Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Менскі гарадзкі суд прызначыў разгляд скаргі асуджанага на 1,5 года журналіста Грузьдзіловіча на 10 траўня

Менскі гарадзкі суд прызначыў разгляд скаргі асуджанага на 1,5 года журналіста Грузьдзіловіча на 10 траўня


Алег Грузьдзіловіч на лаве падсудных, перад апошнім словам. Менск, 2 сакавіка
Алег Грузьдзіловіч на лаве падсудных, перад апошнім словам. Менск, 2 сакавіка

Суд Савецкага раёну Менску 3 сакавіка прысудзіў журналісту Радыё Свабода Алегу Грузьдзіловічу 1,5 года турмы. Асуджаны і адвакат абскардзілі вырак у гарадзкім судзе. Палітвязьня ўжо перавялі ў Магілёўскую турму нумар 4.

Як паведаміла Свабодзе Мар'яна Грузьдзіловіч, паседжаньне адбудзецца ў Менскім гарадзкім судзе 10 траўня аб 11-й гадзіне.

Раней жонцы стала вядома пра перавод Алега Грузьдзіловіча ў Магілёўскую турму нумар 4. 28 сакавіка дзяжурная ў магілёўскай турме пацьвердзіла жонцы Алега Грузьдзіловіча, што ён ужо ў іх.

3 сакавіка Алега Грузьдзіловіча асудзілі на 1,5 года калёніі. Яго абвінавацілі ў трох эпізодах удзелу ў нібыта масавых беспарадках падчас пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў 2020 году і гвалту. Таксама Грузьдзіловічу выставілі пазоў на 56 тысяч рублёў.

Адвакат Грузьдзіловіча на судзе заявіў, што лічыць абвінавачаньне неабгрунтаваным, бо ў дзеяньнях Грузьдзіловіча няма складу злачынства і яму павінен быць вынесены апраўдальны прысуд.

Перасьлед Алега Грузьдзіловіча

  • 16 ліпеня 2021 году сілавікі прыйшлі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, пазалетась пазбаўленага акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.
  • Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і зьмянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
  • Справу завялі за асьвятленьне Алегам Грузьдзіловічам аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як няштатны карэспандэнт «Народнай Волі», меў рэдакцыйнае заданьне. У 2020-м Алег Грузьдзіловіч адбыў 15 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у адным з маршаў, на якім працаваў як журналіст.
  • За кратамі цяпер таксама кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, і журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык, на якога заведзена крымінальная справа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG