Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская наведвае Эстонію з візытам, абмяркоўвае візы для беларусаў


Сьвятлана Ціханоўская і мінстарка замежных справаў Эстоніі Эва-Марыя Ліймэтс
Сьвятлана Ціханоўская і мінстарка замежных справаў Эстоніі Эва-Марыя Ліймэтс

Сярод іншага, яна сустрэлася з міністрам замежных справаў Францыі і міністаркай замежных справаў Эстоніі.

1 красавіка Сьвятлана Ціханоўская наведвае Эстонію з афіцыйным візытам, у плянах на дзень шэраг сустрэч і выступаў, паведамляе прэс-служба Ціханоўскай.

На сустрэчы зь міністаркай замежных справаў Эстоніі Эвай-Марыяй Ліймэтс Сьвятлана Ціханоўская падняла пытаньне адкрыцьця візаў і наданьня статусу е-рэзідэнта для беларусаў.

Яна таксама падзякавала за арганізацыю пасяджэньня сяброў Рады Бясьпекі ААН паводле формулы Арыі.

Сустрэча зь міністрам замежных спраў Францыі і ўдзел у канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН

Сёньня Сьвятлана Ціханоўская таксама сустрэлася зь міністрам замежных спраў Францыі Жанам-Івам Лё Дрыянам. Яны абмеркавалі беларускі антываенны рух і падтрымку Ўкраіны, закрыцьцё транзыту для падсанкцыйных тавараў церазь Беларусь, а таксама мэханізм кантролю за санкцыямі.

Ціханоўская расказала міністру пра апошнія акцыі беларускіх чыгуначнікаў, пра посьпехі антываеннага руху. Яна адзначыла, што беларускі народ мужна змагаецца за сваю свабоду і незалежнасьць, нягледзячы на масавыя арышты і допыты, і падкрэсьліла, што для Беларусі крытычна важна, каб любыя дамовы паміж Украінай і Расеяй уключалі вывад расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.

Таксама беларуская лідэрка распавяла Жану-Іву Лё Дрыяну аб праблемах беларусаў зь легалізацыяй, міграцыяй, аб істотных фактах дыскрымінацыі нашых грамадзян у краінах ЭЗ. Міністар адзначыў, што Францыя і Эўразьвяз адрозьніваюць беларускі народ і рэжым. Ціханоўская прапанавала стварыць адмысловую групу, якая будзе сачыць за выкананьнем санкцый, каб у рэжыму не было магчымасьці іх абысьці, і каб простыя людзі не цярпелі. Паколькі Францыя цяпер старшынюе ў Эўразьвязе, яны абмеркавалі магчымасьць узьняць пытаньне Беларусі падчас бліжэйшых паседжаньняў Рады па замежных справах ЭЗ.

Таксама Сьвятлана Ціханоўская прыняла ўдзел у Канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН. Яна расказала пра ролю Беларусі ў канфлікце Расеі і Ўкраіны.

Гэта канфэрэнцыя праходзіць сёньня ў Таліне і падсумоўвае двухгадовае старшынства Эстоніі ў Радзе Бясьпекі ААН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG