Працэс над 10 фігурантамі «справы рэвалюцыйнага дзеяньня», які пачнецца 25 красавіка, будзе праходзіць у адкрытым рэжыме, піша «Вясна».
Разглядаць справу будзе судзьдзя Сяргей Хрыпач.
Фігурантаў справы — Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Акіхіру Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксея Галаўко, Аляксандра Казлянка, Паўла Шпетнага, Мікіту Дранеца, Андрэя Марача, Данілу Чуля — будуць судзіць за падзеі пэрыяду 2016–2020 гадоў. Іх абвінавачваюць у арганізацыі, кіраўніцтве ці ўдзеле ў анархісцкіх групах — «Революционное действие», «Народная самооборона», «Революцiйна дiя». У СК адзначылі, што гэтыя аб’яднаньні нібыта, сярод іншага, мелі «аўтаномныя ячэйкі ў рэгіёнах са сваімі нефармальнымі лідэрамі» і ўвайшлі ў склад «міжнароднай злачыннай арганізацыі» ў якасьці яе структурных падразьдзяленьняў.
Матэрыялы справы складаюць 160 тамоў.
Ведамства лічыць, што кіраўнікамі былі трое абвінавачаных і іншыя асобы, якія «хаваюцца ад сьледзтва і актыўна робяць спробы працягнуць злачынную дзейнасьць».