Пра гэта кіраўніца Малдовы заявіла ў інтэрвію Радыё Свабода.
«Давайце абмяркуем, што могуць азначаць санкцыі з пункту гледжаньня экспарту і імпарту: у нас і так няма доступу ні на ўкраінскі рынак, ні на расейскі і беларускі. Таму што ёсьць гэтая перашкода — вайна. І экспарт, і імпарт з гэтымі краінамі заблякаваны», — сказала Санду.
Яна таксама падкрэсьліла, што найважнейшай залежнасьцю Кішынэву ад Масквы зьяўляюцца энэргарэсурсы і дадала, што пакуль у Малдовы няма іншага вырашэньня гэтага пытаньня.
«Ці можам мы сёньня пакінуць краіну без прыроднага газу і электрычнасьці? Не, ня можам. Ні дзеля нашых грамадзянаў, ні дзеля 100 тысячаў украінскіх уцекачоў, 50 тысячаў зь якіх — дзеці», — заявіла прэзыдэнтка Малдовы.
Санду адзначыла, што Малдова «карыстаецца поўнай падтрымкай сваіх заходніх партнэраў». Яны паспрабуюць дапамагчы Кішынэву знайсьці альтэрнатыўныя варыянты забесьпячэньня энэргарэсурсамі. «Аднак да гэтага часу мы, відавочна, ня можам ігнараваць рэальнасьць», — дадала Санду.
На заўвагу журналісткі, што Кіеў «раззлаваны стаўленьнем Малдовы», Санду адказала:
«Вядома, мы мусім зрабіць усё, каб спыніць гэтую вайну. Але ёсьць пэўныя рэчы, якія мы абавязаны забясьпечыць для нашых грамадзянаў. Пакінуўшы краіну без энэргарэсурсаў і дэстабілізаваўшы сытуацыю тут, мы не дапаможам нікому: ні Малдове, ні Ўкраіне, ні нашым партнэрам на Захадзе».