Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн папярэдзіў Сі аб наступствах, калі Кітай падтрымае Расею


Відэагутарка прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна і старшыні КНР Сі Цзіньпіна
Відэагутарка прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна і старшыні КНР Сі Цзіньпіна

Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падчас сёньняшніх перамоваў са старшынём КНР Сі Цзіньпінам заявіў, што Кітай сутыкнецца з наступствамі ня толькі з боку Злучаных Штатаў, але і ад усяго сьвету, калі Пэкін прапануе матэрыяльную падтрымку Расеі ў вайне ва Ўкраіне.

Пра гэта паведаміў агенцтву Reuters высокапастаўлены прадстаўнік адміністрацыі ЗША.

Гэты чыноўнік, інфармуючы журналістаў пра амаль двухгадзінную тэлефонную размову Байдэна зь Сі, сказаў, што размова паміж двума лідэрамі «была прамая і падрабязная».

«Мы паглядзім, якія рашэньні прыме Кітай у бліжэйшыя дні і тыдні», — сказаў чыноўнік.

Старшыня Сі заявіў у пятніцу прэзыдэнту Байдэну, што пытаньне Тайваня неабходна вырашаць належным чынам, каб пазьбегнуць нэгатыўнага ўплыву на кітайска-амэрыканскія адносіны, паведамляюць кітайскія СМІ.

Кітай заяўляе, што Тайвань, які ён разглядае як правінцыю, якая адкалолася і якую трэба вярнуць, нават сілай, калі гэта неабходна, — найбольш адчувальнае і важнае пытаньне ў яго адносінах са Злучанымі Штатамі.

«Некаторыя людзі ў Злучаных Штатах пасылаюць няправільныя сыгналы сілам, якія выступаюць за незалежнасьць Тайваня, і гэта вельмі небясьпечна, — сказаў Сі Байдэну падчас відэагутаркі. — Калі пытаньне Тайваня ня будзе вырашанае належным чынам, гэта акажа кепскі ўплыў на адносіны паміж дзьвюма краінамі».

Сёньня за некалькі гадзін перад пачаткам перамоваў лідэраў ЗША і Кітаю авіяносец КНР праплыў па Тайваньскай пратоцы непадалёк ад амэрыканскага эсьмінца.

У заяве Белага дому гаворыцца, што ў размове зь Сі Байдэн паўтарыў, што палітыка ЗША ў дачыненьні да Тайваня не зьмянілася, і падкрэсьліў, што Вашынгтон «працягвае выступаць супраць любых аднабаковых зьменаў status quo».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG