Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр філёзаф і публіцыст Станіслаў Дубянецкі


Ілюстрацыя
Ілюстрацыя

Станіславу Дубянецкаму быў 81 год.

Пра сьмерць Станіслава Дубянецкага паведаміла ягоная пляменьніца Ірына Дубянецкая.

Навуковец на два гады перажыў свайго сына Эдуарда, у суаўтарстве зь якім напісаў шматлікія тэксты па філязофіі і культуразнаўстве.

Станіслаў Дубянецкі нарадзіўся ў вёсцы Востраў на Піншчыне ў 1940 годзе. З 1957 г. працаваў загадчыкам Востраўскага сельскага клюбу, загадчыкам бібліятэкі і настаўнікам Ласіцкай сярэдняй школы Пінскага раёну. У 1961–1971 гг. настаўнік матэматыкі, намесьнік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Чудзінскай СШ Ганцавіцкага раёна, інспэктар школ Ганцавіцкага раённага аддзелу народнай адукацыі, загадчык кабінэту палітасьветы Ганцавіцкага райкаму КПБ. Намесьнік загадчыка Дома палітасьветы Берасьцейскага абкаму КПБ (1973–1979), інструктар аддзелу прапаганды і агітацыі ЦК КПБ (1979–1989).

З 1989 г. — старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту філязофіі і права Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. У 1993–2008 вядучы навуковы рэдактар, загадчык рэдакцыі філязофіі, эканомікі і права выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя» імя Петруся Броўкі.

Дасьледаваў праблемы фармаваньня нацыянальнай самасьвядомасьці, нацыянальна-культурнага адраджэньня, маральнага выхаваньня асобы, разьвіцьця палітычнага працэсу, дэмакратыі і грамадзянскай супольнасьці.

Член навукова-рэдакцыйнай рады і аўтар звыш 80 артыкулаў па філязофіі, паліталёгіі, гісторыі філязофскай і грамадзкай думкі ў 18-томнай Беларускай энцыклапедыі (1996–2004). Адзін з аўтараў «Социологической энциклопедии» (2003), энцыкляпэдычных даведнікаў «Беларусь» (1995), «Чалавек і грамадства» (1998), «Рэлігія і царква на Беларусі» (2001), «Асветнікі зямлі Беларускай: Х—пачатак ХХ ст.» (2006; 2-е выд.), энцыкляпэдыі «Республика Беларусь. Т.1—6» (2005–2008) і інш. Навуковы рэдактар выдадзеных у БелЭн і іншых выдавецтвах кніг па культуралёгіі, філязофіі, паліталёгіі, правах чалавека.

Брат кнігавыдаўца, пісьменьніка, перакладчыка і грамадзкага дзеяча Міхаіла Дубянецкага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG