Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамоўныя групы Ўкраіны і Расеі сустрэнуцца ў пачатку наступнага тыдня ў Турэччыне


Эвакуацыя мірных жыхароў з зоны ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне.
Эвакуацыя мірных жыхароў з зоны ваенных дзеяньняў ва Ўкраіне.

Пра гэта паведаміў сябра ўкраінскай дэлегацыі і кіраўнік парлямэнцкай фракцыі «Слугі Народу» Давід Арахамія.

Паводле hromadske.ua, Давід Арахамія паведаміў, што сустрэча павінна адбыцца 28-30 сакавіка. Пра гэта дамовіліся 27 сакавіка на чарговым раундзе перамоваў у відэафармаце.

Дэталі меркаванай сустрэчы дэпутат паабяцаў паведаміць пазьней.

26 сакавіка дарадца адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Міхаіл Падаляк, які ўдзельнічае ў перамоўным працэсе, расказаў, што на перамовах не абмяркоўваецца нэўтралітэт Украіны. Украінскі бок настойвае на сыстэме гарантый бясьпекі, у якую ўвойдуць краіны, якія гатовы прадставіць такія гарантыі.

Кіраўнік МЗС Дзьмітрый Кулеба таксама адзначаў, што Ўкраіна адпрэчвае патрабаваньні Расеі зрабіць расейскую мову другой дзяржаўнай. Ён адзначыў, што адзінай дзяржаўнай мовай ва Ўкраіне ёсьць і будзе ўкраінская.

Першыя раўнды перамоваў паміж прадстаўнікамі Ўкраіны і Расеі прайшлі на тэрыторыі Беларусі, паблізу мяжы з Украінай. Затым яны адбываліся ў відэафармаце.

Пакуль што адзіным канкрэтным вынікам перамоваў можна назваць арганізацыю гуманітарных калідораў для выхаду мірных жыхароў з узятых расейскім войскам у аблогу населеных пунктаў. Пры гэтым украінскі бок заяўляе, што расейцы далёка не заўсёды выконваюць дамоўленасьці, часта людзі трапляюць пад абстрэл альбо такія калідоры ўвогуле не адчыняюцца.

З моманту ўварваньня ва Ўкраіну расейскіх войскаў агульная колькасьць уцекачоў, паводле статыстыкі ААН, — 3 725 806 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG