Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Портнікаў: Украінцаў выратуе ад новага Гітлера толькі крушэньне новага Рэйха і сьмерць фюрэра, а не дамова зь ім


Віталь Портнікаў
Віталь Портнікаў

Пасьля чарговага выступу Ўладзіміра Зяленскага большая частка маіх суайчыньнікаў зноў пачне абмяркоўваць, на якіх умовах можна скончыць вайну, ці мэтазгодна замяніць пэрспэктыву эўраатлянтычнай інтэграцыі якімі-небудзь іншымі гарантыямі бясьпекі, ці можна ахвяраваць тэрыторыямі, пры чым тут рэфэрэндум і ці можна яго праводзіць падчас вайны...

Піша ўкраінскі публіцыст Віталь Портнікаў.

Я выдатна разумею ўладу, якая хоча хутчэй скончыць гэтую жахлівую вайну. Я цудоўна разумею кожнага палітыка, які хоча захаваць свае пэрспэктывы на будучыню. Я цудоўна разумею кожнага ўкраінца, які хоча вярнуцца да мірнага жыцьця. Жадае, каб яго дзеці вярнуліся да мірнага жыцьця.

Але я не прадстаўнік улады, не палітык, які задумваецца пра пэрспэктывы, я нават не этнічны ўкраінец. Таму я мушу гаварыць пра рэальнасьць.

Падчас Другой Сусьветнай вайны габрэі таксама думалі, як выжыць пад Гітлерам. Гэта натуральна. Хтосьці спадзяваўся, што гітлераўцы проста пераселяць яго зь сям’ёй у іншае месца — і забудуцца. Хтосьці думаў, што ён увогуле не габрэй, таму што нават яго бацькі ўжо былі не юдэямі, а хрысьціянамі — які ён габрэй! А нехта нават спадзяваўся, што ад сьмерці яго ўратуе супрацоўніцтва з забойцамі: калі ён сам стане ўдзельнікам зьнішчэньня ўласных суайчыньнікаў, яго ня будуць чапаць.

Згарэлі ўсе. Усе, да каго фюрэр мог дацягнуцца. Бо калі прымаецца рашэньне аб канчатковым рашэньні пытаньня, забіваюць кожнага — і таго, хто пярэчыць, і супрацоўнічае, і таго, хто ходзіць у сынагогу, і таго, хто наведвае царкву. Нават тых, каму падабаецца сама ідэалёгія фюрэра — забіваюць таксама. Можа, напрыканцы, але забіваюць.

Цяпер украінцы абсалютна ў такой жа сытуацыі — хоць многія тут і ў сьвеце гэтага не ўсьведамляюць, не жадаюць усьведамляць, як не жадалі ўсьведамляць у цёмныя гады Галакосту. Гаворка ідзе аб канчатковым рашэньні ўкраінскага пытаньня. Зьнішчаць усіх, да каго дацягнуцца. Мне не дапаможа тое, што я габрэй — таго, што я пішу гэтыя радкі на ўкраінскай мове і прызнаю сам факт існаваньня ўкраінскай нацыі, дастаткова для таго, каб я перастаў існаваць. Ніякаму «рускамоўнаму ўкраінцу» не дапаможа тое, што ён хоча і далей размаўляць на адной мове з Пуціным — самога факту таго, што ён лічыць сябе ўкраінцам і прызнае права іншых мець зносіны на ўкраінскай, ужо дастаткова. Заўважце: мабілізаваных з акупаванага Данбасу зараз гоняць перад рускай салдатнёй, выкарыстоўваюць як гарматнае мяса для палягчэньня баявых задач «сапраўдных арыйцаў». І нікога не цікавіць, ці хацелі гэтыя людзі жыць ва Ўкраіне, ці спадзяваліся, што Пуцін забярэ Данбас. А ўкраінскія грамадзяне ў Расеі — тыя, хто сьвядома абраў жыцьцё ў Расеі ўжо пасьля нападу ў 2014 годзе і думаў, што іх будуць лічыць сваімі? Чаму іх зараз арыштоўваюць, падазраюць, даводзяць да самагубства?

Падчас канчатковага рашэньня ніякія тактыкі ратаваньня не спрацоўваюць. Апошнім загіне нават не Медзьвядчук. Апошняй загіне Валя Матвіенка са сваім дурным пэрманэнтам — таму што Пуцін такі ўспомніць, што яна з Шапятоўкі.

Дык што рабіць? Вы ўжо ведаеце. Ня жыць у ілюзіях. Ніякіх дамоўленасьцяў з Пуціным ня будзе, а калі будуць — дык будуць часовымі. Габрэяў выратаваў ад Гітлера ня пошук угавораў. Габрэяў выратавала ад Гітлера крушэньне Рэйху і гібель фюрэра. Толькі таму я маю фізычную магчымасьць вам гэта тлумачыць. Толькі таму. Але перад гэтым загінула палова маёй сямʼі, якая сьпіць у страшных ярах па ўсёй Украіне і на палях бітваў. Гэта цана за тое, што я магу гэта пісаць, за тое, што я магу проста дыхаць.

Украінцаў выратуе ад новага Гітлера толькі крушэньне новага Рэйху і сьмерць фюрэра. Украінцы ўжо зрабілі для гэтага больш, чым маглі. І нас падтрымлівае сьвет. Мы не дамовімся, мы не прагаласуем на рэфэрэндуме за невядома што. Мы проста пераможам, хоць і горкім коштам. Салёным коштам. Пераможам разам.

Вось чаму я так шаную падзьвіжніцтва кожнага, хто сёньня абараняе Ўкраіну на фронце і ў тыле. Хто дазваляе мне казаць вам гэтую неабходную ісьціну. Падзьвіжніцтва салдата, чальца тэрабароны, валянтэра. Падзьвіжніцтва кожнай маці, якая ратуе сваіх малых. Падзьвіжніцтва кожнага сына, кожнай дачкі, якая ратуе сваіх бацькоў. І Ўкраіну — гэта самае важнае.

Змагайцеся — пераможаце, вам дапамагае Бог. І беражыце ўкраінскіх дзяцей.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG