Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі запрасіў Мэркель і Сарказі наведаць Бучу і «ўбачыць, да чаго прывяла палітыка саступак Расеі»


Ўладзімір Зяленскі
Ўладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выступіў зь вечаровым зваротам.

«На нашай зямлі пабывала канцэнтраванае зло, забойцы, каты, гвалтаўнікі, марадэры, якія называюць сябе арміяй і заслугоўваюць толькі сьмерці пасьля таго, што яны ўчынілі», — заявіў ён.

Перайшоўшы на расейскую мову, Зяленскі зьвярнуўся да маці расейскіх салдат:

«Нават калі вы гадавалі марадэраў, то як яны сталі яшчэ і катамі? Вы не маглі ня ведаць, што ўнутры ў вашых дзяцей, не маглі не заўважыць, што яны пазбаўлены ўсяго чалавечага, няма душы, няма сэрца. Яны забівалі сьвядома і з задавальненьнем. Я хачу, каб усё кіраўніцтва РФ убачыла, як выконваюцца іх загады: такія загады, такое выкананьне і салідарная адказнасьць... Вось так зараз будзе ўспрымацца ваша дзяржава. Гэта ваша выява. Ваша культура і чалавечая асоба загінулі разам з украінцамі і ўкраінкамі, да якіх вы прыйшлі».

Кіраўнік украінскай дзяржавы згадаў пра Бухарэсцкі саміт — 3 красавіка споўнілася 14 гадоў зь яго правядзеньня ў 2008 годзе. Зяленскі зьвярнуў увагу на неабходнасьць высноў аб «палітычных паводзінах, якія фактычна дазволілі гэтаму злу прыйсьці на нашу зямлю».

«Тады (у 2008 годзе) быў шанец забраць Украіну з шэрай зоны на ўсходзе Эўропы, з шэрай зоны паміж NATO і Расеяй, шэрай зоны, пра якую ў Маскве думаюць, што ім тут усё дазволена, нават самыя страшныя ваенныя злачынствы. За аптымістычнымі дыпляматычнымі фармулёўкамі аб тым, што Ўкраіна нібыта можа стаць сябрам NATO, тады ў 2008 годзе была схаваная адмова прымаць Украіну ў альянс», — сказаў Уладзімір Зяленскі.

Ён назваў гэтую адмову «ілжывым разьлікам» і зьвязаў яе з пачаткам расейскай агрэсіі ў 2014 годзе і поўнамаштабнай агрэсіяй у лютым 2022 году. Зяленскі згадаў тагачасных лідэраў Нямеччыны і Францыі — Ангелу Мэркель і Нікаля Сарказі.

«Я запрашаю спадарыню Мэркель, спадара Сарказі наведаць Бучу і ўбачыць, да чаго за 14 гадоў прывяла палітыка саступак Расеі. Убачыць на свае вочы закатаваных украінцаў і ўкраінак. Хачу, каб мяне зразумелі правільна: мы не абвінавачваем Захад, нікога, акрамя канкрэтных расейскіх вайскоўцаў, якія зрабілі гэта супраць нашых людзей і тых, хто аддаў ім загады. Але мы маем права казаць аб нерашучасьці, аб тым, якім быў шлях у такую Бучу, такі Гастомель, Харкаў, Марыюпаль. У нас няма нерашучасьці, у якім бы блёку і па-за блёкамі мы ні былі», — сказаў Зяленскі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG