Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка палітвязьняў: Вольгу Класкоўскую этапавалі ў калёнію


Вольга Класкоўская
Вольга Класкоўская

У Беларусі працягваецца перасьлед праціўнікаў дзейнага палітычнага рэжыму. Па стане на 20 сакавіка ў краіне 1094 палітвязьні.

Вольгу Класкоўскую вярнулі ў калёнію

Палітзьняволеную Вольгу Класкоўскую вярнулі са сьледчага ізалятару № 7 у Берасьці ў гомельскую жаночую калёнію № 4, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна». Паводле інфармацыі праваабаронцаў, жанчыну перавялі ў калёнію празь некалькі дзён пасьля таго, як Берасьцейскі абласны суд 14 сакавіка не задаволіў яе апэляцыйную скаргу на абвінаваўчы прысуд суду Маскоўскага раёну Берасьця.

22 сьнежня 2020 году суд Ленінскага раёну Менску прыгаварыў былую журналістку недзяржаўнай газэты «Народная воля» да 2 гадоў пазбаўленьня волі паводле ч. 1 арт. 342 КК (дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) — за «перакрыцьцё руху транспарту на скрыжаваньні праспэкту Ракасоўскага і вуліцы Пляханава» ўвечары 13 кастрычніка таго ж году. Палітзьняволеную адправілі адбываць пакараньне ў гомельскую жаночую калёнію № 4. У канцы 2021 году яе перавялі ў СІЗА № 7 Берасьця як падазраваную ў новай крымінальнай справе.

20 студзеня 2022 году суд Маскоўскага раёну Берасьця прызнаў яе вінаватай паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) — за камэнтар у інтэрнэце ў адрас міліцыянта, напісаны яшчэ да арышту. Ёй прысудзілі 1,5 года «хатняй хіміі».

Шляхам аб’яднаньня тэрмінаў Класкоўскую канчаткова прыгаварылі да 2,5 году калёніі строгага рэжыму.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG