Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З 285 тысяч чалавек засталося 100–120 тысяч». Жыхар Чарнігава пра жыцьцё пад бамбёжкамі ў расейскай аблозе


Разбураны гатэль «Украіна» ў Чарнігаве
Разбураны гатэль «Украіна» ў Чарнігаве

Аляксей (імя зьменена па просьбе героя. — РС) з 24 лютага і па сёньняшні дзень жыве ў Чарнігаве. Практычна ад пачатку вайны ў горадзе не было электрычнасьці, газу, вады ў кранах. Людзі сядзелі ў сховішчах. Па зьвестках кіраўніцтва гораду, 70% будынкаў разбураныя ракетамі, бомбамі.

Як выжывалі людзі ў Чарнігаве — у матэрыяле Свабоды.

«У горадзе ад „Градаў“ было зарыва»

«Раніца 24 лютага стала гістарычнай. Пачатак кашмару я праспаў. Былі выбухі, была трывога, была сырэна ў Чарнігаве недзе, а 5 раніцы. Я гэтага ня чуў, на паверсе дома чулі гэта адзінкавыя людзі. Прачнуўся ў 6:30, уключыў мадэм — інтэрнэту няма, трывожны званочак. Пацягнуўся да мабільнага тэлефона, там інтэрнэт быў перапоўнены жахам, які ператварыўся ў рэальнасьць — пачалося поўнамаштабнае ўварваньне, працуе авіяцыя РФ, выбухі па ўсёй Украіне. Праз 10 хвілін пачуў выбух — гэта спрацавала ўкраінская СПА. Далей было ціха.

На вуліцы пачаўся масавы псыхоз — кілямэтровыя чэргі аўтамабіляў па гаручае, людзі зьбіраюцца выяжджаць з гораду. З крамаў усё скуплялі. Хто меў сваё аўто і сваякоў — пераважна зьехаў. Хтосьці абраў для выезду Заходнюю Ўкраіну, хтосьці зрабіў гэта нават загадзя. Хтосьці вырашыў заставацца ў горадзе. Мы з мамай спачатку сабралі торбы — думалі ехаць у Менскі раён, але пасьля панікі супакоіліся, вырашылі застацца дома. Увечары 24 лютага ў горадзе было зарыва ад «Градаў».

Спадарожнікавае фота разбуранага Чарнігава, 16 сакавіка 2022
Спадарожнікавае фота разбуранага Чарнігава, 16 сакавіка 2022

«Жартавалі, што пасьля вайны зьбяромся ў сховішчы і адсьвяткуем»

«Побач з намі было сховішча, на 2–3 паверхі ўніз. Спусьціліся ў сховішча зь ліхтарамі, выбралі пакой, знайшлі стэляжы і ў першы дзень зрабілі імправізаваную мэблю. У нашым „пакоі“ было да 20 чалавек. Вырашылі начаваць у хованцы. Наступныя дні былі небясьпечныя — паветраныя трывогі, выбухі. Бегаў туды-сюды, з дома ў сховішча і назад.

Спрытныя хлопцы задумаліся над павелічэньнем камфорту. Таму ў ход пайшлі вырваныя дзьверы ў доме, дзе знаходзіцца сховішча, зьяўляліся новыя месцы і ложкі, ужо можна было крыху паспаць, нават у холад. Потым правялі сьвятло сабе ў склеп, каб можна было зарадзіць тэлефоны і проста для зручнасьці.

Людзі ўжо выходзілі дадому толькі раніцай, я гэта так рабіў з мамай. Сьнедалі дома, гатавалі на ўвесь дзень, абед і вячэру — у сховішчы. Днём выходзілі на вуліцу каля сховішча, лавілі сувязь і інтэрнэт. Моладзь гуляла ў карты па вечарах, больш пажылыя людзі проста размаўлялі. Слухалі радыё. Зносіны былі пераважна добразычлівыя. Жартаў і сьмеху было больш, чым сьлёз. Жартавалі, што пасьля вайны зьбяромся ў сховішчы і адсьвяткуем, а памяшканьне здамо ў арэнду або пакінем у якасьці экспанату».

«Спадзяваліся на празорцаў і чакалі сьмерці Пуціна 5, 8 і 14 сакавіка»

«3 сакавіка мэр гораду завітаў да нас у сховішча і быў нешматслоўны — нам трэба было пакінуць уладкаванае памяшканьне з прычыны высокай небясьпекі. Людзі ўстрывожана кінуліся на выхад, нехта думаў ісьці дадому. Пайшлі ў новае сховішча.

4 сакавіка аказалася, што мэр меў рацыю. Наш раён трапіў пад абстрэл „Градамі“. У людзей са старымі вокнамі павыляталі шыбы. Сьцены ў дамах уздрыгвалі, людзі ў склепе ціха панікавалі, бо сыпалася тынкоўка.

Абстрэлы рабіліся часьцейшымі, артылерыя, паветраныя трывогі, бомбы — навіны Чарнігава дзівілі жахам, пачыналася аблога. Людзі стрымлівалі страх і працягвалі падтрымліваць адзін аднаго. Спадзяваліся на празорцаў і сьмерць Пуціна 5, 8, 14 сакавіка і гэтак далей. Усе чакалі цуду…

11 сакавіка — яшчэ адзін страшны дзень для нашага раёну. Раніцай нас накрылі касэтныя бомбы, жылы мікрараён, а 9-й раніцы трэсла ад бомбаў і абломкаў. На вялікі цуд, людзі не пацярпелі, загінуў сабака каля аднаго з дамоў. Абломкі ляцелі паўсюль, выбівалі вокны, заляталі ў дамы, разбуралі аўто. У сховішча пасьля жаху забег задыханы мужчына, ён апынуўся там упершыню. Расказаў усім, што бачыў салют у небе — потым бомбы і абломкі. Ён лёг на зямлю і ўратаваўся. Ужо ўвечары заўважыў у куртцы некалькі прапаленых дзірак і выцягнуў міні-абломкі».

Спадарожнікавае фота Чарнігава, 21 сакавіка 2022: гараць сховішчы нафты
Спадарожнікавае фота Чарнігава, 21 сакавіка 2022: гараць сховішчы нафты

«Ноччу ў хованцы людзі прачыналіся, бо ад нізкіх палётаў самалётаў аж трэсла сьцены»

«13 сакавіка пасьля абстрэлаў зьнікла вада і сьвятло, у дамах, акрамя майго, зьнік газ. Людзі сталі гатаваць ежу на вогнішчах каля дамоў ці ішлі да нас. Мы, вядома, прымалі іх на сваіх кухнях. У хованцы таксама было знаходзіцца псыхалягічна цяжка. Людзі выходзілі на вуліцу, на сьвятло, сонца ўжо грэла. Вайскоўцы і тэрабарона заганялі нас, каб нас не зафіксавалі варожыя бесьпілётнікі і не ствараўся натоўп пры абстрэлах і авіяпагрозах, але хто там слухаўся…

Патроху пачыналі гудзець у раёне генэратары. Пра сьвятло дома забыліся. У сховішчы з намі быў чалавек, які клапаціўся пра наш раён. Ён прывозіў хлеб, батоны, ваду.

Горад працягвалі абстрэльваць і бамбіць. Ноччу ў хованцы людзі прачыналіся, бо ад нізкіх палётаў самалётаў аж трэсла сьцены. Артылерыя таксама была чуваць. Цішыня палохала, таму што пасьля яе абавязкова былі блізкія пападаньні мінамётамі, прынамсі ў нашым раёне.

Але цішыні не было ў сховішчы. Там людзі працягвалі шукаць пазытыў. Гэтаму дапамагалі і дзеці. Адна цяжарная дзяўчына хацела зьехаць, але не змагла і нарадзіла 9 сакавіка. 10 сакавіка дзядуля народжанай дзяўчынкі загінуў пад абстрэламі, ня ўбачыўшы ўнучкі. Такая трагічная гісторыя. Дзяўчына выехала пасьля родаў у бясьпечнае сяло».

«Мама казала, што смажанымі пеўнямі сьмярдзіць»

«Пазытыў можна было знайсьці і ў адносінах паміж людзьмі. Сьцерліся межы паміж пакаленьнямі, жарты былі трапныя, „падколы“ — сяброўскія. Адна жанчына, напрыклад, знайшла сабе маладога кавалера. За разьвіцьцём іх адносін сачыў кожны, а яны ўдала падыгрывалі гэтай сытуацыі. Ці будзе love story мець працяг, як ведаць.

Дзесьці ў дваццатых чыслах сакавіка Арастовіч даў надзею чарнігаўцам, што хутка аблога завершыцца. 30 сакавіка пачаўся адвод войскаў. Білі напрыканцы яны вельмі моцна! 31 сакавіка — 1 красавіка лівень змываў усю рускую поскудзь з Чарнігаўшчыны. Людзі трохі выдыхнулі, хоць да гэтага на выходных па раніцах было дыхаць няма чым ад моцнага ветру. Мама казала, што смажанымі пеўнямі сьмярдзіць. Пагаворваюць, што гэта яны і былі — спальвалі ў выязным крэматорыі трупы сваіх оркаў, якія прыйшлі на нашу зямлю і ўжо ня вернуцца дадому.

1 красавіка я ўпершыню вырваўся па гуманітарную дапамогу непадалёк — гэта быў першы выхад у людзі з пачатку баявых дзеяньняў. Страшнае дзейства вакол, як быццам у нейкім фільме жахаў. Прастаяўшы паўтары гадзіны ў чарзе, атрымаў пельмені, селядзец, крабавыя палачкі і печыва.

Цяпер горад пакрысе вяртаецца да звыклага жыцьця. Але яно ўжо ня будзе такім ад таго сьледу, што пакінулі пасьля сябе оркі і іх самалёты і ракеты. Будынкі будуць доўга адбудоўвацца, а раны людзей не зажывуць. Мэр гораду казаў, што ў Чарнігаве, па розных дадзеных, засталося 100–120 тысяч чалавек з 285 тысяч па стане на 24 лютага. Спадзяюся, што Чарнігаў адбудуецца і будзе ў далейшым радаваць сотні тысяч жыхароў сваёй прыгажосьцю і гістарычнай спадчынай. Горад-герой будзе жыць. Вялікая падзяка вайскоўцам і валянтэрам за іх подзьвігі. Гэтыя мужныя людзі дапамаглі Чарнігаву выстаяць у цяжкія часы».

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG