі тэхніку.