Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі зьвярнуўся да беларусаў з нагоды Дня Волі


Ян Ліпаўскі, Кіеў, люты 2022 году
Ян Ліпаўскі, Кіеў, люты 2022 году

Міністар замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі выступіў са зваротам з нагоды 104-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

У звароце міністар называе БНР «першай беларускай Рэспублікай».

«Сёньня, — сказаў міністар, — я хацеў бы зьвярнуцца да ўсіх мужных беларусак і беларусаў, якія ў цяжкіх умовах працягваюць пратэставаць супраць рэпрэсіўнага рэжыму Лукашэнкі, імкнучыся захаваць апошнія выспы свабоды ў сваёй краіне, захаваць элемэнтарную чалавечую годнасьць i рэпутацыю Беларусі за мяжою.

Я хачу сказаць усім ім, што Чэхія памятае пра іх у гэты цяжкі час і будзе працягваць іх падтрымліваць».

У звароце Ян Ліпаўскі зьвярнуўся да тэмы саўдзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны на баку Расеі.

«Беларуская зямля ўжо месяц выкарыстоўваецца ў неабгрунтаванай ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны. Гэта трэба яшчэ раз асудзіць як мага больш рашуча. Ведаю, што большасьць беларусаў з гэтым ня згодныя, і многія сьмела выказваюць свае погляды або нават падтрымліваюць украінцаў ня толькі на словах, але і на справе, за што рызыкуюць пакараньнем і нават жыцьцём. І за гэта яны заслугоўваюць нашай павагі. Я таксама ведаю, што большасьць беларусаў цярпяць пры рэжыме, які ўсталяваўся ў іх краіне амаль тры дзесяцігодзьдзі таму».

Таксама міністар замежных спраў Чэскай Рэспублікі заявіў, што яго краіна будзе па-ранейшаму змагацца за правы чалавека ў Беларусі і вызваленьне палітвязьняў:

«У Беларусі ўжо больш за 1100 палітвязьняў. Мы памятаем падобныя лічбы зь некаторых пэрыядаў камуністычнага таталітарызму ў Чэхаславаччыне. Сёньня многія беларусы адбываюць надзвычай працяглыя тэрміны зьняволеньня — да 20 гадоў. Іх трэба неадкладна вызваліць, у тым ліку Ігара Лосіка, з адважнай жонкай якога я сустракаўся ў сераду.

Чэхія стаіць на баку свабоды і дэмакратыі і будзе працягваць змагацца за правы чалавека i свабодныя выбары ў Беларусі», — заявіў міністар замежных спраў Чэскай Рэспублікі Ян Ліпаўскі ў сваім звароце да беларусаў з нагоды Дня Волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG