Незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) была абвешчана 104 гады таму, 25 сакавіка 1918 году. Гэта адбылося ў Менску. І менавіта з сучаснай сталіцай Беларусі, а крыху пазьней з Горадняй, зьвязаныя асноўныя падзеі ў гісторыі БНР.
Вільня на той момант усё яшчэ заставалася часткай беларускага палітычнага і культурніцкага кантэксту. Тут жылі Антон Луцкевіч і Вацлаў Ластоўскі, які ўзначальвалі Раду народных міністраў БНР, а таксама іншыя прадстаўнікі беларускага руху.
Сёньня ў Вільні празь няспынныя рэпрэсіі на радзіме апынуліся дзясяткі тысяч беларусаў. Горад зноў адыгрывае важную ролю ў беларускай палітыцы, хоць і належыць іншай дзяржаве. Свабода прапануе чытачам невялікую прагулку па мясьцінах Вільні, зьвязаных з гісторыяй БНР.
Адрасы братоў Луцкевічаў
У гісторыі БНР браты Луцкевічы адыгралі адну з найважнейшых роляў. Луцкевіч былі сярод ініцыятараў абвяшчэньня незалежнасьці БНР у ноч на 25 сакавіка 1918 году. Антон нават напісаў праект Трэцяй устаўной граматы. Хоць тая паездка ў Менск моцна падарвала здароўе Івану, успамінаў потым Антон.
У будучыні Антон стане старшынёй Рады народных міністраў БНР, будзе фармаваць урад, весьці міжнародныя перамовы.
Дом, дзе жылі браты Луцкевічы ў Вільні, не захаваўся. Яны наймалі жыльлё на вуліцы Віленскай, 33 (сёньня праспэкт Гедыміна, 16). Там жа месьцілася і славутая бібліятэка Барыса Даніловіча «Веды».
Спачатку бібліятэка была ў доме па суседзтве (Гедыміна, 12). Першы паверх займала кавярня «Чырвоны Штраль», дзе частым госьцем быў Янка Купала.
Барыс Даніловіч вёў справу сумесна з Антонам Луцкевічам. У Першую сусьветную вайну прадпрымальніка мабілізавалі ў войска, у Вільню Даніловіч больш не вярнуўся, стаў жыць у Адэсе, а правы на бібліятэку аддаў Антону Луцкевічу. У доме захоўвалася і калекцыя Івана Луцкевіча, якая пазьней стане значнай часткай экспазыцыі Беларускага музэю.
Гэты дом быў цэнтрам беларускага жыцьця Вільні. Там бывалі Цётка, Максім Гарэцкі, мастацтвазнаўца Юльляна Вітан.
На Віленскай, 33 браты Луцкевічы жылі на момант абвяшчэньня незалежнасьці БНР. Адсюль хворы на сухоты Іван Луцкевіч адпраўляўся ў сваю апошнюю вандроўку на лячэньне ў Закапанэ. За савецкім часам на гэтым месцы быў рэстаран «Паланга», а цяпер узьведзены сучасны Novotel.
У 1920-х Луцкевіч кватараваў у доме на цяперашняй Vilniaus, 41, дзе таксама месьціўся Беларускі каапэратыўны банк і мноства іншых беларускіх установаў.
Базыльянскія муры і Беларуская гімназія
Былы ўніяцкі кляштар ордэна базыльянаў (больш вядомы як Базыльянскія муры) — паблізу ад Вострай Брамы. Гэты закутак старой Вільні стаў цэнтрам беларускага жыцьця гораду. Яшчэ ў 1900-я Іван Луцкевіч чытаў тут падпольныя лекцыі пра беларускае адраджэньне слухачам Віленскай праваслаўнай сэмінарыі. Дарэчы, яе канчаў у 1902 годзе будучы першы прэзыдэнт БНР Пятро Крачэўскі.
Але сапраўды беларускае жыцьцё тут стала віраваць пасьля заснаваньня Віленскай беларускай гімназіі, ідэя стварэньня якой належыць якраз Івану Луцкевічу. Адкрылася гімназія на самым пачатку 1919 году.
Менавіта ў Базыльянскіх мурах знаходзіўся і Віленскі беларускі музэй, аснову якога склала багатая калекцыя старасьвеччыны Івана Луцкевіча. Музэй адкрыўся ў 1921 годзе.
Браты Луцкевічы выкладалі ў гімназіі. Іван чытаў курс беларусазнаўства і краязнаўства, а Антон — беларускай мовы. Шмат гадоў выкладчыкам гісторыі ў гімназіі быў будучы старшыня Рады БНР на эміграцыі Вінцэнт Жук-Грышкевіч.
Сярод іншых знакавых выкладчыкаў гімназіі былі Францішак Аляхновіч, Максім Гарэцкі, Язэп Драздовіч, Барыс Кіт, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Адам Станкевіч, Рыгор Шырма і іншыя.
Дом Вацлава Ластоўскага
У Вільні пісьменьнік і этнограф Вацлаў Ластоўскі жыў з 1909 году. Ластоўскі актыўна ўдзельнічаў у стварэньні БНР. Ад 1919 да 1923 году быў кіраўніком кабінэту міністраў Народнай рады БНР.
У 1910 годзе Ластоўскі разам з жонкай Марыяй, літоўскай пісьменьніцай, якая разам зь сястрой пісала пад псэўданімам Лазьдзіну Пяледа, наймае кватэрку па адрасе Завальная, 7 (сёньня гэта Pylimo 5/1, на рагу з вуліцай Каліноўскага).
У тым жа доме была і рэдакцыя «Нашай Нівы», дзе Ластоўскі працаваў сакратаром.
Дачка Ластоўскіх Ганна так успамінала кватэрку на Завальнай: «Наша памяшканьне ў Вільні было маленькае, усяго з аднаго пакою, каторага вакно ўпіралася ў сьцяну супрацьлеглага дому. У кухні, якая зусім ня мела вакна, праз увесь дзень гарэла электрычнасьць. Наша памяшканьне было пры беларускай кнігарні. У кнігарні часткова зьмяшчалася й рэдакцыя беларускага часопіса „Наша Ніва“, у якой працаваў бацька. Пры кнігарні ў вялікім падвале быў склад кніжак, частка ляжала наўпрост на зямлі й яны часам замянялі крэслы. Пасярэдзіне стаяла невялічкая круглая печка, якую прапальвалі вечарамі ды грэлі на ёй гарбату».
У гэтай кватэрцы Ластоўскі зь сям’ёй пражыў да 1916 году. Тут жа спыняўся Максім Багдановіч, калі прыяжджаў у Вільню.
Цяпер у гэтым будынку гасьцявы дом. Правесьці ноч пад дахам, дзе жыў Ластоўскі і працавала «Наша Ніва», каштуе каля 30 эўра.
Кенатаф Луцкевічаў і могілкі Росы
Могілкі Росы, што недалёка ад Вострай Брамы, — унікальнае месца. Мабыць, няма іншага месца, дзе было б пахавана столькі асобаў, значных для беларускай гісторыі.
Менавіта ў капліцы на Росах у 2019 годзе былі перапахаваныя парэшткі кіраўніка паўстаньня 1863 году Кастуся Каліноўскага. Раней апошні прытулак тут знайшлі драматург Францішак Аляхновіч, ксёндз-паэт Казімер Сваяк, паэт Уладзіслаў Сыракомля, археоляг Яўстах Тышкевіч, літаратар Ядвігін Ш., сьвятар-гісторык Уладзіслаў Талочка, зьбіральнік фальклёру Ўладзіслаў Сівы-Сівіцкі (вядомы як «Стары Ўлас»), жывапісец Фадзей Дмахоўскі і іншыя.
Апроч рэальных пахаваньняў, на Росах можна знайсьці і кенатафы — гэта сымбалічныя пахаваньні, але без парэшткаў людзей. Самы вядомы такі помнік належыць братам Луцкевічам.
Справа ў тым, што абодва Луцкевічы памерлі далёка ад Вільні. Івана ня стала ў 1919 годзе на польскім курорце Закапанэ. Там жа яго і пахавалі. У 1960-я магіла Івана зьнікла з афіцыйнага рэестру. На пачатку 1990-х гісторык зь Беластоку Алег Латышонак знайшоў месца апошняга прытулку Івана Луцкевіча, але там было ўжо іншае пахаваньне. Таму ён зьняў грунт з магілы, а ў Вільні адбылося сымбалічнае ўрачыстае перапахаваньне. Антон Луцкевіч памёр у 1942 годзе ў лягеры расейскага гораду Аткарску, што ў Саратаўскай вобласьці. Дакладнага месца пахаваньня ня ведае ніхто.
Пры кенатафе Луцкевічаў былі пахаваныя таксама Антонаў сын Лявон і ягоная жонка Галіна Войцік (дачка паэткі Зоські Верас).
Мясьціны Лявона Вітан-Дубейкаўскага
Зь Вільняй таксама зьвязанае жыцьцё галоўнага архітэктара БНР Лявона Вітан-Дубейкаўскага. Гэты ўраджэнец Мсьціслаўскага павету вучыўся архітэктурнай справе ў Варшаве, Пецярбургу і Парыжы. Яго называюць адным з заснавальнікаў беларускага мадэрну ў дойлідзтве.
Вітан-Дубейкаўскі быў удзельнікам Беларускага нацыянальнага камітэту ў Менску ў 1917 годзе. А ў чэрвені 1918 году прызначаны галоўным архітэктарам БНР, распрацоўваў узоры дзяржаўных узнагарод. У 1919-м Антон Луцкевіч прызначыў Вітан-Дубейкаўскага консулам БНР у Польшчы.
У Вільню архітэктар пераехаў у 1922 годзе. Невялікі квартальчык з двухпавярховых будынкаў, які пабудаваў Вітан-Дубейкаўскі, можна ўбачыць адразу за гімназіяй імя Мікалоюса Чурлёніса па вуліцы Касьцюшкі. Паводле праекту Вітан-Дубейкаўскага пабудаваны дом па вуліцы Maironio, 13, побач з касьцёлам Сьвятой Ганны, дзе жыў кампазытар і дырыжор Рыгор Шырма.
Памёр Вітан-Дубейкаўскі ў 1940 годзе ад раку страўніка, пахаваны на Росах, дзе сёньня можна адведаць ягоную магілу.