Як расказалі Свабодзе стваральнікі сайту, гэтая ініцыятыва мае на мэце дапамагчы беларусам разабрацца ў мэтадах прапаганды, патлумачыць, чаму важна крытычна падыходзіць да выбару крыніц інфармацыі, а таксама падкажа, як можна перашкаджаць распаўсюджваньню прапаганды.
«Ва ўмовах вайны прапаганда ў праўладных каналах становіцца больш радыкальная: агрэсія ў бок Украіны, падтрымка дзеяньняў Расеі і адмаўленьне таго, што Беларусь ужо зьяўляецца саўдзельнікам ваеннай агрэсіі. Але важна, каб усе разумелі: Лукашэнка ўцягнуў Беларусь у вайну. І тое, чым гэта скончыцца, залежыць у тым ліку ад нашай гатоўнасьці змагацца з дзяржаўнай прапагандай», — кажа Свабодзе лідэрка супольнасьці «Честные люди» Алена Жываглод.
Свабода выбрала з сайту шэраг прыкладаў з парадамі, як аргумэнтавала пераконваць замбаваных прапагандай сваякоў і знаёмых
Што супольнасьць «Честные люди» раіць зрабіць найперш:
- Пагаварыць са сваякамі, якія вераць тэлевізару.
- Спытацца, ці ведаюць яны пра ўдзел Беларусі ў вайне.
- Калі яны ня вераць, спакойна падзяліцца фактамі.
- Адной размовы будзе недастаткова, таму гаварыць варта часьцей.
«27 гадоў многіх беларусаў замбавалі дзяржаўнай прапагандай, таму пераканаць зь першага разу можа не атрымацца. Будзьце цярплівыя і настойлівыя. Карыстайцеся аргумэнтамі і прыкладамі. Кожнае сутыкненьне з рэальнасьцю будзе пакрысе мяняць іхныя перакананьні», — лічаць стваральнікі сайту «Вайна, якой мы не выбіралі».
Як патлумачыць, што гэта вайна, а не спэцапэрацыя
Вайна ў беларусаў асацыюецца найперш з жахам і горам Другой сусьветнай вайны: мільёны ахвяраў, зьнішчаныя гарады, спаленыя вёскі. Тэрмін «спэцапэрацыя» ўспрымаецца як нешта кароткатэрміновае і неабходнае, карыснае для агульнага дабра.
Расея называе вайной толькі тыя ваенныя канфлікты, у якіх не выступае ў якасьці агрэсара. За апошнія 80 гадоў СССР і потым Расея актыўна ўдзельнічалі як мінімум у 15 ваенных канфліктах, зь якіх толькі Другую сусьветную і Вялікую Айчынную (савецкая назва вайны) дзяржаўныя СМІ называюць войнамі.
«Спэцапэрацыя» ва Ўкраіне — гэта вайна. Расейская армія (ня нейкія спэцыяльныя падразьдзяленьні) перасекла межы сувэрэннай украінскай дзяржавы. Бамбіць як аэрадромы, так і радзільні, абстрэльвае і захоплівае гарады па ўсёй краіне, забівае ня толькі вайскоўцаў, але і мірных грамадзянаў. Наступствы «спэцапэрацыі», якая цягнецца ўжо больш за месяц, — тысячы забітых салдат і мірных жыхароў, у тым ліку дзяцей, мільёны ўцекачоў. Гэтую вайну асьвятляюць усе сусьветныя СМІ (акрамя дзяржаўных мэдыя ў Расеі і Беларусі).
Як патлумачыць, чаму Беларусь таксама зьяўляецца краінай-агрэсарам
Тэрыторыя Беларусі стала пляцдармам для групаваньня і нападу расейскіх войскаў. Яны былі ўведзеныя на тэрыторыю Беларусі пад выглядам ваенных вучэньняў і не былі выведзеныя па іх завяршэньні. Расейскія ўзброеныя сілы выкарыстоўваюць таксама і беларускую матэрыяльна-тэхнічную базу: вайсковыя базы і часткі, аэрадромы і нават лякарні. Калі б не патураньне ўладаў Беларусі, расейскае войска не змагло б так хутка напасьці на Кіеў, які знаходзіцца ўсяго за 150 кілямэтраў ад мяжы. З тэрыторыі Беларусі наносіліся ракетныя ўдары па Чарнігаве, Жытоміры, Кіеве і іншых населеных пунктах. Гэта пацьвердзіў Лукашэнка.
Згодна з азначэньнем агрэсіі, зацьверджаным ААН у артыкуле № 3, Беларусь — ужо краіна-агрэсар для ўсёй сусьветнай супольнасьці. Гэтая канвэнцыя была прынята ўсімі краінамі — удзельніцамі ААН, у тым ліку Беларусьсю, Украінай і Расейскай Фэдэрацыяй.
Што адказваць, калі гавораць пра войскі NATO ва Ўкраіне
NATO адмовілася пасылаць свае войскі на дапамогу Ўкраіне нават пасьля таго, як пачалася вайна. Армія Расеі змагаецца толькі з украінскім войскам і з добраахвотнікамі з атрадаў тэрытарыяльнай абароны. Часта дзяржаўныя СМІ Расеі і Беларусі апраўдваюць напад на Ўкраіну тым, што яна хацела ўступіць у NATO. Папраўдзе, праз вайну на Данбасе ва Ўкраіны не было на гэта шанцаў: альянс не дазволіў бы ўступіць у яго краіне, на тэрыторыі якой ёсьць ваенны канфлікт зь ядзернай дзяржавай.
Як патлумачыць, што Ўкраіна не зьбіралася нападаць ні на Беларусь, ні на Расею
А навошта? Няма ніводнай палітычнай ці эканамічнай прычыны для нападу. І гэта было немагчыма з улікам разьмеркаваньня вайсковых сіл. Пасьля беларуска-расейскіх вучэньняў на мяжы з Украінай засталіся сотні тысяч вайскоўцаў. І гэта сапраўды не найлепшы момант для нападу. Да таго ж у рамках дамовы аб так званай саюзнай дзяржаве Расея стала б абараняць Беларусь. У Расеі вялізная перавага ў вайсковай тэхніцы. У танках — у пяць разоў, у самалётах — у пятнаццаць. Няма рацыянальных тлумачэньняў, навошта Ўкраіне патрэбна гэтая вайна.
Як давесьці, што расейцы бамбяць ня толькі вайсковыя аб’екты, але і дзіцячыя сады, лякарні, тэатры
Па тэлевізары кажуць, што абстрэл вядзецца толькі па «вайсковых абʼектах». Па-першае, ня варта забывацца, што на вайсковых абʼектах працуюць жывыя людзі, якія гінуць першымі. Па-другое, удары наносяцца і па абʼектах цывільнай інфраструктуры, прычым часта знарок па іх. Кадры разбомбленай радзільні ў Марыюпалі абляцелі ўвесь сьвет. 16 сакавіка ў Марыюпалі разбамбілі драматычны тэатар, загінулі 300 мірных жыхароў. І гэта далёка не адзінкавыя выпадкі.
Часткова разбурэньне цывільнай інфраструктуры выклікана тым, што расейскае войска прымяняе зброю старых узораў зь нізкай дакладнасьцю, але высокай магутнасьцю. У тым ліку касэтныя бомбы — авіябомбы-кантэйнэры, якія разрываюцца ў паветры і выпускаюць мноства дробных бомбаў, якія пакрываюць вялікую тэрыторыю. Частка зь іх нярэдка не выбухае адразу, застаючыся пагрозай для насельніцтва на гады наперад. Прымяненьне гэта зброі забаронена ў густанаселеных раёнах. Расея выкарыстоўвала гэтыя бомбы пры абстрэле Харкава. Гэты факт прызнала ААН.
Як пераканаць, што гэта ня «фэйкі, сфабрыкаваныя ва Ўкраіне»
Па тэлевізары кажуць, што ахвяраў сярод мірнага насельніцтва і разбурэньняў цывільнай інфраструктуры няма і што гэтыя «фэйкі» фабрыкуюць ва Ўкраіне. Як урад Украіны змог у такія кароткія тэрміны разгарнуць кінавытворчасьць, якой пазайздросьціў бы Галівуд? Як яны змаглі так хутка наладзіць выпуск такой колькасьці фота і відэа зьнішчаных гарадоў і людзей? Ніяк, таму што разбомбленыя радзільныя дамы, тэатры і жылыя дамы — гэта праўда. Іх фатаздымкі зрабілі звычайныя людзі.
Як патлумачыць, што па тэлевізары хлусяць
Дзяржаўная тэлевізія ў Беларусі хлусіць дзесяцігодзьдзямі. Яна перапакоўвае расейскую дзяржаўную прапаганду і выдае за навіны. Яна рупар рэжыму Лукашэнкі, які ва ўсім залежыць ад Пуціна. У Беларусі ніколі не было прыватных тэлеканалаў нацыянальнага вяшчаньня, якія прапаноўвалі б альтэрнатыўны пункт погляду. А пасьля хвалі закрыцьця незалежных СМІ ў 2020-2021 не засталося і інтэрнэт-СМІ, да якіх ёсьць прамы доступ.
Паводле ацэнак міжнароднай арганізацыі «Рэпартэры бязь межаў», Беларусь знаходзіцца на 158-м месцы рэйтынгу ўзроўню свабоды прэсы. Ніжэй толькі Афганістан, Ірак, Паўночная Карэя.
Як расказаць пра сапраўдныя наступствы вайны для Беларусі
- Санкцыі значна пагоршаць жыцьцё ў Беларусі. Жалезная заслона апускаецца. Беларусь паступова становіцца ізаляванай і адрэзанай ад усяго сьвету краінай. Краіны адна за адной уводзяць беспрэцэдэнтныя санкцыі ў дачыненьні да Расеі, а значыць, і да Беларусі як галоўнага сябра і паплечніка Пуціна.
- Санкцыі азначаюць дэфіцыт базавых тавараў, скачок даляра і абясцэньваньне рубля, павышэньне кошту ўсіх імпартных тавараў, закрыцьцё межаў, абмежаваньне інтэрнэту.
- Беларусь будзе плаціць рэпарацыі. Пасьля заканчэньня вайны Ўкраіна будзе мець права патрабаваць рэпарацый. Аднаўляць украінскія гарады, інфраструктуру, выплачваць кампэнсацыі семʼям загінулых будуць ня толькі расейцы, але і беларусы. Усё, а ня толькі тыя, хто прымаў рашэньне. Усё таму, што Беларусь — таксама краіна-агрэсар. Паводле ацэнак ААН, сума шкоды эканоміцы Ўкраіны ўжо складае 100 мільярдаў даляраў.
- Калі Беларусь працягне быць хаўрусьніцай Расеі ў гэтай вайне, залежнасьць ад Крамля будзе толькі ўзмацняцца. Хутчэй за ўсё, Беларусь ня стане субʼектам РФ, бо Расеі выгадна трымаць Беларусь у якасьці «кішэннай дзяржавы», якая можа выступаць як адзінка, якая падтрымлівае вонкавую палітыку Расеі. У тым жа ААН. Беларускіх вайскоўцаў будуць адпраўляцца ў Сырыю, Украіну — туды, дзе Крэмль разьвяжа новую вайну.
- Беларускіх вайскоўцаў могуць адправіць на вайну. Калі Пуціну спатрэбіцца падтрымка, ён прымусіць Лукашэнку абʼявіць ваеннае становішча і пачаць прызыў вайсковаабавязаных на ваенную службу па мабілізацыі. Ня выключаны варыянт, што гэтае рашэньне прымуць пасьля правакацыі ці тэракту на тэрыторыі Беларусі, адказнасьць за які дзяржаўная прапаганда ўскладзе на Ўкраіну.