Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гішпанія, Данія, Італія, Латвія, Партугалія, Румынія, Славенія, Швэцыя і Эстонія выдвараюць расейскіх дыпляматаў


Антываенная акцыя ў Рыме ля амбасады РФ у дзень нападу расейскіх войскаў на Ўкраіну, 24 лютага 2022 г.
Антываенная акцыя ў Рыме ля амбасады РФ у дзень нападу расейскіх войскаў на Ўкраіну, 24 лютага 2022 г.

Напярэдадні расейскіх дыпляматаў выслалі яшчэ некалькі эўрапейскіх краінаў.

Данія высылае 15 расейскіх дыпляматаў, перадае Reuters са спасылкай на кіраўніка дацкага МЗС. Паводле яго, такое рашэньне прынята пасьля паведамленьняў аб масавых пахаваньнях і забойствах мірных жыхароў ва ўкраінскім горадзе Бучы.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава заявіла, што Масква прыме меры ў адказ у дачыненьні да супрацоўнікаў замежных установаў Даніі ў РФ.

Улады Італіі таксама абвясьцілі аб высылцы 30 расейскіх дыпляматаў, якія працуюць у пасольстве. Італьянскі міністар замежных спраў Люіджы Ды Маё сказаў, што гэтая мера была неабходная з прычын, зьвязаных з пытаньнямі нацыянальнай бясьпекі.

Таксама Швэцыя паведаміла аб рашэньні выслаць трох расейскіх дыпляматаў.

Кіраўнік МЗС Гішпаніі Хасэ Мануэль Альбарэс абвясьціў, што ўлады прынялі рашэньне выслаць каля 25 расейскіх дыпляматаў, якія «нясуць пагрозу інтарэсам бясьпекі» краіны.

Эстонія высылае 14 расейскіх дыпляматаў і закрывае генконсульства Расеі ў Нарве.

Латвія вырашыла выслаць 13 расейскіх дыпляматаў і закрыць два генконсульствы Расеі, піша РБК.

Партугалія высылае 10 расейскіх дыпляматаў, паведамляе Reuters са спасылкай на МЗС краіны.

Славенія апавясьціла аб высылцы 33 расейскіх дыпляматаў.

Румынія вышле 10 расейскіх дыпляматаў.

ЭЗ аб'явіў 19 дыпляматаў пэрсонамі нон-грата

Эўразьвяз аб'явіў пэрсонамі нон-грата 19 супрацоўнікаў пастаяннага прадстаўніцтва Расеі пры Эўразьвязе за «ўдзел у дзейнасьці, якая супярэчыць іх дыпляматычнаму статусу», піша Reuters. Іх абавязалі пакінуць Бэльгію, у якой разьмешчаныя кіруючыя структуры ЭЗ. Гаворка ідзе аб супрацоўніках пастаяннага прадстаўніцтва Расеі пры Эўразьвязе ў Брусэлі.

Адзначаецца, што загад аб іх высылцы даў вярхоўны прадстаўнік ЭЗ ў замежных справах Жузэп Бурэль.

МЗС Расеі ўжо заявіла, што адкажа на гэтае рашэньне.

Днём раней Нямеччына абвясьціла пэрсонамі нон-грата 40 супрацоўнікаў расейскага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Бэрліне. Выслаць супрацоўнікаў расейскіх дыпляматычных місіяў вырашыла і Францыя. Паводле францускіх СМІ, пакінуць краіну павінны каля 30 чалавек. Парыж лічыць, што дзейнасьць расейцаў супярэчыць інтарэсам бясьпекі Францыі.

Да гэтага Літва вырашыла зьнізіць узровень дыпляматычных адносін з Расеяй, што азначае адкліканьне літоўскага пасла ў Маскве, а таксама прадпісаньне расейскаму амбасадару пакінуць Літву.

Расея таксама абяцала зрабіць захады ў адказ.

  • Раніцай 3 красавіка журналісты і ўкраінскія ўлады паведамілі аб дзясятках загінулых людзей на вуліцах Бучы — гораду на паўночны захад ад Кіева. У сувязі з гэтым кіраўнік МЗС Украіны Дзьмітро Кулеба заклікаў Міжнародны крымінальны суд накіраваць місію ў Бучу. Мінабароны Расеі назвала фатаграфіі і відэаматэрыялы з забітымі мірнымі жыхарамі ў Бучы пад Кіевам «чарговай правакацыяй» і «пастаноўкай кіеўскага рэжыму для заходніх СМІ».
  • У ЭЗ заявілі, што «асуджаюць зьверствы, якія, як паведамляецца, учынілі расейскія ўзброеныя сілы ў шэрагу ўкраінскіх гарадоў». Кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен абвясьціла аб накіраваньні ва Ўкраіну сумесных сьледчых груп для дакумэнтаваньня ваенных злачынстваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG